Дзень без аўтамабіля
Нумар - №181-182 Рубрыка - Ахова правапарадку
21.09.2011

Дзень без аўтамабіля традыцыйна вызначаны 22 верасня. Рэкамендуецца хаця б на адзін дзень кожнаму абысціся без "памочніка на колах". Прагулкі пешшу карысныя для здароўя. І для спрыяльнай экалогіі аўтамабіль зусім не прыносіць карысці. Аб гэтым і артыкул, падрыхтаваны ДАІ УУС Мінаблвыканкама і ДАІ Стаўбцоўскага РАУС.
Асноўнымі арганізатарамі акцыі выступаюць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
Галоўная задача акцыі: звярнуць увагу грамадскасці на значную экалагічную праблему нашых гарадоў - на якасць атмасфернага паветра, якім мы дыхаем, паказаць уплыў кожнага чалавека на сваё здароўе і ўвогуле прапагандаваць здаровы лад жыцця.
Нягледзячы на тое, што аўтатранспартны комплекс з'яўляецца важнейшай галіной эканомікі, якая задавальняе патрэбы грамадства і насельніцтва ў перавозках, у той жа час ён буйнейшы забруджвальнік навакольнага асяроддзя. У маштабах краіны доля транспарту ў сумарных выкідах забруджваючых рэчываў у атмасферу ад усіх крыніц дасягае 72 працэнты (у гарадах да 80 працэнтаў), у выкідах парніковага газу - парадку 10 працэнтаў. У сярэднім за дзень у нашай краіне ў атмасферу выкідваецца з адпрацаванымі газамі каля 3300 тон забруджваючых рэчываў.
У іх састаў уваходзяць такія таксічныя кампаненты, як вокіс вугляроду, вокіс азоту, вуглевадароды, вокіслы серы, злучэнні цяжкіх металаў і інш. Гэтыя рэчывы, якія ўтвараюцца з выкідаў рухавіка аўтамабіля, прадуктаў зносу механічных частак, пакрышак, дарожнага пакрыцця, праходзячы шлях размеркавання ў экасістэме, у канчатковым выніку, наносяць урон навакольнаму асяроддзю і здароўю насельніцтва.
Аўтапарк Рэспублікі Беларусь сёння налічвае каля 3,2 мільёна машын і матацыклаў, і лічба гэтая з кожным годам павялічваецца на 3-4 працэнты. Толькі за 2010 год у цэлым па краіне рухомымі крыніцамі было выкінута ў атмасфернае паветра забруджваючых рэчываў у агульным аб'ёме 1200,6 тысячы тон, што больш на 77,3 тысячы тон (6,9 працэнта) за ўзровень 2009 года, пры павелічэнні парку механічных сродкаў за гэты перыяд на 4,1 працэнта.
Трэба адзначыць, што з пастаянным павышэннем узроўню аўтамабілізацыі грамадства павялічваюцца і аб'ёмы выкідаў забруджваючых рэчываў у атмасфернае паветра. Вопыт Еўрапейскага саюза па вырашэнні ўказанай праблемы паказаў, што поспех без удзелу насельніцтва немагчымы. З гэтай мэтай у 40 краінах Еўропы і іншых кантынентаў праходзіць акцыя "Дзень аўтамабіля".
Упершыню такая акцыя прайшла ў французскім горадзе Ла Рашэль у 1997 годзе, а праз год гэтую ініцыятыву падхапіла ўся краіна. У 1999 годзе да Францыі падключыліся Італія і Швейцарыя, пасля чаго ідэя Міжнароднага дня без аўтамабіля распаўсюдзілася на ўсю Еўропу. У 2007 годзе ў гэтай акцыі ўдзельнічалі 1353 гарады ў 37 краінах Еўропы і ў Канадзе.
У 2008 годзе ўпершыню акцыя "Дзень без аўтамабіля" прайшла ў Рэспубліцы Беларусь. Несумненна, была яна паспяховай. Толькі за адзін дзень 22 верасня быў прадухілены выкід забруджваючых рэчываў у атмасферу нашай рэспублікі аб'ёмам звыш 400 тон, у тым ліку па горадзе Мінску - каля 100 тон. Такія ж уражальныя вынікі атрымліваюцца штогод падчас правядзення акцыі.
Без аўтамабіля нялёгка, але ж дайце і яму адпачыць, і пераканайцеся, што і пешшу хадзіць карысна ва ўсіх адносінах.






