мобильная версия
Прамень

Любая справа – з натхненнем

Нумар - №186-187    Рубрыка - Сям’я

27.09.2011

Ці цяжка быць адначасова дбайным гаспадаром, добрым сем'янінам і аматарам (калі не сказаць прафесіяналам) сваёй справы? Пра гэта паразважала сям'я Панфілавых на сустрэчы ў Залужскім доме культуры.

Сям'я Панфілавых, Наталля Іосіфаўна і Андрэй Міхайлавіч, сустрэлі гасцей хлебам-соллю і сардэчна запрасілі на свой падворак, "аблюбаваны" бусламі, як жывымі, ад умелых рук гаспадара. Апынуўшыся ў гэтым куточку, адразу разумееш, што гаспадары - сапраўдныя ўмельцы.

Андрэй Міхайлавіч ужо доўгі час займаецца сталярнай работай. Хата і ўся сядзіба Панфілавых аздоблены і ўпрыгожаны яго вырабамі. Гэта і драўляны вазок, які акружаюць прыгожыя кветкі, і цудоўны калодзеж, з якога так і хочацца напіцца. А яшчэ - дзівосная альтанка, дзе добра бавіць час з гасцямі.

- Займаюся гэтай справай ужо васямнаццаць гадоў, - кажа Андрэй Міхайлавіч, - а пачалося ўсё яшчэ ў арміі. Там мы рабілі кухонныя скрыні. Далей я паспрабаваў сябе ў кааператыве "Ваяж". Пасля працаваў у РБУ цесляром. Цяпер - сталяр ААТ "Агранёманскі". Маім першым настаўнікам быў Іосіф Шаціла. Менавіта ад яго я многае пераняў. У 1994 годзе ажаніўся, нам выдзелілі дом, і з таго часу я ўсё раблю, каб у нас было ўтульна і прыгожа.

У доме рукамі Андрэя Міхайлавіча зроблены дзверы, столь, кухня. Трэба сказаць, што галоўным дызайнерам выступае яго жонка. Менавіта яна робіць малюнкі-эскізы, у якіх занатоўвае свае пажаданні. Сама ж гаспадыня вельмі добра вяжа (на прутках і кручком) і пляце бісерам. Такім чынам яна апранае сябе, мужа і дваіх дзяцей.

- Пачала вязаць у другім класе, - расказвае Наталля Іосіфаўна, - вучыла мяне гэтай справе сястра. Спачатку стварала адзенне лялькам, а ў чацвёртым класе звязала сабе камізэльку з узорам. У старэйшых класах рабіла сабе касцюмы. Бывала так, што прыходзілася сядзець да дзвюх гадзін ночы, каб паспець звязаць што-небудзь новенькае да дыскатэкі. Вязаць кручком вучылася сама, па кнізе. Напэўна, усе мае таленты перайшлі да мяне ад прабабулі - яна была майстрыхай на ўсе рукі.

Наталля Іосіфаўна прызнаецца, што за вязаннем яна адпачывае. Работы сям'і Панфілавых выстаўляліся ў мясцовым Доме культуры, у райцэнтры. Фотаздымкі іх вырабаў знаходзяцца ў альбоме Залужскага СДК "Мясцовыя ўмельцы".

Акрамя таго, Наталля Іосіфаўна і Андрэй Міхайлавіч - добрыя павары. Наталля Іосіфаўна любіць займацца выпечкай. У яе атрымліваюцца смачныя пірагі, румяныя булкі, салодкія торты… А Андрэй Міхайлавіч з вялікім задавальненнем накорміць усю сям'ю, асабліва ў выхадныя дні. Яго фірменныя стравы - боршч з фасоллю і смажаніна па-дамашняму.

Ды і гаспадарка ў Панфілавых немалая! Сям'я трымае свіней, трусоў, курэй.

Відавочна, калі сэрцу - асалода, то і шмат спраў у руках спорыцца.

Вольга Мазур