Падзеі і здарэнні
Нумар - №181-182 Рубрыка - Падзеі і здарэнні
21.09.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 11 шлюбаў, зроблены 5 адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены семярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Максіму Мацельскаму, Раману Абрамяну, Кіры Каладзінскай, Софіі Галімскай, Лізавеце Няверавай, Максіму Каспяровічу і Аляксандры Празецкай.
Зямны шлях закончыўся для 14 чалавек.
У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў вёсцы Кучкуны, дзе ноччу 12 верасня падчас навальніцы ў хлеў вяскоўца трапіла маланка. Гаспадарчая пабудова разам з аўтамабілем "ВАЗ-2109", які там захоўваўся, знішчана агнём.
Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь затрыманы каля гадзіны ночы ва ўрочышчы Буды, на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Налібацкі", 33-гадовы жыхар Мінска, які займаўся незаконным паляваннем з прымяненнем лямпы-фары, незарэгістраванай паляўнічай стрэльбы і аўтамабіля "Аўдзі". Яго напарнік, карыстаючыся цемнатою, уцёк, пры гэтым аказаў супраціўленне. Вядуцца следча-аператыўныя мерапрыемствы. Згодна з заканадаўствам, вышэй указаныя дзеянні расцэньваюцца як склад злачынства.
Суд абмежаваў у волі на 1,5 года 35-гадовага жыхара вёскі Падлессе, які кіраваў матацыклам у стане алкагольнага ап'янення паўторна на працягу года, і таксама пазбавіў яго права кіравання транспартнымі сродкамі на 5 гадоў. Пазбавіўся правоў на такі ж тэрмін, а таксама абмежаваны ў волі на 4 гады 35-гадовы жыхар Дзераўной: будучы нецвярозым, ён заснуў за рулём і ўчыніў наезд на веласіпедыста; апошні атрымаў цяжкія траўмы. 49-гадовы жыхар вёскі Слабада пагражаў свайму непаўналетняму пасынку, спрабаваў ударыць яго ў жывот нажом, за што аштрафаваны судом на 3 мільёны 150 тысяч рублёў. На млыне ў ААТ "Рочавічы" затрыманы трое грамадзян, якія паквапіліся на 300 кг жытняй мукі: за крадзеж кожны з іх пакараны штрафам у памеры 350 тысяч рублёў. Такі ж штраф прысуджаны 36-гадоваму мінчаніну - за незаконную здабычу дзесяці ракаў на вадаёме ў вёсцы Падгорнай. У браканьера канфіскавана сетка-лавушка.
ДАІ выявіла 191 парушэнне правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 4 п'яныя і 8 бяспраўных вадзіцеляў, 18 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. Здарыліся 22 дробныя аварыі. Трагедыя разыгралася ў 8 гадзін вечара 11 верасня на 263 км аўтадарогі Брэст - Мінск - мяжа РФ. 35-гадовая жыхарка Ляхавіч, якая кіравала аўтамабілем "Фіят", пры выкананні манеўру перабудовы з правай паласы на левую стварыла перашкоду для аўтамабіля "Міцубісі", што рухаўся ў спадарожным напрамку. У выніку сутыкнення аўтамабіляў "Фіят" перакуліўся. У ім загінула на месцы сямігадовая дзяўчынка, якая ехала разам з маці. Прычынай аварыйнай абстаноўкі на дарозе становіцца і... жывёла. Вечарам пры перагоне статка кароў праз аўтадарогу Ператокі - Стоўбцы паганяты праявіў няўважлівасць, пакінуў жывёлу без нагляду, у выніку чаго каровы сутыкнуліся з аўтамабілем "Пежо".
"Хуткая" выязджала да хворых 201 раз, у прыватнасці 13 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем. Два выклікі медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.






