З верай у лепшае
Нумар - №183-185 Рубрыка - Калонка дэпутата
23.09.2011

Паважаныя выбаршчыкі!
Лічаныя дні засталіся да адкрыцця чарговай дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў. Пачне яна сваю работу 3 кастрычніка.
А зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да яе - праводзяцца пасяджэнні пастаянных камісій, рабочых груп, ідуць кансультацыі са спецыялістамі. Шмат праектаў накіраваны для азнаямлення, магчымага ўнясення паправак і заўваг зацікаўленымі ведамствамі, арганізацыямі і грамадзянамі. Гэта павінна зрабіць дакументы больш дасканалымі і выверанымі, з максімальным улікам інтарэсаў грамадзян і дзяржавы.
Усяго цяпер на разглядзе ў пастаянных камісіях Палаты прадстаўнікоў знаходзіцца звыш 50 дакументаў. На якія з іх найперш хацелася б звярнуць увагу?
Напэўна, няма зараз такога чалавека, які б быў абыякавы да сённяшняй фінансавай эканамічнай сітуацыі. Яе складанасць адчуваюць на сабе працаўнікі самых розных галін вытворчасці, работнікі бюджэтнай сферы, пенсіянеры.
Але ж нельга не заўважыць тых захадаў, якія цяпер робяць урад краіны і Нацыянальны банк па стабілізацыі абстаноўкі. Абнадзейвае і тое, што ў гэтых няпростых стасунках вытворчасць працуе ў зададзеным рытме, па шэрагу напрамкаў, як сведчыць статыстыка, ідзе рух наперад. Такая тэндэнцыя дае веру на змены да лепшага.
Усе гэтыя працэсы, безумоўна, адследжваюцца і ў парламенце рэспублікі. Прапрацоўваючы пытанні, звязаныя з фарміраваннем бюджэтнай і падатковай палітыкі на наступны год, парламентарыі разглядаюць і рыхтуюць законапраекты, якія павінны непасрэдна ўздзейнічаць на эканамічныя працэсы ў нашай краіне, рабіць уплыў на ўдасканаленне адносін у гэтай сферы, сфарміраваць больш прывабны інвестыцыйны клімат.
Як вядома, на папярэдняй сесіі ў першым чытанні быў прыняты праект Жыллёвага кодэкса. Гэты дакумент выклікаў даволі значны інтарэс у грамадстве. Дастаткова сказаць, што па ім у Палату прадстаўнікоў паступіла звыш тысячы заўваг і прапаноў. Усе яны дэталёва разгледжаны пры дапрацоўцы гэтага заканадаўчага акта. Работа над кодэксам працягваецца, яго рыхтуюць да разгляду на сесіі.
У ліку іншых мае працяг работа над праектам Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сістэме жыллёвых будаўнічых зберажэнняў". Ідзе праца над унясеннем змяненняў і дапаўненняў у Грамадзянскі кодэкс, некаторыя законы па пытаннях занятасці насельніцтва, абароны правоў спажыўцоў, натарыяльнай дзейнасці, дзяржаўнай службы. Распрацоўваюцца нарматыўныя акты, звязаныя з інавацыйнай палітыкай і інавацыйнай дзейнасцю, санітарна-эпідэміялагічным дабрабытам насельніцтва, і шмат іншых.
Кожны з гэтых дакументаў мае вялікую грамадскую і дзяржаўную значнасць, таму павінен быць дасканала адпрацаваны, улічваць сённяшнія рэаліі, будучыя стасункі, даваць імпульс для руху наперад.






