Навіны рэспублікі
Нумар - №181-182 Рубрыка - Афіцыйна
21.09.2011
БЕЛАРУСЬ МОЖА СКАРАЦІЦЬ ЗАЛЕЖНАСЦЬ АД ІМПАРТУ Ў ДВА РАЗЫ
Беларусь можа скараціць залежнасць ад імпарту ў два разы без страты канкурэнтаздольнасці і якасці прадукцыі, заявіў 16 верасня журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, які прымае ўдзел у пасяджэнні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук.
На думку Міхаіла Мясніковіча, вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі павінна ажыццяўляцца на высокім якасным узроўні і быць эканамічна абгрунтаванай і выгаднай, каб выпушчаная прадукцыя магла працаваць не толькі на ўнутраны рынак, але і на патрэбы экспарту.
Прэм'ер-міністр звярнуў увагу на існуючыя сёння праблемы ў га-ліне імпартазалежнасці. "У нас імпартныя сыравіна, матэрыялы і камплектуючыя складаюць 32 працэнты ў вытворчасці прадукцыі, - канстатаваў ён. - А калі паглядзець у цэлым, то ў нас 68 працэнтаў ВУП вырабляецца з улікам імпартнай сыравіны і камплектацыі".
Паводле слоў Міхаіла Мясніко-віча, імпартазамяшчэнне ў Беларусі паступова пераходзіць з катэгорыі эканамічнай у палітычную, таму што цягне за сабой іншыя праблемы, такія як устойлівасць абменнага курсу нацыянальнай валюты, плацежны баланс і іншыя пытанні, звязаныя з эканамічным развіццём краіны.
Прэм'ер-міністр нагадаў, што за 8 месяцаў 2011 года ў краіне ўдалося адносна выправіць стан спраў па сальда гандлёвага балансу. "Упершыню за многія гады мы маем апярэджанне росту экспарту тавараў і паслуг на 11 працэнтаў над імпартам, - заявіў ён.
НАСЕЛЬНІЦТВА ПРАДАЕ Ў БАНКІ ЗНАЧНА БОЛЬШ ВАЛЮТЫ, ЧЫМ КУПЛЯЕ
Нацыянальны банк Беларусі канстатуе значны рост абаротаў па валютна-абменных аперацыях на наяўным валютным рынку, асабліва па аперацыях продажу насельніцтвам замежнай валюты. Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка.
"З адкрыццём дадатковай гандлёвай сесіі ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа" кардынальна змянілася сітуацыя на ўнутраным наяўным рынку краіны. Калі раней грамадзяне скардзіліся на няхватку валюты ў абменных пунктах банкаў, чэргі да іх, то цяпер чэргі, калі і назіраюцца, то з ліку жадаючых валюту прадаць", - падкрэслілі ў Нацыянальным банку.
Паводле папярэдніх аператыўных даных, 14 верасня (у дзень правядзення першых таргоў на дадатковай сесіі) банкі купілі ў насельніцтва $3,2 млн., а прадалі - $1,4 млн. У гэты ж дзень аб'ёмы куплі еўра склалі 400 тыс. еўра, продажу - 150 тыс. еўра. Банкі таксама набылі ў насельніцтва 31,7 млн. расійскіх рублёў, прадалі - 7,4 млн. расійскіх рублёў.
Паводле даных за 15 верасня, насельніцтва здало ў банкі $14,2 млн., а купіла толькі $3,5 млн., г.зн. прапанаванне перавысіла попыт больш чым у чатыры разы. Банкі таксама набылі ў насельніцтва 2 млн. еўра і 118,2 млн. расійскіх рублёў, прадалі - 700 тыс. еўра і 10,1 млн. расійскіх рублёў.
"Мінулыя два дні сведчаць аб паступовым умацаванні беларускага рубля", - адзначылі ў Нацбанку, каменціруючы вынікі таргоў на валютна-фондавай біржы за 14 і 15 верасня. Калі пасля правядзення першых таргоў банкамі былі ўстаноўлены максімальныя курсы куплі Br8600 - Br8900 за $1, а курс продажу складаў Br8900 - Br9100 за $1, то 16 верасня названыя курсы істотна знізіліся і знаходзяцца ў дыяпазоне Br8200 - Br8300 і Br8500 - Br8700 адпаведна.
"Нацыянальны банк рэкамендуе банкам узмацніць кантроль за работай абменных пунктаў, кас і своечасова падмацоўваць іх наяўнымі грашовымі сродкамі для бесперабойнай работы", - падкрэслілі ў Нацбанку.
ВЫПЛАТА ДАПАМОГІ ПАЧНЕЦЦА ПАСЛЯ 20 ВЕРАСНЯ
Выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі непрацуючым пенсіянерам і атрымальнікам дапамог у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пачнецца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі пасля 20 верасня. Аб гэтым паведаміла намеснік міністра працы і сацабароны Валянціна Каралёва.
Выплата будзе праведзена ў парадку, устаноўленым для выплаты пенсій і дапамог, падкрэсліла Валянціна Каралёва.






