мобильная версия
Прамень

Плюс ландшафтнае праектаванне

Нумар - №181-182    Рубрыка - Прамая лінія

21.09.2011

Фотография 1

У час работы прамой тэлефоннай лініі з загадчыцай стаўбцоўскага бюро Дзяржынскага філіяла РУП "Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры" Валянцінай Гашнікавай паступалі канкрэтныя пытанні індывідуальнага характару. І гэта зразумела, правы на нерухомую маёмасць -  справа прыватная. І тым не менш, патрабаванні да рэгістрацыі маёмасці для ўсіх аднолькавыя. Таму, думаем, многія знойдуць шмат карыснай інфармацыі для сябе асабіста ў справаздачы з прамой лініі.

Аляксандр Смольнік: "Якія дакументы павінны быць у гаспадара на нерухомую маёмасць?"

Валянціна Гашнікава:

-       Калі ў вас у карыстанні ёсць  нерухомасць - зямельны ўчастак, жылы дом з гаспадарчымі пабудовамі, кватэра, садовы домік, гараж і іншыя збудаванні, праверце ў сябе наяўнасць на іх правазасвядчаючых і тэхнічных дакументаў:  пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі, тэхнічнага пашпарта. Магчыма, вамі праводзіліся прыбудовы, надбудовы на прысядзібным участку ці ажыццяўлялася перапланіроўка дома альбо кватэры, вы таксама павінны аформіць на гэта дакументы. Своечасова гэта зрабіць у вашых жа інтарэсах. Незарэгістраваная нерухомасць не можа быць прызнана і абаронена дзяржавай, у выніку незарэгістраваныя пабудовы немагчыма ні прадаць, ні падарыць, ні аформіць на іх завяшчанне. Аднак многія ўласнікі нерухомасці па-ранейшаму не спяшаюцца аформіць дакументы. Нярэдка даводзіцца чуць: "У гэтым доме жылі мае бацькі, дом дастаўся мне, я гаспадар у ім і мне нікому не трэба гэта даказваць". Пры гэтым чалавек не думае, што ён стварае праблемы сваім дзецям і ўнукам - наследнікам. У іх можа потым узнікнуць мноства непрадбачаных праблем, вырашыць якія, часта, сваімі сіламі не ўдаецца. Калі справа даходзіць да суда, то патрэбна аплаціць судовыя выдаткі, паслугі адваката, судова-будаўнічую экспертызу. Судовыя працэсы вельмі дарагія, і некаторыя адмаўляюцца ад прэтэнзіі на спадчынную маёмасць. Адсутнасць зарэгістраваных правоў на аб'екты нерухомасці з'яўляецца патэнцыяльнай пагрозай вашаму дабрабыту.

- Як можна праверыць, ці ёсць усе патрэбныя дакументы на нерухомую маёмасць?

- Існуе адзіны дзяржаўны рэгістр нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю. Жыхарам раёна неабходна звяртацца ў Стаўбцоўскае бюро Дзяржынскага філіяла па адрасе: г. Стоўбцы, вул. Сацыялістычная, 30. Запісацца на прыём да рэгістратара нерухомасці можна па тэлефоне 5-01-33.  Адзіны платны інфармацыйны нумар па Мінскай вобласці - 132. Па гэтых тэлефонах вы атрымаеце падрабязную кансультацыю па  ўсіх пытаннях, якія вас цікавяць адносна рэгістрацыі нерухомасці, вы атрымаеце тлумачэнне па парадку афармлення  дакументаў, якіх не хапае. Прыём грамадзян у Стаўбцоўскім бюро вядзецца: у панядзелак, сераду, пятніцу і суботу - з 8 да 17  гадзін, у аўторак, чацвер - з  8 да 20 гадзін. Прыём юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў: панядзелак, аўторак, серада, чацвер, пятніца з 08.00 да 17.00 без перапынку на абед.

Софія Пазняк пацікавілася коштам паслуг па ацэнцы аб'ектаў нерухомасці.

-       Тарыф на вызначэнне ацэначнага кошту жылога дома, садовага доміка, дачы, кватэры, гаража складае 76900 рублёў пры тэрміне выканання работ на працягу месяца, 88440 рублёў - пры  тэрміне  выканання  работ  на працягу 10 рабочых дзён і 96130 руб. - пры тэрміне выканання на працягу 5 рабочых дзён. Тарыф на вызначэнне рыначнага кошту ізаляванага жылога памяшкання, кватэры, гаража складае 258960 руб. - пры тэрміне выканання 1 месяц, 297800 руб. (12 рабочых дзён), 323700 руб. (7 рабочых дзён). У блакіраваным жылым доме тарыф на вызначэнне рыначнага кошту жылога дома, садовага доміка, дачы, кватэры складае: 373430 руб. (выкананне работ 1 месяц), 429450 руб. (12 рабочых дзён), 466790 руб. (7 рабочых дзён). Выдача інфармацыі аб кадастравым кошту ў выглядзе выпісак з рэгістраў кошту зямельных участкаў дзяржаўнага зямельнага кадастру па заявах для фізічных асоб складае 44100 рублёў аб зарэгістраваных участках і 66160 руб. - аб незарэгістраваных. Пры звароце за выдачай інфармацыі аб зямельных участках неабходна прадаставіць заяву з дакументам, што пацвярджае права на зямельны ўчастак, пашпарт, дакумент, які пацвярджае паўнамоцтвы прадстаўніка, калі дзеянні ажыццяўляюцца ад імя і ў інтарэсах іншага грамадзяніна. Такая ацэнка праводзіцца ў Дзяржынскім філіяле па адрасе: г. Дзяржынск, вул. Мінская, 34, тэл. (8-01716) 2-63-28.

- Ці можна аплаціць  паслугі на месцы ў бюро?

- Аплата паслуг цяпер магчыма не толькі праз аддзяленне паштовай сувязі і банкі, але і на месцы ў бюро. У хуткім часе плануецца ўстаноўка банкаўскіх тэрміналаў.

Міхаіл Рослік задаў пытанне адносна рэгістрацыі зямельных участкаў, у  прыватнасці, яго цікавіла, ці маюць сілу дакументы, якія засвядчаюць права на зямельныя ўчасткі, выдадзеныя у 2007 годзе.

-       З 1 мая 2009 года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 64 "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя Указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях будаўніцтва, канфіскацыі і прадастаўлення зямельных участкаў". Згодна з гэтым дакументам, грамадзянін, індывідуальны прадпрымальнік, юрыдычная асоба на працягу двух месяцаў з дня атрымання рашэння (выпіскі з рашэння) аб прадастаўленні ім зямельных участкаў, заключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў, а таксама з дня ажыццяўлення здзелкі з нерухомай маёмасцю абавязаны звярнуцца ў бюро для  дзяржаўнай рэгістрацыі гэтых зямельных участкаў. Пры невыкананні патрабавання рашэнне аб прадастаўленні зямельнага ўчастка страчвае сілу. Дакументы, якія пацвярджаюць права на зямельныя ўчасткі, выдадзеныя да 1 лютага 2006 года, з'яўляюцца сапраўднымі.

Адносна рэгістрацыі аб'ектаў нерухомай маёмасці суб'ектамі гаспадарання быў такі адказ:

- У адпаведнасці з даручэннем Мінскага аблвыканкама суб'ектам гаспадарання неабходна актывізаваць работу па дзяржаўнай рэгістрацыі аб'ектаў нерухомасці, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай маёмасці. Па даных дзяржаўнага рэгістра нерухомай маёмасці на пачатак жніўня бягучага года зарэгістравана толькі каля 45 працэнтаў ад агульнай колькасці аб'ектаў камунальнай уласнасці, якія належаць рэгістрацыі. Ад кіраўнікоў патрабуецца актывізацыя работы па давядзенні справы з рэгістрацыяй дзяржаўнай маёмасці да канца.

Адносна новых паслуг, якія прадастаўляе бюро:

- З 1 жніўня бягучага года Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры выконвае работы па ландшафтным праектаванні. Пры выкананні работы ўлічваюцца пажаданні, рэкамендацыі заказчыка, у падарунак - дэтальная распрацоўка кветніка. Акрамя гэтага, у комплекс паслуг уваходзіць улік аб'ектаў расліннага свету,  размешчаных на землях населеных пунктаў, і ацэнка шматгадовых насаджэнняў для пастаноўкі на бухгалтарскі ўлік, пераацэнка і т. п. Работы выконваюца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб раслінным свеце".

Лана СВЯТЛІЦКАЯ