З валанцёрскай "Іскрай"
Нумар - №183-185 Рубрыка - Моладзь Стаўбцоўшчыны
23.09.2011
Валанцёрскі атрад "Іскра" Заямнаўскай школы вылучаны для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу БРСМ "Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак".
- З красавіка і на працягу ўсіх летніх канікулаў удзельнікі "Іскры" працавалі на тэрыторыі школы, у сваёй роднай вёсцы, каб зрабіць іх прыгажэйшымі, - адзначае першы сакратар раённага камітэта БРСМ Дзіяна Ранцюк.
Канкрэтна пра тое, як і што рабілі гуртам дзяўчаты і хлопцы-валанцёры, расказала завуч па выхаваўчай рабоце школы Алена Жаўнерчык:
- "Іскра" была створана з вучняў 10 і 8 класаў. Працавалі ўсе дружна, з "іскрынкай" і рабілі вельмі патрэбную справу: прыбіралі тэрыторыю школы, школьны стадыён і суседнюю з ім алею, наводзілі парадак вакол помніка воінам-землякам і, зразумела, дапамагалі бацькам ачышчаць свае двары. Справа гэтая, трэба сказаць, бесперапынная, але кожны валанцёр праявіў да яе зацікаўленасць. З сабою рабяты бралі фотаапарат, каб занатаваць добрыя справы атрада.
Камандзірам "Іскры" была Настасся Місюкевіч, камісарам - Яўген Рак. З атрадам працавала класны кіраўнік 10 класа Святлана Глоба.
Конкурс валанцёрскіх атрадаў неўзабаве падвядзе вынікі, але валанцёры не згортваюць сваю дзейнасць. Гэтай восеньскай парой заямнаўская "Іскра" плануе пабываць з рабочым інструментам каля помніка ахвярам Халакосту.






