мобильная версия
Прамень

Калі дзень нараджэння Стоўбцаў?

Нумар - №176-177    Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына

14.09.2011

Фотография 1
Фотография 2

Час узнікнення горада Стоўбцы - пытанне дагэтуль дакладна не высветленае. Айчынная гістарычная літаратура падае на гэты конт розныя звесткі: 1500 год, 1511, першая трэць, палова ХVІ стагоддзя і нарэшце - 20 чэрвеня 1593 года.

Вядомы населены пункт, гандлёвае мястэчка Вялікага княства Літоўскага, належаў магнатам Слушкам, затым Радзівілам, Дэнгофам, Чартарыйскім. У архіўных дакументах пазначаны як Стоўпцы, Стаўпцы, Столбцы, Столпце, Stolpze (польскае арфаграфічнае напісанне).

Стоўбцы маюць вельмі зручнае геаграфічнае размяшчэнне. З глыбокай старажытнасці людзі сяліліся па берагах рэк і азёр. І ў наваколлі цяперашніх Стоўбцаў, на беразе Нёмана археолагі знайшлі стаянкі чалавека эпохі мезаліту (5 тысяч гадоў да новай эры), стаянкі неаліту (3 тыс. г. да н. э.), ранняга і сярэдняга бронзавага веку (сярэдзіна і пачатак 2-га тысячагоддзя да н. э.). Вядома, гэтыя стаянкі ніяк не атаясамліваліся з сённяшняй назвай горада. А калі ж менавіта гэтая назва з'явілася ўпершыню?

Першая дата - 1500 год - аўтарам гэтага даследавання ўзята з фундаментальнай працы "Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении». Нарыс «Исторические судьбы белорусского Полесья» змешчаны ў т. 3 ч. 2 кнігі гэтага энцыклапедычнага выдання, выпушчанага ў Санкт-Пецярбургу ў 1882 годзе. Аўтарам нарыса з'яўляецца знакаміты беларускі, польскі і рускі гісторык, археолаг, этнограф А. К. Кіркор. Ён сцвярджае, што ў 1500 годзе знікае апошні цень удзельнай сістэмы. Скасоўваюцца самыя тытулы княстваў і замест іх усталёўваюцца ваяводствы. У адно з зацверджаных шасці ваяводстваў - Навагародскае (Навагрудскае) ўвайшлі разам з населенымі пунктамі Навагрудак, Нясвіж, Любча, Мір, Карэлічы, Клецк, Слонім, Жыро-вічы, Слуцк, Капыль і Стоўбцы (у нарысе аўтар называе іх - Столпце).

Але з гэтым не згаджаюцца сучасныя даследчыкі. "Беларуская энцыклапедыя" (Мн., 2000 г., т. 2, ст. 92) указвае, што Навагрудскае ваяводства як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Вялікага княства Літоўскага была ўтворана ў студзені 1507 года. Напачатку тэрыторыя ваяводства фактычна адпавядала тэрыторыі Навагрудскага павета. А па звестках 1565 года яно ўжо складалася з паветаў Ваўкавыскага, Навагрудскага і Слонімскага. 9 гарадоў і мястэчак ваяводства мелі Магдэбургскае права: Ваўкавыск, Капыль. Любча, Мір, Навагрудак, Нясвіж, Ружаны, Слонім, Слуцк.

Як бачна, Стоўбцы ў складзе Навагрудскага ваяводства ні ў 1507, ні ў 1565 гадах не значацца. Няма іх і на карце Навагрудскага павета канца ХVІ стагоддзя, хаця другія паселішчы, як Залужжа, Свержань, Мікалаеўшчына, Атцэда, Гавязна, Падзерычы, Жацерава, Ячна (Ячнае), Аталезь, Засулле, Гуменаўшчына, Рубяжэвічы, Дзераўная, Тонава, Хатава, Налібакі, Рудня тут пазначаны.

Не знойдзем Стоўбцы і на карце канца ХVІ стагоддзя, складзенай гісторыкам М. Ф. Спірыдонавым, на Радзівілаўскай карце 1613 года. Аднак ці значыць гэта, што ў ХVІ стагоддзі Стоўбцы не існавалі?

Як сцвярджае гісторык А. Ельскі ў "Геаграфічным слоўніку Польскага каралеўства і іншых славянскіх краін", выдадзеным у Варшаве ў 1886 годзе, Стоўбцы значацца ў дакументах з таго часу, калі яны сталі ўладаннем Гальшкі Кміцянкі з роду Храптовічаў, якая ўступіла ў шлюб з Мікалаем Слушкам, крычаўскім старастам. Слушкі, канстатуе даследчык, валодалі Стаўпеччынай у першай палове ХVІ стагоддзя, іх змянілі Дэнгофы, а ў 1582 годзе Мікалай Крыштаф Радзівіл (Сіротка) набыў гэты край і далучыў яго к дамену Свержань. Пасля Радзівілаў Стоўбцы перайшлі ў пасаг князёў Чартарыйскіх і заставаліся ў іх да 1831 года.

Тут, дарэчы, можна прывесці меркаванне выдатнага польскага і беларускага пісьменніка ХІХ стагоддзя Уладзіслава Сыракомлі, знакамітага знаўцы Нёманскага рэгіёна, які з вясны 1844 года арандаваў фальварак Залуча. У "Вандроўках па маіх былых ваколіцах", выдадзеных у Вільні ў 1853 годзе, ён пісаў: "Мы вельмі сумняваемся, што яно (мястэчка Стоўбцы) магло быць заснавана раней, чым у другой палове ХVІ стагоддзя. Бо цытаваны намі прывілей Жыгімонта І Храптовічу на Свержань замацаваў за ім абодва берагі Нёмана, прычым Стоўбцы там нават не ўпамінаюцца, - сведчанне таго, што яны яшчэ не існавалі".

Другая дата - 1511 год - запазычана некаторымі беларускімі гісторыкамі і краязнаўцамі з навукова-папулярнай працы "Кнігі і людзі" вядомага беларускага літаратуразнаўца, даследчыка Сцяпана Александровіча. Разглядаючы тэму навучання студэнтаў у Кракаўскім універсітэце, выхадцаў з Вялікага княства Літоўскага, у 1511 годзе ён пісаў, што траплялі людзі ва ўніверсітэт не толькі з гарадоў і мястэчак, а нават і з глухіх вёсак, у тым ліку з вёскі Ліпа з-пад Стоўбцаў. Інфармацыя, пададзеная даследчыкам, грунтуецца на спісах студэнцкага і выкладчыцкага складу Кракаўскага ўніверсітэта, якія захаваліся ў архіве гэтай славутай навучальнай установы.

Аднак, як сцвярджае ў сваёй працы Андрэй Латушкін, кандыдат гістарычных навук, выкладчык Белдзяржуніверсітэта, які спецыяльна займаўся вывучэннем гісторыі заснавання нашага райцэнтра, такога месца як Стоўбцы там не значыцца. У тэксце пад гэтым годам сапраўды ўказаны студэнты з населеных пунктаў, назва якіх падобна да "Ліпы" - "Jonn de Lupnyc", "Felix de Lipnicza" (на лацінскай мове). Але такая лакалізацыя, як даводзіць гісторык, не больш, чым уласнае дапушчэнне С. Александровіча, яна ніяк ім не абгрунтоўваецца. Самі ж Стоўбцы ўзгаданы ў яго працы толькі ўскосна і іх злучэнне з датай "1511" - не больш, чым адвольная інтэрпрэтацыя інфармацыі пазнейшымі аўтарамі. Дабавім, што стаўбчанін Аркадзь Змачынскі пасылаў запыт у Кракаўскі ўніверсітэт. У адказе не была пацверджана сувязь данага факта з нашымі Стоўбцамі.

Разгледзім іншыя версіі наконт даты заснавання Стоўбцаў. Так, у кнізе "Праваднік па Літве і Беларусі", выдадзенай у Вільні ў 1912 годзе, сцвярджаецца, што ў першай трэці ХVІ стагоддзя маёнтак Стоўбцы з цэнтрам-сядзібай Кавалеўшчына належаў Мікалаю Слушку, у 1582 годзе маёнтак, які перайшоў да Мікалая Крыштафа Радзівіла, быў адміністрацыйна прывязаны да Новага Свержаня.

Версію існавання Стоўбцаў у першай трэці ХVІ стагоддзя падтрымліваў і кандыдат гістарычных навук Валерый Шаблюк. Ён нагадаў адзін цікавы дакумент, які датуецца 1568 годам. У ім пры апісанні маёнтка Кавалеўшчына называецца "Стадола ўездная над Нёманам" (карчма), якую трымаў Ілья Случанін. Корчмы звычайна будаваліся ля рэк, у тых месцах, дзе існавалі пераправы, бо ў такім разе яны прыносілі сталы прыбытак. Магчыма, разважае гісторык, ад гэтай карчмы на Нёмане і бярэ свой пачатак гісторыя сучасных Стоўбцаў.

Беларускія аўтары У. Малішэўскі і П. Пабока сцвярджаюць у сваёй кнізе "Нашы гарады", выпушчанай у выдавецтве "Народная асвета" ў 1991 годзе, што Стоўбцы вядомы з першай паловы ХVІ стагоддзя як гандлёвае мястэчка.

Не знойдзе чытач дакладнай даты заснавання Стоўбцаў і ў кнізе "Городские поселения в Российской империи», свайго роду энцыклапедыі па гісторыі гарадоў і мястэчак Расійскай дзяржавы, выдадзенай у Санкт-Пецярбургу ў 1863 годзе. У ёй паведамляецца, што мястэчка Стоўбцы вядома з ХVІ стагоддзя.

Ісціну немагчыма ўстанавіць? Вядома, можна. Грунтоўнае даследаванне па гісторыі нашага горада правёў ужо ўпамянуты ў артыкуле раней гісторык Андрэй Латушкін. Ён, апіраючыся на дакументальныя крыніцы Расійскага дзяржаўнага архіву, даследаванне старажытных актаў, асабліва Літоўскай метрыкі - матэрыялы канцылярыі Вялікага княства Літоўскага, Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве, склаў падрабязную гісторыю заснавання горада Стоўбцы.

Як сцвярджае вучоны, Стоўбцы ад пачатку сваёй фіксацыі ў гістарычных крыніцах (па яго звестках гэта 1623 год) выступаюць як прыватнае мястэчка роду Слушкаў. Тады яно ўваходзіла ў склад вялікага маёнтка Аляксандра Слушкі (гады жыцця прыкладна 1580 - 1647). Маёнтак размяшчаўся на правым беразе Нёмана, у Менскім (Мінскім) павеце і межаваў са свержанскімі ўладаннямі Радзівілаў. Згодна з Інвентаром мястэчка Стоўбцы ад 15 жніўня 1664 г., сюды таксама ўваходзілі вёскі Пазнялёўшчына (магчыма Кісялёўшчына), Ячна (Ячнае), Баханы, Слабада, Стэцкі (Сцяцкі), Заямна (Заямнае), Лабкі (Лапкі), Апечкі. Цэнтрам маёнтка і рэзідэнцыяй Слушкаў быў двор Кавалеўшчына. У Нацыянальным дзяржаўным архіве Беларусі захаваліся малюнак і апісанне сядзібнага дома ў двары Кавалеўшчына, як мяркуецца, часу Аляксандра Слушкі. Дом быў драўляны, на каменным падмурку, дах крыты гонтай. На першым паверсе знаходзіліся сталовы пакой, кабінет, камора і іншыя памяшканні, яшчэ адзін пакой быў на другім паверсе.

Слушкі завалодалі гэтым маёнткам у 1582 годзе ў выніку абмену на яго ў Мікалая Крыштофа Радзівіла сваіх зямель на левым беразе Нёмана ў Навагрудскім павеце, з цэнтрам у Жацераве. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што першапачаткова і адзін, і другі маёнткі ўваходзілі ў склад старажытнага больш буйнога ўладання - Свержаня, вядомага з ХV стагоддзя.

Згодна з інвентарнымі апісаннямі, знойдзенымі ў архівах, маёнтак Свержань складаўся з мястэчка пад такой жа назвай (у некаторых дакументах, на старабеларускай мове - Свірна), сёлаў Залужжа, Магілянка (Магільна), Крупічы, Забалоцце, Любна (Любча), палаца Кавалеўшчына і іншых. Тэрыторыя маёнтка ахоплівала абшары ўздоўж берагоў ракі Нёман прыблізна ад вёскі Магільна і да Аталезі. Размяшчалася яна адразу ў двух паветах - Навагрудскім і Мінскім, Нёман выступаў прыроднай мяжой паміж імі.

Упершыню Свержань упамінаецца ў грамаце Вялікага князя Літоўскага Вітаўта, па якой ён у 1428 годзе падарыў гэта ўладанне сваёй жонцы Ульяне. Згадку аб Свержані мы знаходзім і ў прывілеі князя Літоўскага Казіміра ад 1482 года, дадзеным нейкаму Есіпу Дзмітраву на сяло, што трымаў нябожчык, пан Герман, гараднічы Віленскі, у Свержанскім павеце на Жацераве з усім, што здаўна к таму служыць" (тэкст па Літоўскай метрыцы).

Андрэй Латушкін дакументальна прасачыў гісторыю ўладальнікаў маёнтка і навакольных наднёманскіх тэрыторый. Прыгадваюцца імёны Яна Храптовіча, прадстаўнікоў родаў Осцікаў і Врэлеўскіх, Астафія Валовіча, Кмітаў… З 70-х гадоў XVI стагоддзя ў якасці гаспадароў фігурыруюць ужо знакамітыя імёны Радзівілаў.

Ва ўласнасці Мікалая Крыштафа Радзівіла да 1580 года знаходзіўся амаль увесь старадаўні маёнтак Свержань, чацвёртая частка гэтай тэрыторыі засталася за Мікалаем Слушкам. Свержанскія землі былі раскіданы па абодвух берагах Нёмана. Цэнтрам радзівілаўскага маёнтка быў замак Свержна, а цэнтрам слушкаўскай часткі з'яўляўся двор Жацераўскі ў Навагрудскім павеце. Цераспалоснае размяшчэнне земляў абодвух уласнікаў перашкаджала эфектыўнаму вядзенню гаспадаркі. Таму 31 сакавіка 1581 года жонка Мікалая Слушкі Гальшка Кміцянка, якая таксама мела права спадчыннасці на частку гэтых земляў, і Мікалай Крыштаф Радзівіл выдалі адно аднаму лісты. Паводле іх вызначаўся тэрмін абмену землямі і вёскамі - свята Трох Каралёў па рымскім календары ў 1582 годзе.

Згодна з пагадненнем Кміцянка саступала Радзівілу двор Жацераўскі са сваёй чацвёртай часткай у мястэчку Свержань і сёламі ў Навагрудскім павеце, а той павінен быў саступіць ёй сёлы і землі свайго Свержанскага маёнтка за ракой Нёман у Менскім павеце: Аталезь, Тулёнку, Апечкі, сялко Панямонь, стаў (заставу) з мукамольным і лесапільным млынамі, перавоз на рацэ Нёман каля Жукавага Барка.

Панарама з касцёла св. Казіміра на вуліцу Пілсудскага і царкву. Здымак зроблены ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя. Аўтарскі почырк з некаторай верагоднасцю ўказвае на знакамітага беларускага фатографа і этнографа Яна Булгака, які здымаў тагачасныя Стоўбцы. Рэдакцыя ўдзячна стаўбчанцы Лідзіі Адамовіч за прадастаўленую для публікацыі цікавую фотарэпрадукцыю.

Пасля сканчэння валочнай памеры ў маёнтку Свержань і параўнання плошчы замененых частак абодва бакі абяцалі дадаць адзін аднаму колькасць зямлі, якой ім не хапала - або Кміцянка Радзівілу са свайго "занёманскага" маёнтка, або Радзівіл Кміцянцы за Нёманам землі Плячышцкія, Заямнаўскія і Сцяцкоўскія. Таксама Радзівіл абавязаўся Кміцянцы ўзамен за атрыманыя будынкі ў двары Жацерава падвезці туды, дзе яна прызначыць месца для будавання новага двара, дрэва з Аталезскай і Апечкаўскай пушчаў, цэглу і вапну. Дадаткова Радзівіл выдаў Кміцянцы ліст аб прызначэнні тэрміну вывазу яе маёмасці з Жацераўскага двара - дзень святога Марціна ў 1582 годзе.

На дзень Трох каралёў, 6 студзеня 1582 года, зацікаўленыя бакі з'ехаліся да двара Жацерава і Навагародскі вознік Станіслаў Фядзьковіч здзейсніў афіцыйную падачу ва ўласнасць Радзівілу, праз яго давераную асобу і служэбніка Марціна Тхарэўскага, навагародскай часткі маёнтка Свержань, якая належала Гальшцы Кміцянцы. Існаваў таксама і дакумент аб аналагічнай перадачы для Кміцянкі ад Радзівіла яго менскай часткі маёнтка.

Вясной 1582 года было скончана абмеркаванне і адмежаванне абменных частак маёнтка Свержань. 1 мая таго ж года Кміцянка з Радзівілам абмяняліся лістамі з вызначэннем межаў кожнай часткі. У архіве захаваліся экземпляры, выдадзеныя Кміцянкай Радзівілу. У дакуменце згадваецца, што Кміцянка да "сваіх двароў Плячышцкага і Заямскага"  атрымлівала вымераных 485 валок зямлі, як "сваіх атчызных, так і радзівілаўскай менскай часткі маёнтка Свержань, а менавіта ад яго Залускага маёнтка ў Апечках", акрамя яго аталезскіх і атцэдскіх земляў. У Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі захоўваецца апісанне межаў гэтых яе земляў. Прыгадваюцца землі каля Нёмана, Сулы, Ячанкі.

У сваю чаргу Кміцянка саступіла Радзівілу ўсю сваю частку Свержанскага маёнтка, што ляжала ў Навагародскім павеце, разам з дваром Жацерава і чацвёртай часткай мястэчка Свержань, а таксама кавалкі айчынных земляў у Менскім павеце.

Мікалай Крыштаф Радзівіл і надалей працягваў збываць маёнткі на правым беразе Нёмана з мэтай пашырэння сваіх уладанняў на Навагародчыне. Так, у ліпені 1586 года ён абмяняў яшчэ адну частку свайго Свержанскага маёнтка ў Менскім павеце - Арцюхі, Атцэду - на ўладанні Міткевіча ў Навагародскім павеце. Прытым ішоў на нераўнамерны, сабе ва ўбытак, абмен, толькі б узбуйніць і акругліць уладанні на Навагародчыне. У архіўных лістах прыгадваецца, да слова, невялікае валоданне Мацвея Кучкуна. Згаданы чалавек, відаць, быў заснавальнікам сучасных Кучкуноў, год заснавання паселішча, можна лічыць, - 1586-ы.

Такім чынам мы прасачылі гісторыю Стаўбцоўскага рэгіёна да моманту авалодання ім родам Слушкаў, якія ў выніку здзелкі з Радзівілам атрымалі абсягі на правым беразе Нёмана ў чатырохкутніку Свержань (левабярэжны) - Аталезь - Засулле - Атцэда. Аднак жа ні ў адным з тагачасных вядомых сёння дакументаў не значыцца населены пункт з назвай Стоўбцы. Гэта ж адзначыў і У. Сыракомля ў "Вандроўках па маіх былых мясцінах". Дык былі тады Стоўбцы ці не былі?

Улічваючы ўсё гэта, А. М. Латушкін робіць вывад, што гісторыя часткі маёнтка Свержань, якой завалодалі Слушкі ў 1582 годзе, з'яўляецца перадгісторыяй горада Стоўбцы.

Слушкі пасля атрымання зямель на правым беразе Нёмана, развіваючы свае ўладанні, заклалі там мястэчка, добра ўжо вядомае з ХVІІ стагоддзя як Стоўбцы. Пацвярджэнне таго, што яно з'яўляецца менавіта новазакладзеным, заснаваным Слушкамі, выяўлена ў дакументах судовага працэсу, які распачаўся ў 1632 годзе паміж каштальянам жамойцкім Аляксандрам Слушкам і яго суседам, канцлерам ВКЛ, каштальянам троцкім, нясвіжскім ардынатам Альбрыхтам Уладзіславам Радзівілам.

Справа ў сваёй аснове датычыла перасячэння эканамічных інтарэсаў Радзівілаў і Слушкаў на свержаншчыне і ў панямонні ўвогуле. Кожны з бакоў меў свае мястэчкі, першыя - Свержань на левым беразе Нёмана, другія - Стоўбцы на правым. Адлегласць паміж імі, самі ведаем, была мізэрная, што выклікала моцнае саперніцтва ў гандлі і ў партовай справе, бо са Свержаня і Стоўбцаў пачынаўся Балтыйскі шлях рачнога перамяшчэння грузаў у Заходнюю Еўропу.

Да канца ХVІ стагоддзя заходні напрамак знешняга гандлю Вялікага княства Літоўскага становіцца пануючым. Нёман пераўтвараецца ў важнейшую гандлёвую артэрыю для ўсёй краіны, а мястэчкі Свержань і Стоўбцы становяцца  важнейшымі партамі на Балтыйскім шляху. Экспартавалася адгэтуль у асноўным сыравіна: лес, паташ, воск, скуры, збожжа і іншыя харчовыя тавары. Грузы па рацэ перавозіліся на спецыяльных суднах - віцінах. Памеры іх раўняліся 40-50 метраў у даўжыню і 6-7 метраў у шырыню. Вырабляліся яны з дубу. Судна падзялялася на тры асноўныя часткі: пярэднюю, дзе размяшчаліся слугі і кухня, цэнтральную, дзе складзіраваліся тавары, і кармавую - там размяшчаўся пакой уладальніка віціны. Грузападымальнасць   віцін  дасягала 10 000 пудоў (1 пуд=16,3 кілаграма). Здалёк тавары завозіліся да складоў у Свержані і ў Стоўбцах.

Аб'ектам спрэчкі выступіў паром праз Нёман і гасцінец на Стоўбцы. Паколькі левы бок ракі належаў Радзівілам, то прычальваць можна было толькі з іх згоды. А яе відавочна не было. Такім чынам, грузы і людзі са стаўбцоўскага боку, уладання Слушкаў, перамяшчаліся як бы незаконна. 13 мая 1632 года, у "дзень торгу" ў Стоўбцах па загадзе князя Радзівіла паром быў знішчаны, шлях на Стоўбцы са Свержаня перакапаны, любое перамяшчэнне ў бок Стоўбцаў было заблакіравана войскамі князя пад пагрозай выкарыстання зброі. Радзівілаўскае войска адмаўлялася кантактаваць з павятовымі і ваяводскімі ўладамі, выкліканымі на месца канфлікту, паводзіла сябе ў адносінах да іх агрэсіўна. З боку Слушкі меліся пацярпеўшыя. У далейшым Радзівіл загадаў перанесці дзень кірмашу ў Свержані з нядзелі на сераду, што фактычна зрывала стаўбцоўскі кірмаш, які прыпадаў на чацвер. Князь загадаў таксама пабудаваць альтэрнатыўны новы перавоз за сваім мястэчкам Свержань.

Аляксандр Слушка падаў на Радзівіла ў суд. Справа дайшла да Галоўнага трыбунала ВКЛ. У судах бок Радзівілаў заяўляў, што выкарыстанне Слушкам перавозу незаконнае, паколькі пры гэтым парушаюцца межы яго ўладанняў. Слушка спасылаўся на згаданае раней пагадненне 1582 года паміж М. К. Радзівілам і Г. Кміцянкай, а таксама на даўнасць валодання ім стаўбцоўскім перавозам.

У выніку разбіральніцтва, якое цягнулася да 1633 года, было ўстаноўлена, што ў гранічным акце ад 18 чэрвеня 1582 года стаўбцоўскі перавоз не значыўся. Больш таго, канстатавалася, што паром, гасцінец і самі Стоўбцы не з'яўляюцца старажытнымі.

Вынік судовых спрэчак быў усё ж не на карысць Радзівіла. Нягледзячы на тое, што яго бок прадставіў шмат аргументаў, суд улічыў галоўную скаргу Слушкаў на тое, што дзеянні Радзівіла, акрамя іх незаконнасці, маглі цалкам падарваць эканоміку Стоўбцаў ("зруйнаваць мястэчка"), Галоўны трыбунал сваім дэкрэтам у Мінску 19 верасня 1633 года прысудзіў Стаўбцоўскі паром, абодва берагі Нёмана і права карыстацца гасцінцам Аляксандру Слушку, з 1633 года - ваяводу менскаму, і пастанавіў князю Радзівілу пакрыць шкоду, нанесеную ім Слушку.

Ва ўсёй гэтай гісторыі нас найбольш цікавіць дакументальнае сцвярджэнне, што мястэчка Стоўбцы закладзена Слушкам. Але дакладна калі гэта магло адбыцца? З гістарычных крыніц вядома, што мястэчка існавала ўжо ў 1623 годзе. 23 красавіка ўказанага года менскі каштальян Аляксандр Слушка са сваёй жонкай Софіяй з дому Зяновічаў выдаў прывілей на заснаванне ў мястэчку (назва не ўказана, але па ўсіх прыведзеных акалічнасцях гэта Стоўбцы) касцёла і кляштара айцоў Дамініканцаў.

На падставе знойдзенага дакумента можна зрабіць выснову, што мястэчка на той час было ўжо даволі буйным, у ім меліся рынак, гасцінны дом або карчма, іншыя пабудовы. У планіроўку ўваходзіла некалькі вуліц, адна з якіх мела назву "глухая". Адметнай падаецца згадка аб спадчынным характары ўладання. Гэта ўказвае на магчымасць існавання яго яшчэ пры бацьках Аляксандра Слушкі.

Святло на вывучаемую праблему пралівае дакументацыя на спадчынныя ўладанні Аляксандра Слушкі. Рэшткі архіва роду захоўваюцца ў галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве. У ім апісана тая частка спадчыны, якую атрымаў Аляксандр Слушка ад бацькі. Гэта маёнтак "двор Свержно, называемый Ковалевщизна над речкою Одцедкою з замочком над рекою Немном и фольварок Заямное з будованьем дворным, з местечком Свержном над рекою Немном новоствожоным в повете Менском лежачие" (цытуецца па архіве). Увесь адзначаны маёнтак далей па дакументах праходзіць пад назвай Свержно.

Такім чынам вынікае, што Слушка сапраўды атрымаў у спадчыну мястэчка, але яно было "новоствожона", значыць, не ім заснавана, і называлася Свержна. Тут адразу паўстаюць два пытанні: ці не з'яўляецца мястэчка Свержна тым жа, што Свержань або пазней Новы Свержань? І ці мела яно штосьці агульнае са Стоўбцамі, або ўсё ж такі Стоўбцы, як і сцвярджалася ў судовых дакументах 1632-1633 гадоў, былі заснаваны Аляксандрам Слушкам пасля 1597 года?

Радзівілаўскае мястэчка Свержань існавала яшчэ ў першай палове ХVІ стагоддзя, яно згадваецца ў дакументах 1568, 1569 гадоў. І таму ў канцы  ХVІ стагоддзя яго нельга было характарызаваць як "нововсажоное". Увогуле, бытаванне ў рэгіёне некалькі аднолькавых назваў і іх варыянтаў - з'ява гістарычна абумоўленая. З ХV стагоддзя ўсе прынёманскія тэрыторыі прыблізна ад Магільна да Аталезі ўваходзілі ў склад аднаго буйнога маёнтка Свержань. Пры яго драбленні паміж рознымі ўласнікамі назва за кожнай асобнай часткай заставалася, як правіла, тая ж. Аднак яна мела ўжо значэнне не назвы населенага пункта, а ўказвала на яго паходжанне, папярэднюю прыналежнасць, сувязь з буйнейшым старэйшым цэнтрам.

Так і пасля абмену ўладаннямі паміж Слушкам і Радзівілам, і, як мінімум, да канца ХV стагоддзя атрыманы маёнтак Слушкі прадаўжалі называць Свержна, або Свержанскі, звычайна з канкрэтызацыяй, "што ляжыць у Менскім павеце". Адпаведна на новазаснаванае Слушкамі месца, пазначанае ў акце 1597 года, была распаўсюджана такая ж назва - Свержна.

Найбольш верагоднай, як сцвярджае даследчык А. Латушкін, з'яўляецца выснова: мястэчка Свержна, якое ўваходзіла ў маёнтак Слушкаў у 1597 годзе, гэта тое ж паселішча, якое пазней выступае пад назвай Стоўбцы.

Пацвердзіць і ўдакладніць адзначанае палажэнне дазваляе чарговая крыніца. Сярод актаў Метрыкі ВКЛ выяўлены "Прывілей караля Польскага і Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта ІІІ удаве крычаўскага старасты Мікалая Слушкі на таргі і кірмашы ў яе новазакладзеным мястэчку Свержанскім Менскага павета", выдадзены ў Варшаве 20 чэрвеня 1593 года. Фактычна гэта асноўны дакумент па гісторыі вывучаемага пытання.  Згодна з ім высвятляецца, што мястэчка Свержанскае ў сваім маёнтку Свержанскім, які знаходзіцца ў Менскім павеце, над ракою Нёман, заклала менавіта Гальшка Кміцянка, а не яе сын Аляксандр. Яна ж азначаным прывілеем атрымала ў манарха дазвол праводзіць там штотыднёвыя таргі ў чацвер і кірмашы двойчы на год: на свята Праабражэння Хрыстовага і зімой на дзень святога Мікалая. Дзень, вызначаны для таргоў у мястэчку Свержанскім, - яшчэ адзін доказ справядлівасці атаясамлення яго са Стоўбцамі.

Яшчэ раз вернемся да гісторыі канфлікту паміж Слушкамі і Радзівіламі ў 1832 годзе. І звернем увагу на акалічнасць - перанос таргоў у мястэчку Свержань з нядзелі на сераду, што вызвала бурны пратэст Слушкаў, паколькі  "ў прывіліяваным" мястэчку Стоўбцы таргі былі вызначаны на чацвер. Гэта значыць, на той дзень, які быў дэклараваны прывілеем з 1593 года.

Такім чынам, нам падаецца відавочным наступнае. Гальшка Янаўна Кміцянка, удава Крычаўскага старасты Мікалая Слушкі, пры абмене часткамі маёнтка Свержана з Мікалаем Крыштафам Радзівілам у 1582 годзе ўзамен на свае спадчынныя ўладанні на левым беразе Нёмана, у Навагрудскім павеце (чацвёртая частка мястэчка Свержань, двор Жацераўскі з прылеглымі сёламі) атрымала ўладанні ў Менскім павеце, што ляжалі ў межах раёна: Свержань (левабярэжны) - Аталезь - Засулле - Атцэда. Маёнтак называўся Свержна, або маёнтак Свержанскі, цэнтрам яго быў двор Кавалеўшчына. У перыяд з 1582 да 1593 года яна заснавала там мястэчка, якое размяшчалася над Нёманам, як і маёнтак, спачатку называлася Свержна. 20 чэрвеня 1593 года Жыгімонтам ІІІ быў нададзены прывілей на таргі і кірмашы ў гэтым мястэчку. У 1597 годзе маёнтак і мястэчка атрымаў у спадчыну сын Гальшкі Аляксандр Слушка. Пры ім у перыяд з 1597 па 1632 год мястэчка было перайменавана ў Стоўбцы.

Мястэчка, як і ўвесь маёнтак Слушкаў, актыўна развівалася і пачало складаць значную канкурэнцыю суседняму радзівілаўскаму Свержаню. У гэтай сітуацыі выкарыстанне блізка падобных назваў магло прывесці да складанасцяў у прававым сэнсе, блытаніны пры судовых разбіральніцтвах і т. п. Такім чынам перад Слушкам і магла паўстаць неабходнасць выбару адрознай ад Свержна назвы.

Чаму ж іменна Стоўбцы? Адносна назвы нашага горада існуе некалькі версій, легендаў. Адна з іх - ад слупоў (стаўбцоў, стаўбоў) на рацэ Нёман, з дапамогай якіх была наладжана праца парома. На думку складальніка Тапанімічнага слоўніка В. Жучкевіча слупамі (столбами) адзначалі дарогу праз мясцовасць, што не мела выразных арыенціраў, асабліва зімой.  Па яшчэ адным з паданняў, слупамі пазначылі месца былога манастыра, насельнікі якога памерлі падчас эпідэміі халеры. Існуе і такая версія: Стоўбцы, ад слова "столпы" - невялікія вежы для манахаў - затворнікаў або "стоўпнікаў", што маглі жыць пры кляштары, заснаваным у 1624 годзе. І нарэшце назву звязваюць з "столбцами" газетных лістоў. У ХVІІ стагоддзі тут размяшчаўся адзін з карэспандэнцкіх пунктаў рукапіснай газеты "Куранты", якая выходзіла ў Маскве. Краязнаўцы таксама не адкідваюць версіі і аб слупах, што дзялілі ўладанні Слушкаў і Радзівілаў.

Увогуле ж, падагульняючы сказанае, адзначым, што Прывілей Жыгімонта ІІІ 20 чэрвеня 1593 года Гальшцы Кміцянцы - гэта першая архіўная крыніца, якая пралівае выразнае святло на гісторыю заснавання нашага райцэнтра. Таму гэты дзень і год, як лічыць даследчык А. М. Латушкін, можна лічыць днём нараджэння горада Стоўбцы. Хаця і гэтая дата магчыма не канчатковая і нас чакаюць новыя адкрыцці па даным пытанні.

Аляксандр ТУРКО

Фота Васіля ЗЯНЬКО і з калекцыі Святланы Адамовіч

Аляксандр ТУРКО