Заставайцеся з "Праменем"!
Нумар - №183-185 Рубрыка - Калонка рэдактара
23.09.2011
Стоўбцы. Стаўбцоўшчына. Радзіма Якуба Коласа, Язэпа Лёсіка, Фелікса Дзяржынскага… Мы па праву ганарымся гэтымі імёнамі, ганарымся, што жывём на Стаўбцоўшчыне, у краі азёр, лясоў, цудоўных мясцін. А як жыць у Стаўбцоўскім раёне, горадзе і не ведаць навін, якія адбываюцца на нашай малой радзіме.
Мы, журналісты раённай газеты "Прамень", шчыра ўдзячны сваім падпісчыкам за вернасць нашай газеце, за пісьмы, за тэлефанаванні, за падказкі наконт цікавых матэрыялаў і адрасоў. Нам прыемна, што вы з цікавасцю сочыце за развіццём нашага раёна ў сацыяльна-эканамічным плане, аб гэтым чытаеце не толькі на старонках нашай газеты, але і звяртаецеся ў электронную прыёмную рэдактара, выказваеце свае погляды і меркаванні. Таксама мы заўважылі, што карыстаюцца папулярнасцю ў чытачоў прамыя лініі са старшынёй райвыканкама і ўсімі адказнымі асобамі, рубрыкі "На сувязі - рэдакцыя", "SMS-дыялог", "Тыдзень Стаўбцоўшчыны" і іншыя. Напэўна, паважаныя чытачы, вы заўважылі, што ўвесь матэрыял мы аб'ядноўваем тэматычна, даём анонс матэрыялаў не толькі ў газеце, але і па радыё, стараемся выконваць усе свае абяцанні і вашыя просьбы-пажаданні. З нашай газеты вы можаце даведацца не толькі пра навіны на Стаўбцоўшчыне, але і ў вобласці, рэспубліцы, пазнаёміцца з гараскопам на тыдзень, з праграмай тэлебачання, рэкламай, аб'явамі, пачытаць пра людзей працы, нашых мясцовых пісьменнікаў, творцаў.
Мне, як рэдактару, асабліва прыемна, калі нашай газеце даецца станоўчая адзнака далёка за межамі нашага раёна. Вось радкі з пісьма маёй калегі з Гродзеншчыны: "Заўсёды, бываючы ў родных мясцінах, у Стоўцах, я абавязкова знаёмлюся з вашым "Праменем". Цікава, змястоўна, павучальна. Газета за апошні час стала больш інфармацыйна насычанай, шматграннай. Тут можна прачытаць і пра АПК, навіны спорту, культуры, адукацыі, медыцыны, палітыкі, міжнароднага жыцця, атрымаць юрыдычную параду. Зачытваюся вашымі спецвыпускамі… Набрала ў маці вашых газет і завезла сваім супрацоўнікам. Чытайце, глядзіце, бярыце прыклад. Малайцы, праменеўцы! Так трымаць!"
Дзякуй, шаноўныя нашы чытачы і падпісчыкі, за добрыя словы. Мы разумеем, што штосьці ў нас не так добра атрымліваецца, штосьці ўдаецца нядрэнна. Але мы сапраўды стараемся.
Паважаныя госці і жыхары Стаўбцоўшчыны! Усім вядома, што заканчваецца падпісная кампанія на ІV квартал 2011 года. Не забудзьцеся падпісацца на "Прамень". Кошт падпіскі на нашую газету адзін з самых танных: для індывідуальных падпісчыкаў: на месяц - 8 000 руб., на квартал - 24 000 руб.
Заставайцеся з любімай раёнкай. Будзьма разам!






