Нядзельная школа ў Стоўбцах
Нумар - №183-185 Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына
23.09.2011
Распачата ўзвядзенне новага храма ў гонар Уваскрэсення Хрыстовага ў Стоўбцах. Стараннямі настаяцеля іерэя Віталія Шаркова арганізоўваецца і жыццё новага царкоўнага прыхода. З 1 кастрычніка пачне працаваць Нядзельная школа пры Свята-Уваскрэсенскім прыходзе. Прапанову ў арганізацыі работы Нядзельнай школы ў памяшканні раённай дзіцячай бібліятэкі падтрымала загадчыца гэтай установы Наталля Даўлюд. Дзіцячая бібліятэка мае ўжо напрацоўкі ў духоўна-асветніцкай дзейнасці. І цяпер гатова садзейнічаць у арганізацыі работы школы пры праваслаўным прыходзе.
Дырэктарам Нядзельнай школы назначаны Андрэй Ліпніцкі. Андрэй Аляксандравіч з'яўляецца супрацоўнікам МНС, працуе ў Мінску. Адначасова мае вопыт работы з моладдзю, не адзін год выкладаў у Нядзельнай школе пры храме Мінска, а таксама вёў факультатыў "Асновы праваслаўнай культуры" ў сталічнай школе. Закончыў школу катэхізатараў. Да таго ж з'яўляецца студэнтам завочнага аддзялення факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Напярэдадні адкрыцця Нядзельнай школы мы просім Андрэя Аляксандравіча падзяліцца, як будзе арганізавана жыццё школы.
- Работа з дзецьмі і моладдзю з'яўляецца адной з галоўных складаючых служэння Рускай Праваслаўнай Царквы, - расказвае Андрэй Ліпніцкі. - Духоўнае выхаванне падрастаючага пакалення - актуальная задача. І гэтаму можа паслужыць Нядзельная школа пры праваслаўным прыходзе. У ёй, у адрозненне ад звычайных свецкіх школ, навучаюць тым навукам, якія фарміруюць душу хрысціяніна, паведамляюць яму самыя неабходныя паняцці аб Богу, вечнасці, аб сатварэнні чалавека і яго збавенні Сынам Божым, аб Хрыстовай Царкве, Таінствах. Праз вывучэнне хрысціянскай традыцыі раскрываецца сэнс і глыбыня праваслаўнага веравучэння і богаслужэння. Заняткі ў Нядзельнай школе будуць садзейнічаць духоўнаму і маральнаму развіццю дзіцяці, далучэнню да праваслаўнай веры, дапамогуць успрыняць яе ўсвядомлена, у згодзе розуму і сэрца. Дзеці пазнаёмяцца з асновамі праваслаўнай культуры і хрысціянскай маральнасці. Каб вучні не стамляліся, заняткі будуць праходзіць, як правіла, у выглядзе размоў на розныя маральныя тэмы, абмеркавання тых ці іншых этычных паняццяў. Для прыкладу будуць выкарыстоўвацца павучальныя гісторыі духоўных подзвігаў праваслаўных святых, а таксама рэальныя падзеі нашага сённяшняга жыцця. Падагуліць атрыманыя веды і навыкі можна ў гульнявых сітуацыях. Для гэтага ёсць праваслаўныя развіваючыя гульні, красворды і іншы займальны матэрыял. У вучэбным працэсе будуць прымяняцца відэаматэрыялы Рускай Праваслаўнай Царквы. Нядзельная школа не толькі садзейнічае атрыманню ведаў аб Праваслаўі, але таксама паказвае і прыклад хрысціянскага жыцця. Школа будзе спрыяць таму, каб стварыць прыход, адзіную хрысціянскую сям'ю, дзе дзеці разам моляцца, вучацца, гуляюць, маюць зносіны, абмяркоўваюць свае жыццёвыя і духоўныя праблемы.
- Якія прадметы будуць уключаны ў адукацыйную праграму Нядзельнай школы?
- Гэта вывучэнне Біблейскай гісторыі Старога і Новага Запавету, гісторыі Царквы, катэхізіс. Дзеці пазнаёмяцца з праваслаўным богаслужэннем, будуць чытаць жыція святых. Адзін з прадметаў - царкоўныя спевы. У працэсе навучання будуць выкарыстоўвацца наглядныя дапаможнікі, абсталяванне мультымедыя, DVD, што дазволіць больш жыва ўспрымаць інфармацыю і вучэбны матэрыял. Жыццё Нядзельнай школы будзе намнога багацейшым, чым толькі правядзенне ўрокаў. Плануецца падрыхтоўка спектакляў, удзел у кірмашах, арганізацыя паходаў як аднадзённых, так і шматдзённых, паломніцкія экскурсіі. У перспектыўных планах - работа гурткоў і клубаў па інтарэсах.
- Ці распрацаваны ўжо распарадак работы Нядзельнай школы?
- Навучанне ў Нядзельнай школе бясплатнае. Яно разлічана на тры гады. Заняткі будуць уключаць 2 урокі па 30 мінут з перапынкам 10 мінут. Пасля заняткаў, у час чаяпіцця, будуць праводзіцца размовы са свяшчэннікам, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Заняткі ў Нядзельнай школе пры Свята-Уваскрэсенскім прыходзе будуць праходзіць па суботах з 14 да 16 гадзін на другім паверсе раённай дзіцячай бібліятэкі ў памяшканні мастацкай гасцёўні. Першы сход з малебнам на пачатак навучальнага года пройдзе 1 кастрычніка, у суботу, у 14 гадзін. Неабходную інфармацыю па запісе дзяцей у Нядзельную школу можна атрымаць па тэлефоне 8-0296118420 (Андрэй Аляксандравіч).
- Пажадаем вам, Андрэй Аляксандравіч, Божай дапамогі ў вашых пачынаннях і плёну ў стараннях па арганізацыі дзейнасці Нядзельнай школы.






