мобильная версия
Прамень

“Жавароначкі”, ляціце!

Нумар - №181-182    Рубрыка - Культура

21.09.2011

Фотография 1

Удзельнікі ўзорнага ансамбля народнай песні "Жавароначкі" Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў пакарылі сваёй творчасцю не адно прафесійнае журы. Іх звонкія пералівістыя галасы, дзіцячая непасрэднасць і, у той жа час, выкананне беларускага фальклору на прафесійным узроўні заварожваюць, вяртаюць ад так званай маскультуры да самых крыніц і вытокаў нашых: дзявочых спеваў на вячорках, жаночых - падчас цяжкай працы ў полі, абрадавых - на народных гуляннях.

Ад Стоўбцаў да Вільнюса

Ансамбль "Жавароначкі" (мастацкі кіраўнік - Людміла Канаплянікава-Доўнар) у 2004 годзе быў названы лаўрэатам Міжнароднага фестывалю "Залатая пчолка", які праходзіць у горадзе Клімавічы. Літаральна праз год - новая музычная вяршыня: гран-пры Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці "Балтыйская муза" ў Вільнюсе. "Жавароначкаў" прыкмецілі і зрабілі ўладальнікамі Гранд-прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Дыпломаў, узнагарод у ансамбля сапраўды багата, як і народных песень у рэпертуары. Самыя дарагія і памятныя з іх упрыгожваюць кабінет, дзе праходзяць заняткі, рэпетыцыі калектыву. Ускосна яны пацвярджаюць, што народная песня жыве і, безумоўна, - будзе жыць дзякуючы нястомным творчым крылам "Жавароначкаў".

- Мы ездзім па ўсёй Беларусі, - расказвае Людміла Пятроўна. - Гэта ўдзел у конкурсах, святочных канцэртах. Напрыклад, нас запрашалі выступаць на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі "Дажынкі", у літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, на Мінскім маторным заводзе... Бывае, што за дзень выходзім на сцэну некалькі разоў. На Стаўбцоўшчыне штогод ладзіцца Тыдзень музыкі. У гэты час мы актыўна наведваем дзіцячыя садкі, школы і дорым юным слухачам песні нашых продкаў.

Галасістыя?  Значыць,  "Жавароначкі"!

Каб заахвоціць дзетак, абудзіць іх цікавасць да народнай песні і сабраць разам такі калектыў, Людміла Канаплянікава-Доўнар пабывала ва ўсіх школах Стаўбцоўшчыны.

- Некаторыя аднесліся тады да маёй ідэі насцярожана, - успамінае Людміла Пятроўна. - Маўляў, гэта ўжо не модна... Але ўсё ж знайшліся сярод сучасных школьнікаў вельмі цікавыя ды таленавітыя, уладальнікі звонкіх непаўторных галасоў. Нездарма ў калектыву нарадзілася сугучнае імя - "Жавароначкі". І "заспявала" на ўсе лады наша праца.

На базе ансамбля створаны фальклорны клас. Яго навучэнцы праз пяць-сем гадоў (у залежнасці ад узросту) атрымліваюць дыплом выпускніка дзіцячай школы мастацтваў і маюць права паступаць у профільныя каледжы ці ўніверсітэт.

За амаль дзесяць гадоў плённага жыцця "Жавароначкаў" у яго спеўнай сям'і вырасла і "стала на крыло" некалькі пакаленняў моладзі. Самыя першыя ўдзельнікі - ужо студэнты ВНУ. На іх месца прыйшла галасістая маладая змена.      

Гармонія гукаў

На адной з рэпетыцый назірала, з якой адказнасцю ставяцца да заняткаў удзельнікі калектыву. Уся ўвага - на кіраўніка.

- Тройчы на тыдзень мы спяваем па групах, з кожным - індывідуальныя заняткі, - дзеліцца Людміла Пятроўна. - Каб дасягнуць майстэрства, рэпеціруем па вечарах, у выхадныя дні. Асабліва напружана працуем перад выступленнямі. А выступаць прыходзіцца часта.

Зладжаны хор "Жавароначкаў" са сцэны сведчыць сапраўды пра грунтоўную працу. Правільнае дыханне, распрацоўка голасу, уменне "ўзяць" патрэбную ноту і слухаць адзін аднаго... Многія песні ў рэпертуары адрозніваюцца рознатанальнасцю, таму важна дабіцца, каб голас-альт і голас-сапрана былі ў суладдзі, каб ні адзін гук не парушыў гармонію...

Ад выступлення дзяцей-"жавароначкаў" раптам павеяла вясной, цяплом бабуліных рук і ўспамінаў аб яе маладосці... Няма межаў у шырокай народнай песні, якая ідзе з душы. Яна гучыць пад скокі і вершы, акапэльна або пад музычнае суправаджэнне.

- Дзякую выкладчыкам школы мастацтваў, якія дапамагаюць зрабіць выступленні "Жавароначкаў" больш яркімі і прыгожымі,- адзначае кіраўнік калектыву. - Юлія Бохан працуе над харэаграфічнай часткай. За правільным вымаўленнем, інтанацыяй сочыць Антаніна Бондарава. Прафесійна працуюць канцэртмайстры-баяністы Ягор Дырда, Дзмітрый Слесарчык і Артур Лапкоўскі.  

"І за маму, і за тату"

У калектыве "Жавароначкі" надзвычай  добрая атмасфера. Кожны ўрок - гэта сустрэча з творчасцю, з сябрамі і аднадумцамі.

- Мне вельмі падабаецца спяваць у "Жавароначках", - падзялілася салістка ансамбля Юлія Жук. - Я знайшла тут сяброў і любімы занятак.

А вось Лізавету Гаўрыленку прывяла сюды мама.

- Займаюся ўжо другі год, - расказвае дзяўчынка. - Напачатку мне было вельмі цяжка спяваць на сцэне, перад слухачамі. Але паступова пачала атрымліваць задавальненне ад спеваў, хоць перад кожным выступленнем усё роўна хвалююся.

Звонкія дзявочыя сапрана аздабляе голас Аляксандра Зяньковіча. У наступным годзе хлопец скончыць фальклорны клас, а ўжо сёлета атрымае дыплом акардэаніста. На пытанне "Ці не цяжка сумяшчаць столькі заняткаў?", Аляксандр упэўнена адказвае: "Часу на ўсё хапае, калі ёсць жаданне".

- Дзяцей заўжды вучу: у нашай сям'і я - за маму,  канцэртмайстар - за тату, - усміхаецца Людміла Пятроўна. - Падтрымліваю сувязь з бацькамі кожнага вучня. Разам  нам удаецца вырашаць усе праблемы.

Спакон веку добразычлівасць, памяркоўнасць, працавітасць і, безумоўна, песеннасць былі рысамі характару беларусаў, асновай абрадавых традыцый і побыту нашага народа. Гэта каштоўная спадчына, услаўленая чыстымі дзіцячымі галасамі "Жавароначкаў", жыве сярод нас і сёння.

Вікторыя ПЯТКЕВІЧ