мобильная версия
Прамень

Інтэлектуалы – гэта адказна

Нумар - №1-3    Рубрыка - Адукацыя

05.01.2012

Фотография 1
Фотография 2
Фотография 3

Кожны год аддзел адукацыі райвыканкама арганізоўвае свята для тых вучняў, хто на працягу года актыўна працаваў, удзельнічаў у алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах - прадметных, спартыўных, мастацкіх і розных іншых, - і ўзнагароджаны дыпломамі пераможцаў.

Сёлета ў святочную залу раённага Цэнтра культуры былі запрошаны 280 вучняў школ раёна - агульнаадукацыйных, мастацтваў, спартыўных, Цэнтра творчасці. У рабят быў радасны настрой. Яго стварала святочная атмасфера ля ёлкі, ражджэственскія канікулы, якія даюць магчымасць адпачыць, і само свята - з прэміямі і падарункамі.

Павіншаваць вучняў, выказаць ім удзячнасць за старанні ў авалоданні навукамі і праяўленую творчасць падняліся на сцэну старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Юрый Ларычэў, начальнік аддзела культуры Алена Суднік. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Наталля Лапко таксама цёпла павіншавала рабят і ўручыла граматы Беларускага фонду міру вучням, якія прадстаўлялі Беларусь на міжнародных спаборніцтвах і атрымалі дыпломы пераможцаў: са Стаўбцоўскай гімназіі Стэфаніі Мамайка, Ірыне Уласевіч, СШ № 2 - Сяргею Конанаву, СШ № 3 - Валерыі Гаўрылавай, выхаванцу Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці "Радуга" Мікіту Пятровічу, вучням Стаўбцоўскай школы мастацтваў Лявону Несялоўскаму, Дзіяне Чарнец, Віктару Біруку, Вользе Грышан, Дзераўнянскай школы мастацтваў Аляксандру Ваньковічу, Шашкоўскай школы мастацтваў Антону Мазуркевічу, Мацвею Кулакоўскаму.

Інтэлектуалаў, якіх па праву называюць залатым фондам нацыі, на такім свяце заўсёды віншуюць і ўручаюць прэміі і падарункі. Сёлета райвыканкам для гэтых мэт і іншых дабрачынных ёлак у раёне выдаткаваў 50 мільёнаў рублёў.

Праграма ўрачыстасці была складзена так, што ўсе ў зале прымалі ў ёй актыўны ўдзел - разгадвалі загадкі, віктарыны. Святочную праграму для ўрачыстасці падрыхтаваў раённы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Многія вучні, якія былі запрошаны на ўрачыстасць, хутка прымуць удзел у другім этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Іх перамогі (а яны, несумненна ж, будуць), папоўняць скарбонку дыпломаў раёна. Пажадаем рабятам поспехаў!

Васіль ЗЯНЬКО (фота)

Лана СВЯТЛІЦКАЯ