За стаўбцоўскі імідж
Нумар - №178-180 Рубрыка - Добраўпарадкаванне
16.09.2011



Жыхарам Стоўбцаў, Новага Свержаня і іншых населеных пунктаў раёна нельга "ўпасці тварам" у пустазелле або смецце. Чысціня, парадак - гэта наш стаўбцоўскі імідж!
Калі ж будзе так, што чысціня і парадак на нашых вуліцах, вакол дамоў стануць нормай кожнага дня?
"Шато-пустазелле", "інвест-плот"
13 верасня рэйдавая брыгада выбарачна праехала па вуліцах райцэнтра і вуліцах суседняга з ім Новага Свержаня і, на жаль, знайшла больш негатыўнага, чым станоўчага.
На змену лету прыйшла восень, а, напрыклад, з тыльнага боку прысядзібнага ўчастка дома № 6 па вуліцы Зялёнай не скошана пустазелле. Ля дома № 4 вуліцу "ўпрыгожвае" куча галля, уборка якой, насамрэч, не патрабуе вялікіх намаганняў. Пры тым, што неабходна добраўпарадкаваць саму вуліцу Зялёную, як і многія іншыя вуліцы райцэнтра, парадак трэба пачынаць, у першую чаргу, менавіта з сябе. Па вуліцы 17 Верасня (дом № 50-а), дзе агароды жыхароў выходзяць на дарогу, пустазелле складзіруецца на відным месцы.
За чыгуначнымі пуцямі збочваем направа, на вуліцу, за якой стойка замацаваўся тытул "вечна зарослай". "Сваё", побач з пуцямі, чыгунка скасіла, а "камунальная" паласа, што ідзе паралельна праезджай частцы дарогі, касы ў вочы так і не пабачыла.
Далей заязджаем на вуліцу Кірава і бачым аб'ект, які прыйшоў у поўнае запусценне. Так выглядае сёння тэрыторыя былога дрэваапрацоўчага камбіната прыватнага прадпрыемства "Шато-інвест". Мяжа шматгадовай нядбайнасці - рэшткі былога плоту. "Колькі пісем напісана санітарнай службай уладальнікам гэтай кінутай маёмасці па месцы прапіскі - у Чэрвеньскі раён, - заўважае в. а. галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна Алена Лойка. - Але яны сюды не з'яўляюцца". Аб'ект нічыйны - і парадак адсутнічае. Побач з былым ДАКам сярод вуліцы - пустка. Натуральна, што і яго запаланіла пустазелле.
Самавольны "шанхай"
Калі перамясціцца на другі бок чыгункі, дзе ўезд у Новы Свержань, то карціна пакуль што таксама не радуе. Пустку ля берага Нёмана трэба тэрмінова абкошваць. "У сельвыканкама няма ні бензапілы, ні газонакасілкі, - тлумачыць старшыня Навасвержанскага сельвыканкама Анатоль Богдан і запэўнівае: - нам абяцалі дапамагчы з гэтым, сітуацыя хутка выправіцца. Вывезем з могілак смецце і галлё пасля ўстаноўкі новай бетоннай агароджы. "Ваюем" з зараснікамі баршчэўніку на вуліцы Нясвіжскай. Працуем з насельніцтвам, каб Новы Свержань выглядаў прывабна".
Філіял ААТ "Маладзечналес" ліквідавалі, але тэрыторыя прадпрыемства засталася. І засталася кінутай, недагледжанай. Пад'езд зарос травою. З бліжэйшых дамоў людзі зносяць сюды смецце - утварылася міні-звалка. Вакол ведамаснага інтэрната - разламаны плот… Смецце "лятала" і па тэрыторыі жыллёва-будаўнічага кааператыва "Свяржанка", бо вецер выхопліваў яго са сметніцы. Не ўсюды, на жаль, аказалася ў належным парадку і тэрыторыя райаграсэрвісу. Вакол магазіна райспажыўтаварыства ў цэнтры вёскі чыста, але камісіі кінулася ў вочы прымітыўная смеццевая скрыня: яе патрэбна рамантаваць і абсталяваць ахоўным экранам. Не было скошана пустазелле ля магазіна, які раней арандавала ў райспажыўтаварыства птушкафабрыка "Колас".
Абноўлены свежай фарбай плот ля шматпавярховых дамоў па вуліцы Чыгуначнай, 5 і 7 - такім чынам камунгас выканаў прадпісанне, дадзенае санітарнай службай. Паміж гэтымі дамамі, навідавоку, неўпарадкаваныя размеркавальны шчыт і рэкламны шчыт кінавідэапраката, з-за іх "вызглядвае" на вуліцу непрыглядная пабудова з лядашчым дахам, не зусім прэзентабельныя смеццевыя кантэйнеры... За імі знайшоў прытулак мясцовы "шанхай" - драўляныя хлявы-самабуды з усемагчымымі прыкметамі неахайнасці і аварыйнасці. "Выдаць прадпісанне іх гаспадарам аб добраахвотным зносе на працягу месяца, - аддаў распараджэнне Анатолю Богдану начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Аляксандр Жыбуль. - У адваротным выпадку будзем расцэньваць падобныя факты як самавольнае будаўніцтва ці самавольны захоп зямельнага ўчастка".
"Балконная" трава
Хаця Навасвержанскі сельвыканкам актыўна працуе з насельніцтвам наконт навядзення парадку, пакуль не ўсё складваецца добра. На вуліцы Заводскай (дом № 1) трава вырасла дзе-нідзе... на балконах "чатырохпавярховіка". Жыльцы звярнулі ўвагу, што ў іх двары не хапае малых архітэктурных формаў, пясочніц і іншых прыстасаванняў для забавы дзецям. Гэты слушны сігнал мы адрасуем камунальнай службе. На названай вуліцы, дзе ёсць таксама і прыватны сектар, актуальнай з'яўляецца праблема пафарбоўкі платоў.
На вуліцы Мірскай, якая вядзе да новай кацельні аб'яднання камунальных службаў і дзе зараз актыўнымі тэмпамі вядзецца добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, міжволі кідаецца ў вочы ўчастак пад № 60. Ён нават не абгароджаны, але на ім згрувашчаны горы металалому. Сельвыканкам выдаў прадпісанне яго ўладальніку (ён пражывае побач, у доме № 62), пры невыкананні каторага гэты грамадзянін з'яўляецца прэтэндэнтам на штрафныя санкцыі.
Па даных санітарнай службы, толькі за верасень парушальнікам санітарных правіл выдадзена 71 прадпісанне, складзена 14 пратаколаў на суму 1 млн 750 тыс. руб.
Паглядзець на "Медведя тайги"
Праехалі па цэнтральнай вуліцы пасёлка - Нясвіжскай. Яна ж і транзітная рэспубліканская аўтадарога Івянец - Пяршай - Нясвіж, яна ж і дарога да ракі Нёман. Многія вяскоўцы фарбуюць свае платы, але асаблівыя зрухі, як запэўнівае Анатоль Богдан, чакаюцца іменна ў выхадныя дні: ёсць нямала сядзібаў, гаспадары якіх прыязджаюць са сталіцы. Вуліца завяршаецца транспартным кальцом, на якім устаноўлены памятны камень. І тут не без брудных адзнак. Вінаваты ў гэтым падарожнікі, якія выкідваюць смецце, ці нехта іншы?..
Насамрэч, намнога больш у Новым Свержані не такіх, а зусім іншых прыкладаў у справе добраўпарадкавання. Адзін з іх - тэрыторыя прыватнага прадпрыемства "Медведь тайги" (дырэктар А. А. Юдзін). Не пашкадаваны сродкі, знойдзена натхненне і фантазія, каб стварыць адметны пейзаж з зубрамі, калодзежам, альтанкай, іншымі драўлянымі скульптурамі і, зразумела, элементарным парадкам.
Санітарная і іншыя службы раёна заклікаюць жыхароў раёна, дачнікаў і тых, хто мае ў спадчыну сядзібы, быць сапраўднымі гаспадарамі: у гэтыя выхадныя падрамантаваць пры неабходнасці плот, пафарбаваць яго, абкасіць і навесці парадак у дварах, на прылеглай тэрыторыі.
У рэйдзе прымалі ўдзел: начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Аляксандр ЖЫБУЛЬ; в. а. галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна Алена ЛОЙКА; урач-гігіеніст Наталля РЫК; карэспандэнты газеты Таццяна ПЯТКЕВІЧ і Васіль ЗЯНЬКО
НА ЗДЫМКАХ: прыгожы, утульны двор ПП "Медведь тайги"; звалка на тэрыторыі філіяла ААТ "Маладзечналес".






