мобильная версия
Прамень

Футбол – гульня масавая

Нумар - №186-187    Рубрыка - Спорт

27.09.2011

Фотография 1

100-годдзю беларускага футбола прысвячаюцца турніры, спаборніцтвы па ўсёй рэспубліцы. Пад эгідай юбілейнай даты прайшлі дзіцячыя футбольныя фестывалі.

Сярод арганізатараў іх быў і дырэктар Стаўбцоўскай ДЮСШ, суддзя па футболе міжнароднай катэгорыі Сяргей Жук.

-       Папярэдне, - расказвае Сяргей Іванавіч, - праведзены курсы ФІФА па масавым футболе. Кіравалі імі інструктары Міжнароднай федэрацыі футбола Хорст Крытэ і Аляксандр Чарнуха, а таксама інструктар Еўрапейскай федэрацыі (УЕФА) Яўген Сталіценка. - Па праграме гэтых курсаў адбыліся прэзентацыі, круглы стол на тэму "Арганізацыя і асаблівасці дзіцячага масавага футбола ў рэгіёнах, праблемы і шляхі іх вырашэння". Абагульняўся вопыт, даваліся практычныя рэкамендацыі. Бясспрэчна, футбол - самая любімая спартыўная гульня для рабят практычна ва ўсім свеце. Але ж важна, каб не было  гэта проста валтузнёй з мячом, добра, калі на пляцоўцы, а то і ў двары, нават на вуліцы. А каб мелася футбольнае поле, вароты, сапраўды футбольныя мячы і іншая экіпіроўка. Каб прысутнічаў дух спаборніцтва. І каб самыя здольныя змаглі развіваць свае задаткі, імкнуліся трапіць у спартыўныя каманды, радаваць сваім майстэрствам гледачоў і магчыма нават абараняць гонар рэгіёна ці нават усёй краіны.

Адпаведна мерапрыемствы тыдня і дзіцячыя футбольныя фестывалі прайшлі ў Мінску, Брэсце, Барысаве, Лідзе, Шклове, Паставах…

-       А як у Стоўбцах?

-       Наш раён таксама не застаўся ў баку ад такой важнай спартыўнай акцыі. Тыдзень масавага футбола азнаменаваўся турнірам, у якім былі задзейнічаны каманды амаль усіх школ раёна.

Папярэднія спаборніцтвы адбыліся па зонах. У Дзераўнянскай на спорткомплексе "Меліяратар" сапернічалі каманды Дзераўнянскай, Цеснаўской, Шашкоўскай, Рочавіцкай і Рубяжэвіцкай школ. У Старым Свержані, акрамя гаспадароў, мераліся сіламі юныя футбалісты Залужскай, Заямнаўскай, Засульскай і Горкаўскай СШ. У Любкаўшчыне выяўлялі мацнейшых тры калектывы - Любкаўшчынскай, Вішнявецкай і Мікалаеўшчынскай школ. На жаль, не прыняла ўдзелу каманда з Новага Свержаня, якая таксама атрымала запрашэнне. І нарэшце, у гарад-ской зоне здавалі тэст футбольнага майстэрства каманды ўсіх стаўбцоўскіх школ і рабяты з Коласава.

Пераможцы кожнай зоны сабраліся для рашаючых паядынкаў на стадыёне "Юнацтва". Тут на пляцоўцы са штучным пакрыццём (быў, зразумела, міні-футбол) і вызначыўся пераможца турніру. Ім стаў калектыў СШ № 3 г. Стоўбцы. Далей месцы размеркаваліся так: каманды Дзераўнянскай, Залужскай і Вішнявецкай школ. Прызёрам былі ўручаны кубкі і граматы абласной асацыяцыі футбола.

-       Турнір адкрыў футбольныя "зорачкі"?

-       Авансы даваць рызыкоўна. Не дасі ж гарантыі, што, скажам, пераможца раённага агляду музыкантаў стане абавязкова вядомым скрыпачом ці піяністам-віртуозам. Для дасягнення высокай мэты, акрамя здольнасцяў, патрэбна ўпартая праца. Але лепшых назавём, тым больш, што яны афіцыйна вызначаны трэнерскім журы. Самы выніковы бамбардзір - Аляксей Язвінскі, на яго рахунку 8 забітых мячоў. Найлепшы варатар - Аляксей Калодзінскі, абаронца Аляксей Бурачэўскі, нападаючы - Арцём Чыжык, прыз сімпатый гледачоў уручаны Вадзіму Бурдукевічу.

Заўважу, што дадзены рэкамендацыі праводзіць падобныя турніры рэгулярна. Што ж датычыць мерапрыемстваў з нагоды юбілею беларускага футбола, то яны прадоўжацца. Чакаецца прыезд прадстаўнічай дэлегацыі УЕФА на чале са старшынёй Еўрапейскай федэрацыі футбола, у мінулым легендарным футбалістам Мішэлем Плаціні. І ў гэтым знак аўтарытэту футбола Беларусі, які расце.

Пр