Новых даляглядаў аўтапарку
Нумар - №181-182 Рубрыка - Прамысловасць
21.09.2011
На мінулым тыдні адбылося святкаванне 50-гадовага юбілею філіяла "Аўтамабільны парк № 17" ААТ "Мінаблаўтатранс" - вядучага транспартнага прадпрыемства раёна.
У святочнай зале раённага Цэнтра культуры сабраліся работнікі аўтамабільнага парка, яго ветэраны, сярод якіх і два былыя дырэктары - Рыгор Ярмак і Уладзімір Пашковіч. Удзельнікаў свята вітаў духавы аркестр. Кіраўніцтва аўтапарка падрыхтавала юбілейны відэафільм.
Віншавалі юбіляра і жадалі яму далейшага росквіту генеральны дырэктар ААТ "Мінаблаўтатранс" Віктар Русак, старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Місько, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі і кіраўнікі шматлікіх прадпрыемстваў і арганізацый Стаўбцоўшчыны. У выступленнях не раз гучала, як абнавіўся аўтапарк за апошнія гады, як эфектыўна развіваецца новы від дзейнасці - турыстычны, наколькі выраслі аб'ёмы пасажырскіх і грузавых перавозак. А за рулём гэтага новага і прыгожага транспарту - сапраўдныя асы дарог.
На свяце вялікая група транспартнікаў была адзначана ганаровымі граматамі і падзякамі па лініі Мінаблаўтатранса, раённага выканаўчага камітэта і аўтапарка. Сярод іх - механік Зігмунд Канкаловіч, слесар па рамонце аўтамабіляў Раман Галавачэнка, вадзіцелі аўтобусаў Міхаіл Жыбуль, Аляксандр Сілко і Мікалай Жук, вядучы спецыяліст сектара турызму і экскурсій Леаніда Высоцкая, вадзіцелі грузавых аўтамабіляў Сяргей Гаргін, Генадзь Самахвал і Генадзь Бычко, дыспетчар аддзела перавозак і турызму Алена Гурына, токар Аляксандр Стонька, слесар Ігар Камароўскі, намеснік галоўнага бухгалтара Таццяна Галаўня, механік Уладзімір Пазняк, а таксама дырэктар прадпрыемства - Іван Бычкевіч, які ў аўтапарку працуе больш за два дзясяткі гадоў.
Паўвекавы юбілей аўтапарка - гэта час прадастаўлення паслуг усім жыхарам раёна. Кожны з нас карыстаецца грамадскім пасажырскім транспартам і, зразумела, са свайго боку пажадаў бы калектыву працоўных перамог і шчаслівых дарог, каб на іх - "ні цвіка, ні жэзла".






