Знайшлі прытулак бусляняты
Нумар - №176-177 Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край
14.09.2011

На ўласным падворку сям'і Гусачонкаў побач з хатнімі птушкамі яшчэ нядаўна смела хадзілі і буслы. Яны не проста прыляталі сюды з цікавасці або падсілкавацца, а жылі на законных правах. Каб было зразумела, як яны апынуліся на двары, варта даць невялічкае тлумачэнне. Анатолій Іванавіч працуе галоўным ветурачом раёна і нярэдка выязджае разам з работнікамі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя па званках грамадзян, якія тэлефануюць аб выпадках, калі жывёла ці птушка трапіла ў бяду. Многім з іх аказваецца дапамога на месцы, а іншых, каб выратаваць, прыходзіцца, так бы мовіць, прыстройваць. Куды? Зразумела, дадому.
Вясною Анатолій Іванавіч прывёз маладзенькіх буслянят з Літвенскага сельсавета. Ён расказвае, што ў Шпаках упала гняздо, у якім сядзелі трое птушанят. Аднаго крышку прыдушыла, і адратаваць буслянятка, на жаль, не ўдалося. Стаялі птушкі, хоць і не моцна, але на сваіх нагах, і хутка асвоіліся. Хоць і прыйшлося весці некаторыя "ваенныя" дзеянні з курамі, але да бойкі не даходзіла, дастаткова было пакрычаць і памахаць крыламі. Спачатку бусляняты палохаліся курэй, але неўзабаве пачалі адбіраць сваю ежу, якую нясушкі спрабавалі прысвоіць. Паступова было заключана "міравое пагадненне", і адна другую птушкі не крыўдзілі. Гаспадарам цікава было назіраць за тым, як важна ходзяць на сваіх доўгіх нагах буслы, з іроніяй пазіраючы на мітуслівых курэй з вышыні свайго птушынага росту.
Неўзабаве насельнікаў двара чакала папаўненне, на гэты раз з Кнотаўшчыны і Заямнага. Клапатлівыя гаспадары сытна кармілі сваіх гадаванцаў рыбай, ласаваліся яны і жабамі. Бусляняты паступова набраліся моцы, навучыліся лятаць і неўзабаве прыбіліся да сваіх, але час ад часу наведваліся ў двор, каб паснедаць. А аднойчы прыляцелі ў госці ўсе пяцёра.
Варта будзе згадаць, што ў розныя гады на ўласным падворку Гусачонкаў знаходзілі прытулак і дапамогу хворыя лебедзі, два месяцы жыў у клетцы, пакуль не зажыло крыло, каршун, набіралася моцы і іншая жывёла. Бацькі і іх дзеці вельмі шкадуюць усё жывое. Ды і па сваёй дзейнасці ўсе члены сям'і звязаны з жывёльным светам. Валянціна Мікалаеўна працуе ветурачом-тэрапеўтам у Стаўбцоўскай участковай ветлячэбніцы. Часта і ў выхадныя дні жанчыну можна застаць на рабочым месцы, бо калі яе дапамога тэрмінова патрэбна коціку або сабачку, яна не можа ў гэтым адмовіць. Сын Канстанцін пайшоў па слядах бацькоў, скончыў Смілавіцкі сельскагаспадарчы каледж, дзе набыў прафесію ветфельчара і працягвае зараз вучобу ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Дачка Кацярына таксама вучыцца на ветфельчара ў Смілавічах. Антаніна пакуль што школьніца, але па ўсім відаць, таксама працягне дынастыю.






