мобильная версия
Прамень

З вышыні "Капыльскіх пагоркаў"

Нумар - №186-187    Рубрыка - Спорт

27.09.2011

Фотография 1

"Капыльскія пагоркі" - назва традыцыйных спаборніцтваў у недалёкім райцэнтры, якія атрымалі ўжо статус Нацыянальнага фестывалю эстафетнага бегу. Больш за тысячу ўдзельнікаў ва ўзросце ад шасці  да шасцідзесяці гадоў - такі маштаб. Уражвае і іншая лічба: за адзін дзень было дадзена больш за 400 стартаў.

З наймацнейшымі ў спаборніцтвах дарослых нам было цяжка цягацца. Так, адлегласць  21 кіламетр, мяняючы састаў на этапах, хутчэй за іншых адолела каманда Латвіі. Класічны марафон агульнай працягласцю  42 кіламетры стаў пераможным для каманды Гродзенскай вобласці сярод мужчын і Магілёўскай - сярод жанчын.

А нашы надзеі - юныя лёгкаатлеты, якія цалкам усе спадзяванні і апраўдалі. Падвядзём пераможныя рахункі. Тон задала каманда юнакоў 1995-96 гадоў нараджэння. Уладзіслаў Звярынскі, вучань СШ № 3 г. Стоўбцы, Вадзім Пальчэўскі, які займаецца ў Коласаўскай СШ, Сяргей Лябедзька - вучань Стара-свержанскай  і Яўген Міхалевіч - Засульскай СШ, у бегу, перадаючы адзін аднаму  эстафету праз кожныя 400 метраў, паказалі найлепшы вынік. Пераможны пачын падтрымалі і дзяўчаты, іх аднагодкі. З яўнай перавагай над сапернікамі чэмпіёнамі сталі Юлія Пронька, Вераніка Паляшук (СШ № 3 г. Стоўбцы), Настасся Шкут (Коласаўская СШ) і Настасся Чарнец (Тонаўская СШ). Затым у бой уступілі маладзейшыя, рабяты 1997-98 гадоў нараджэння. І зноў - перамога! Вось імёны лаўрэатаў: Антон Васілеўскі, Кірыл Луцэвіч (СШ № 3 г. Стоўбцы), Павел Кухарчык (Засульская СШ), Аляксандр Уласік (Коласаўская СШ).

Не падвялі хлопцы і дзяўчаты, якім па адзінаццаць-дванаццаць гадоў, яны адпаведна занялі другое і трэцяе месцы. Назавём і гэтых юных нашых зорачак: Вераніка Гуйван, Ксенія Цупа, Яўгенія Буднік, Аліна Навіцкая, Яўген Валадзько, Аляксей Шкода, Ілья Звярынскі, Сяргей Карповіч. Аліна займаецца ў Заямнаўскай школе, усе іншыя названыя рабяты -  у СШ № 3 г. Стоўбцы.

Поспех спартсменаў -  плён працы трэнераў. Таму шчыра павіншуем таксама Анатоля Турчановіча, Валерыя Кузняцова, Юрыя Кручка, Марыю Садоўскую, Дзмітрыя Кукушкіна, Анатоля Галаўко.

Такі вось восеньскі акорд года, які прынёс нашым лёгкаатлетам і іх настаўнікам нямала прыемных навін. А наперадзе - новыя старты і, спадзяёмся, новыя перамогі. Што ж датычыць "Капыльскіх пагоркаў", то ў будучым гэтыя спаборніцтвы набудуць статус міжнародных. А чаму б і нам не падумаць аб арганізацыі падобнага маштабнага тур-ніру? Спартыўныя дасягненні стаўбчан даюць на гэта права.

Ф. БАНДАРОВІЧ