Як моладзь адпачывае, чым займаецца
Нумар - №186-187 Рубрыка - Моладзь Стаўбцоўшчыны
27.09.2011
Давялося мне быць у сваякоў, якія жывуць у аграгарадку Дзераўная. Прыемна было заўважыць, што ў гэтай вёсцы шмат моладзі. Мне захацелася даведацца, як адпачывае моладзь у вёсцы, чым яна жыве, як сябе паводзіць. Аб гэтым мы размаўляем з сацыяльным педагогам Дзераўнянскай сярэдняй школы Алай Кушнер:
- У Дзераўнянскай школе вучацца 310 дзяцей. З іх толькі адзін вучань стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. 80 працэнтаў нашых дзяцей наведваюць спартыўны комплекс. Спартыўныя секцыі і разнастайныя гурткі створаны і пры школе. Немалая колькасць дзяцей з задавальненнем навучаюцца ігры на музычных інструментах, разьбе па дрэве ці спрабуюць сябе ў акцёрскім амплуа ў мясцовай школе мастацтваў. Вучні нашай школы паспяхова асвойваюць навукі, іх належная падрыхтоўка дазваляе ім быць на вышыні ў рэйтынгу абітурыентаў. У гэтым годзе 72 працэнты нашых выпускнікоў сталі студэнтамі Дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, БАТУ, БДУ, медуніверсітэта, акадэміі МНС і іншых ВНУ краіны. За дысцыплінай у школе дапамагае сачыць вучнёўскі камітэт. У іх абавязкі ўваходзіць кантраляваць захаванне дзелавога стылю адзення школьнікаў, іх сабранасць і падрыхтоўку да ўрокаў, а таксама паводзіны на перапынках. У вучэбна-выхаваўчым працэсе актыўна задзейнічаны і бацькі. Яны з задавальненнем прысутнічаюць на ўроках і бяруць удзел у разнастайных школьных тэматычных праектах, вынікі якіх мы падводзім у канцы кожнай чвэрці. Для работы з асацыяльнымі сем'ямі створаны савет прафілактыкі, які своечасова выяўляе праблемы і шукае шляхі іх вырашэння. Значны ўнёсак у выхаванне маральна-этычных і духоўна-рэлі-гійных якасцяў у сучаснай моладзі ўносяць урокі катэхізацыі, якія дзеці наведваюць з пісьмовай згоды бацькоў. Заняткі вядзе мясцовы ксёндз Сяргей Лянга. Цесна мы супрацоўнічаем таксама і з праваахоўнымі органамі, участковы інспектар сістэматычна праводзіць прафілактычную работу з падлеткамі.
Сваім досведам у сферы прафілактыкі падзяліўся з намі ўчастковы інспектар Руслан Пазняк.
- Мы разумеем, што добрыя вынікі можа даць толькі сумесная праца. Праваахоўныя органы цесна ўзаемадзейнічаюць з педагагічным калектывам, з сельвыканкамам, з прадстаўнікамі рэлігійных абшчын. Я наведваю школьныя лінейкі не радзей аднаго разу ў месяц. Праводжу гутаркі з мэтай недапушчэння правапарушэнняў падлеткамі. Растлумачваю адказнасць за распіццё спіртных напояў і з'яўленне ў нецвярозым выглядзе ў грамадскіх месцах. Таксама вядзём размовы па прафілактыцы дарожнага траўматызму, пра мэтазгоднасць выканання правіл дарожнага руху. Даводзіцца агульная інфармацыя пра стан аператыўнага становішча ў цэлым на раёне. Вядзецца кантроль за выкананнем падлеткамі іх знаходжання на вуліцы не пазней за ўстаноўлены час. Сумесна са школьным патрулём праводзім рэйд на дыскатэках. І, вядома, усё гэта дае свае вынікі. Пры агульнай колькасці насельніцтва 3000 чалавек, толькі 6 сем'яў у нас праходзяць як сем'і са статусам сацыяльна праблемных і тры сям'і, адкуль дзеці былі забраны. Такія сем'і знаходзяцца на кантролі, з імі праводзіцца работа. Раз у месяц яны выклікаюцца ў сельвыканкам, на камісію па справах непаўналетніх, калі іх дзеці ўчынілі правапарушэнні.
Аграгарадок Дзераўная прыклад таго, як у комплексе з усімі мясцовымі арганізацыямі і структурамі вядзецца эфектыўная выхаваўчая работа сярод моладзі.






