мобильная версия
Прамень

У адзін дзень – дні нараджэння

Нумар - №186-187    Рубрыка - Сям’я

27.09.2011

Фотография 1

Іван Лапко, брыгадзір МТФ "Лапкі" ААТ "Аталезь-агра", адзначыў нядаўна свой чарговы жыццёвы юбілей. Варта згадаць, што ўся працоўная біяграфія Івана Валяр'янавіча звязана з мясцовай гаспадаркай. Да выхаду на пенсію ён узначальваў Апечкаўскую малочнатаварную ферму, калектыў якой пастаянна займаў у гаспадарцы лідзіруючыя пазіцыі. І вось ужо год  рупіцца ў Лапках, стараецца вывесці  гэтае вытворчае падраздзяленне ў перадавікі,  што, трэба сказаць, яму ўдаецца.

- Дырэктар таварыства папрасіў мяне  прыняць ферму, а я не змог адмовіцца, - патлумачыў Іван Валяр'янавіч.

Вопыт у Лапко накоплены немалы, як-ніяк, а амаль трыццаць гадоў шчыруе ў жывёлагадоўлі. Ёсць у яго і жылка камандзірская, і падыход да людзей мае, таму і справы на ферме ладзяцца. Здароўе пакуль што дазваляе гэтаму добрасумленнаму і шчыраму чалавеку плённа працаваць, нягледзячы на шаноўны ўзрост, таму і выйшаў на працу, скасаваўшы па ўласным жаданні свой заслужаны  бестэрміновы адпачынак. І зноў заняў брыгадзірскую пасаду, як сам сказаў, пакуль не знойдуць замену.

Разам з мужам адсвяткавала юбілей і жонка Ніна Іванаўна, якая нарадзілася на дзень пазней за мужа, але спраўляюць яны дні нараджэння вось ужо на працягу сарака двух гадоў ў адзін дзень. І тады збіраецца поўная хата гасцей. Вось і сёлета прыехалі дзеці, а іх у Лапкоў сямёра, з унукамі і праўнукамі. Прывезлі падарункі.

- У гэтым годзе куплялі іх па нашым заказе, - сказала Ніна Іванаўна. -  Падарылі сокавыціскалку, блендар і набор каструляў. Мы вельмі задаволены. Свята атрымалася.

А на пытанне, што запала ў памяць больш з пражытых разам гадоў, муж і жонка адказалі, што яны працавалі і заўсёды стараліся рабіць усё так, каб у сям'і быў лад, і надавалі гэтаму першапачатковае значэнне. Імнуліся, каб дзеці раслі здаровымі, добра вучыліся і знайшлі сваё месца ў самастойным жыцці.

- Лічу, што пражыў жыццё не дарэмна, - сказаў Іван Валяр'янавіч. - Работа задавальняла, радавалі дзеці. Я сам са шматдзетнай сям'і, таму і хацелася, каб было больш дзяцей, прадаўжальнікаў нашага роду. Усіх семярых мы паставілі на ногі, хоць было і нялёгка. Дзецьмі сваімі задаволены, не забываюць пра нас, прыязджаюць адведваць. Маем васьмёра ўнукаў і трох праўнукаў. Як збяруцца  ў нас усе разам, то бывае весела. Хата вялікая, месца ўсім хапае. Варта згадаць, што дом, у якім зараз пражываюць Лапкі, быў спецыяльна пабудаваны гаспадаркай для гэтай шматдзетнай сям'і.

Іван Лапко прыйшоў працаваць у калгас пасля заканчэння сямі класаў, а было гэта паўстагоддзя назад. На брыгадзе спачатку працаваў, а пасля службы ў арміі (служыў у ракетных войсках у Прыбалтыцы і Калінінградскай вобласці), сеў на трактар, затым вадзіцелем быў. З 1982 года прыняў малочнатаварную  ферму,  з гэтай пасады і  пайшоў на пенсію.

З будучай жонкай сваёй пазнаё-міўся на малаказаводзе, дзе Ніна працавала лабаранткай. Вяселле гулялі ў Апечках, і засталіся тут жыць. Ніна Іванаўна прафесію не змяніла,  шаснаццаць гадоў адпрацавала на ферме разам з мужам.

Гэтыя працавітыя і сумленныя людзі заслужылі павагу ў  аднавяскоўцаў. Ім па добраму зайздросцяць, бо сям'я моцная. Лапкі здолелі пранесці праз гады і захаваць цёплыя пачуцці, якія іх некалі з'ядналі. Іван Валяр'янавіч зазначыў, што мужу і жонцы трэба абавязкова разумець адно аднаго, саступаць у спрэчках, калі таго патрабуюць абставіны, бо ўсякае здараецца ў сям'і, і ўмець дараваць.

Бацькі ганарацца сваімі дзецьмі. З маленства прывучалі іх да работы. Дзеці  заўсёды дапамагалі бацькам па хатняй гаспадарцы, і цяпер, як наведваюцца, то стараюцца ўзяць асноўную частку клопатаў на сябе.

Старэйшы сын Ігар працуе настаўнікам у Навасвержанскай школе, Іван уладкаваўся ў Мінску інжынерам, Сяргей - у райгазе газаэлектразваршчыкам, а  малодшы Аляксандр шчыруе ў Апечкаўскім лясніцтве. Дачка Жанна працуе кандытарам у "Гноме", Таццяна  завіхаецца аператарам машыннага даення на МТФ "Апечкі", а малодшая Юлія - галоўны бухгалтар ААТ "Аталезь-агра".

У вольную хвіліну, якая выпадае рэдка, Іван Валяр'янавіч ездзіць з жонкай у  грыбы. Астатні час займаецца хатнімі клопатамі - ён выдатны гаспадар. А яшчэ вельмі цікавіцца палітыкай, навіны па тэлевізары можа глядзець і за апоўнач. У Ніны Іванаўны іншае захапленне - вязанне, яна кнігі чытае і любіць разгадваць красворды. На яе плячах клопаты жаночыя - ежу прыгатаваць, агарод дагледзець, на зіму закаткі паставіць.

Дарэчы дадаць,  неўзабаве вялікую сям'ю Лапко чакае яшчэ адно сямейнае свята - вяселле. У кастрычніку будзе жаніцца малодшы сын.

Надзея БАТАЛКА