мобильная версия
Прамень

У падарожжа – з багажом ведаў

Нумар - №183-185    Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына, Паездкі, экскурсіі

23.09.2011

Фотография 1

Многія з педагогаў свае веды, дасведчанасць рэалізуюць не толькі ў час правядзення ўрокаў. Як і намеснік дырэктара па метадычнай рабоце стаўбцоўскай гімназіі № 1, настаўнік гісторыі вышэйшай катэгорыі Таццяна Татарынец. Шмат гадоў яна з'яўляецца пазаштатным экскурсаводам турыстычнага бюро. Для гэтага яна атрымала афіцыяльны сертыфікат у Нацыянальным агенцтве па турызме, дзе прайшла атэстацыю.

Таццяна Сцяпанаўна пацвярджае, што для яе гэта хобі. Яе вабяць падарожжы, яна любіць дарогу. І хоць кожная паездка патрабуе немалога напружання фізічных сіл, Таццяна Татарынец пераносіць гэта з задавальненнем. Праходзіць тыдзень-два - і ў яе зноў "чамаданны" настрой. Суправаджае экскурсійныя і турыстычныя групы ў свой вольны ад заняткаў час і ў выхадныя дні. У аддзеле па турызме аўтапарка № 17 з удзячнасцю прымаюць працу такіх падзвіжнікаў - пазаштатных экскурсаводаў, якія асвоілі многія маршруты, глыбока ведаюць гісторыю свайго краю, умеюць цікава данесці інфармацыю да турыстаў.

Аддзел па турызме пастаянна адкрывае новыя турыстычныя і паломніцкія маршруты. Таццяна Татарынец, напрыклад, суправаджае групы па ўсёй Беларусі - Магілёў, Гродна, Полацк, Белавежская пушча, Брэст, Ліда, Нясвіж - Мір - Навагрудак...

-       Я імкнуся данесці да турыстаў, што гісторыя нашай Беларусі найбагацейшая, і сваім сэрцам перадаць ім любоў да роднага краю, да сваёй зямлі, якая выстаяла нашэсце столькіх войнаў, - расказвае Таццяна Татарынец. -  Радуе, што ў Беларусі захавалася шмат даўніны, рэстаўрыруюцца старадаўнія храмы, княжацкія палацы. З радасцю наведваем заўсёды старажытны Полацк, які нездарма называюць калыскай праваслаўнай духоўнасці. Клад духоўнасці і гісторыка-архітэктурных каштоўнасцяў Свята-Ефрасіньеўскі манастыр, дзе захавалася царква ХІІ стагоддзя. У Полацку турысты наведваюць таксама Сафійскі сабор, музеі кнігадрукавання, экалогіі і іншыя адметныя мясціны. Вельмі прыгожы горад Магілёў з Буйніцкім полем, вёскай майстроў, заасадам. Упрыгожаннем Гродна з'яўляюцца дамы ХІХ стагоддзя з адметнымі балкончыкамі. Турысты наведваюць тут старадаўнія фарны кацёл, каралеўскія замкі. У Гродне захавалася і царква ХІІ стагоддзя - Барыса-Глебская. А суседні з намі Навагрудак! Гэта ж клад даўніны, у сваёй гісторыі ён захоўвае памяць аб Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай. Замак Гедыміна паказвае экскурсантам Ліда. Пасля рэспубліканскіх "Дажынак" гэты горад можа паспаборнічаць з іншымі за званне найпрыгажэйшага. Адзін з новых турыстычных маршрутаў - Кобрын. Тут ёсць найбагацейшы музей гісторыі зброі і музей А. В. Суворава. Музеі вельмі прыцягваюць мяне. Мы з вучнямі гімназіі займаемся навукова-краязнаўчай работай. Не першы год даследуем тэму "Гісторыя Стаўбцоўскага гета". Гэтая работа была адзначана дыпломам ІІ ступені на Міжнародным конкурсе ў Маскве "Халакост. Урокі талерантнасці". Калі ў складзе экскурсійнай групы школьнікі, то экскусія пераўтвараецца ва ўрок-падарожжа. Па дарозе дзеці атрымліваюць шмат новай інфармацыі з гісторыі свайго краю. І я стараюся максімальна скарыстаць час дарогі, каб як мага больш даць вучням інфармацыі, прычым данесці яе ў жывой форме, каб ім запомнілася.

Не толькі Таццяна Татарынец, але і іншыя педагогі раёна паспяваюць быць і настаўнікамі, і пазаштатнымі экскурсаводамі, між іншым, на грамадскіх умовах. Удзельнікаў злёту моладзі краін СНД, які прайшоў летам у нашым раёне, у турыстычных паездках па знакамітых мясцінах нашага краю суправаджалі настаўніца рускай мовы і латаратуры Слабадской базавай школы Галіна Курыла, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца гісторыі гімназіі № 1 Іна Аляшкевіч, настаўніца гісторыі, таксама гімназіі, Марына Ларычава, настаўніца рускай мовы і літарарутры СШ № 2 Таццяна Гаўрыленка, настаўнік гісторыі Залужскай СШ Міхаіл Міхно, настаўнік гісторыі Шашкоўскай СШ Міхаіл Сурко, настаўніца гісторыі Старасвержанскай СШ Тамара Кізевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 3 Алена Каласоўская, настаўнік гісторыі Нававёскаўскай СШ Уладзімір Петрушэнка. Большасць з гэтых педагогаў маюць стаж пазаштатных экскурсаводаў. І выдатна працуюць у гэтым накірунку. Падчас сумеснай работы на злёце моладзі СНД экскурсіі праводзілі менавіта гэтыя настаўнікі. Яны расказвалі нашым гасцям аб гісторыі родных мясцін, знакамітых людзях Стаўбцоўшчыны. Рабяты задавалі шмат пытанняў, значыць, педагогі сумелі выклікаць у іх інтарэс да гісторыі Беларусі і стаўбцоўскай зямлі. Пазаштатных экскурсаводаў з ліку педагогаў часта запрашаюць правесці экскурсіі ў час прыёму на Стаўбцоўшчыне гасцей з іншых рэгіёнаў, рэспублік і краін.

Педагогі, якія сумяшчаюць працу пазаштатных экскурсаводаў, з правам адзначаюць два прафесійныя святы - Дзень настаўніка і Дзень турызму, які святкуецца 27 верасня.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ