Ад Цвірак да Слабодкі
Нумар - №178-180 Рубрыка - Добраўпарадкаванне
16.09.2011
Дарожнікі раёна займаюцца бягучым рамонтам мясцовых дарог і вуліц.
Так, сёлета зроблены рамонт аўтадарогі Стары Свержань - Слабодка - Беражнае. Адрамантаваны больш за кіламетр гэтай дарогі ў вёсцы Ператокі, участак ад Цвірак да Слабодкі працягласцю 2,2 км, а таксама транспартная развязка на аўтадарозе М1/Е30 у раёне Ператокаў.
У Стоўбцах з'явіўся новы асфальт на скрыжаванні вуліц Дзяржынскага і Якуба Коласа, на вуліцах Багінскага і Каперніка, на ўчастку вуліцы Сацыялістычнай. У Залужжы, Вішняўцы і Дзераўной прэзідэнцкія домікі-новабудоўлі сустракаюць заасфальтаванымі пад'ездамі. Пераўтварылася тэрыторыя гімназіі № 1 у Стоўбцах.
Вядуцца работы па капітальным рамонце вуліцы Гагарына ў Новай Вёсцы, дзе ўстройства гравійнага пакрыцця павінна быць завершана да канца 2011 года. Дарожнікі працягваюць работы па ўкладцы тратуараў на вуліцы Міру ў райцэнтры, а таксама па ўстройству асфальтавага пакрыцця на пад'ездзе да жыллёва-будаўнічых кааператываў "Стаўбчанка" і "Вясна-60".
Як адзначыў начальнік філіяла КУП "Мінскаблдарбуд" - "ДРБУ № 135" Віталь Дзям'янка, аб'ём работ, выкананых за 8 месяцаў бягучага года калектывам арганізацыі, склаў 7 мільярдаў 776 мільёнаў рублёў (123 працэнты да адпаведнага леташняга перыяду). Акрамя добраўпарадкавання вуліц і дарог, ёсць і вытворчыя аб'екты. З пачатку года выкананы работы па асфальтаванні вытворчай сферы ў сельскагаспадарчых таварыствах: на малочна-таварнай ферме "Ячонка" (ААТ "Каганец"), пад'езд і тэрыторыя малочнатаварнага комплексу "Цеснавая" (ААТ "Радзіма Дзяржынскага"), тэрыторыі малочнатаварных фермаў - "Шахноўшчына" (Радзіма Якуба Коласа"), "Рудзевічы" ("Рочавічы"), "Гнецькі" ("Рубяжэвічы"), "Ніўнае" ("Ніўнае-агра"). Заасфальтавана тэрыторыя склада для захоўвання збожжа УП "Стаўбцоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства". З дапамогай дарожнікаў добраўпарадкавана тэрыторыя ААТ "БелНатурПрадукт", МАУП "Стаўбцоўская ПМК", СЗАТ "Фабрыка "Колас" у в. Зарэчча, СТАА "Мясапрадукт", вытворчая база СФГ "Сула".
Не меншыя планы ўскладзены і на восень. У верасні - кастрычніку дарожнікі прыступяць да асфальтавання тэрыторый малочнатаварных фермаў: "Мархачоўшчына" ("Вішнявецкі-агра"), "Дудкі" ("Шашкі"), "Скамарошкі" ("Агранёманскі"), а таксама СЗАТ "Птушкафабрыка "Колас" у Любкаўшчыне, пад'ездаў да прэзідэнцкіх домікаў у вёсках Горкі, Рубяжэвічы.






