мобильная версия
Прамень

Увага: пешаход!

Нумар - №181-182    Рубрыка - Ахова правапарадку

21.09.2011

Фотография 1

Грубыя парушэнні Правілаў дарожнага руху пешаходамі, іх няўважлівасць і паспешнасць, няведанне навыкаў бяспечных паводзін на дарогах сталі прычынамі многіх аварый. Большасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам  пешаходаў адбываецца ў цёмны час сутак, на неасветленых ці малаасветленых участках дарог, паблізу населеных пунктаў.

Аналізуючы здарэнні з удзелам пешаходаў, можна зрабіць вывад, што трагедый можна пазбегнуць, калі выкарыстоўваць недарагі і просты ў выкарыстанні сродак - святлоадбівальны элемент.  Неаднаразовыя даследаванні і звесткі, атрыманыя ў ходзе правядзення следчых эксперыментаў па фактах ДТЗ паказваюць, што вадзіцель можа ўбачыць неабазначанага пешахода за 15-40 метраў, а абазначаны святлоадбівальнымі элементамі пешаход бачны ў бліжнім святле фар на адлегласці 140-150 метраў, у далёкім святле - 300-400 метраў. Адпаведна, вадзіцель можа прадухіліць наезд, г. зн. знізіць хуткасць руху, зманеўраваць, быць больш уважлівым.

Дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам пешаходаў характарызуюцца высокай ступенню траўматызму. Вадзіцель усё ж больш абаронены элементамі транспартнага сродку, а пешаход можа атрымаць траўму нават пры невялікім кантакце з аўтамабілем, які рухаецца.

Рэкамендацыі вадзіцелям:

-      Не перавышайце ўстаноўленую хуткасць руху.

-      Выбірайце бяспечную хуткасць руху з улікам асаблівасцяў транспартнага сродку, метэаралагічных умоў, стану дарожнага палатна.

-      У цёмны час сутак, ва ўмовах недастатковай бачнасці пры сустрэчным раз'ездзе будзьце вельмі ўважлівымі, прытармазіце. Наперадзе магчыма перашкода, якую цяжка разгледзець пры сустрэчным святле фар (неабазначаны пешаход, транспартны сродак, які стаіць без габарытных агнёў, і г. д.)

-      Утрымлівайце свой аўтамабіль у спраўным стане (асвятляльныя прыборы, тармазную сістэму, рулявое ўпраўленне, стан шын і г. д.)

-      Захоўвайце бяспечную дыстанцыю да транспартнага сродку, які рухаецца наперадзе, не парушайце правілаў абгону.

-      Па меры магчымасці выключце паездкі ў цёмны час сутак, пры ўскладненні ўмоў надвор'я.

Рэкамендацыі пешаходам:

-      У цёмны час сутак пры руху па аўтамабільных дарогах і вуліцах абазначце сябе святлоадбіваючымі элементамі (пераважна ў выглядзе ўсемагчымых павязак, бранзалетаў, палосак і т. п., якія можна ўбачыць з розных бакоў.

-      Ідзіце толькі насустрач руху. Так вы можаце кантраляваць сітуацыю, якая складваецца наперадзе (сысці з дарогі, калі вадзіцель не заўважае пешахода, і г. д.)

-      Старайцеся перасякаць праезджую частку на скрыжаваннях, пешаходных пераходах, асветленых участках пры адсутнасці транспартных сродкаў, якія рухаюцца.

-      Выключце знаходжанне на праезджай частцы ў стане ап'янення, паколькі пры ўжыванні спіртнога няправільна ацэньваецца сітуацыя на дарозе.

Набыць святлоадбівальныя элементы ў асартыменце можна ў гандлёвых пунктах раёна. Як пажаданне, можна сказаць, што перавагу варта аддаваць найбольш практычным відам такіх элементаў. У прыватнасці, нарукаўным павязкам яркіх колераў, якія можна заўважыць і ва ўмовах недастатковай бачнасці (туман, ападкі), і ў цёмны час сутак.

Для веласіпедыстаў і возчыкаў гужавых павозак варта напомніць, што згодна з п. 149 ПДР, пры руху па дарозе ў цёмны час сутак і пры недастатковай бачнасці на веласіпедзе павінны быць уключаны: спераду - фара (ліхтар) з белым святлом, ззаду - ліхтар з чырвоным святлом. Можна дадаткова ўстанаўліваць святлоадбівальныя элементы (катафоты). Таксама рэкамендуецца пры руху на веласіпедзе ў цёмны час сутак карыстацца камізэлькай павышанай бачнасці са святлоадбівальнымі ўстаўкамі.

Неабходна напомніць, што пры руху ў цёмны час сутак па аўтадарозе ці вуліцы без святлоадбівальнага элемента пешаход падвяргаецца адміністрацыйнаму спагнанню ў  выглядзе  штрафу  памерам ад 35 000 да 105 000 рублёў, а калі ён яшчэ знаходзіцц ў стане алкагольнага ап'янення -  штрафу ў памеры ад 105 000 да 175 000 рублёў. Калі па віне пешахода адбылося ДТЗ - штраф  у  памеры  ад  175 000 да 700 000 рублёў.

Паважаныя грамадзяне! Не дапусціце бяды. Калі вы бачыце ці ведаеце, што транспартным сродкам кіруе вадзіцель у стане алкагольнага ап'янення, або на дарозе знаходзіцца нецвярозы пешаход, тэрмінова паведаміце ў дзяжурную частку РАУС па тэл. 8-029-776-73-44 (МТС), 5-19-15 ці 102 (званок бясплатны). Магчыма, ваша інфармацыя зберажэ камусьці жыццё, а іншаму не дазволіць скалечыць лёс.

ДАІ Стаўбцоўскага РАУС