мобильная версия
Прамень

Навагодні зварот Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі да беларускага народа

Нумар - №1-3    Рубрыка - Афіцыйна

05.01.2012

Фотография 1

Дарагія сябры!

Праз некалькі імгненняў нам трэба будзе перагарнуць яшчэ адну старонку нашай гісторыі. Гісторыі дзяржавы і народа, гісторыі кожнага з нас.

Трыста шэсцьдзесят пяць радкоў адыходзячага 2011-га года напісаны нібыта ў адзін міг. Але яны ўвабралі ў сябе ўсю палітру нашых пачуццяў: засмучэнні і натхненні, нягоды і радасці, перажыванні і надзеі.

У мяне як Прэзідэнта краіны ёсць унікальная місія - у гэтыя хвалюючыя святочныя мінуты зазірнуць у вашы дамы і павіншаваць з Новым годам.

Відаць, кожны з вас ужо даў сваю ацэнку мінуламу году: хтосьці назваў яго цяжкім, хтосьці ўдачным...

Сёння ўжо не мае значэння, якім ён быў. Важна, што ён быў. Ён - наша гісторыя: перамог і няўдач, здзяйсненняў і расчараванняў. Яго не выправіць і не перарабіць. А вось урокі з падзей адыходзячага года атрымаць трэба.

Мы не дапусцілі эканамічнага краху, беспрацоўя, згортвання сацыяльных праграм і разладу ў грамадстве.

Мы не прагнуліся пад праблемамі. Не далі ім асядлаць нас.

Насуперак усяму даказалі, што з'яўляемся моцнай і з'яднанай сям'ёй. Адзінай і сапраўды вялікай нацыяй!

Мы можам і павінны гэтым ганарыцца!

Хачу ад усяго сэрца падзякаваць усім вам за разуменне і падтрымку, за стойкасць і аптымізм.

І асабліва за ваш давер!

Дзякуй усім, хто самааддана працаваў на карысць краіны.

Сялянам - за багаты ўраджай.

Рабочым і інжынерам, будаўнікам і шахцёрам, кіраўнікам прадпрыемстваў - за энергію і прадпрымальнасць.

Настаўнікам, урачам, вучоным, усёй нашай інтэлігенцыі - за натхнёную і высакародную працу.

Людзям у пагонах - за мужнасць і пачуццё абавязку.

Зямны паклон нашым цудоўным жанчынам, чый клопат і дабрата саграваюць наш утульны беларускі ачаг.

Апошнія дні года я пабываў у соцень дзетак, якім патрэбна дапамога дзяржавы. Віншуючы іх ад маёй маленькай сям'і з Новым годам, я спытаў іх аб пажаданнях і абрадаваўся адказу: яны прасілі, каб у маім навагоднім звароце да беларускага народа знайшлося месца ім, будучыні нашай краіны.

Я ім абяцаў і сваё абяцанне выконваю! У гэтыя імгненні адыходзячага года хачу звярнуцца не толькі да дзяцей, але і да ўсёй моладзі Беларусі: любіце сваю зямлю, шануйце яе, аберагайце ад нягод і ўзрушэнняў. Рабіце гэта таму, што іншай зямлі, імя якой Радзіма, у вас ніколі не будзе!

Толькі яна зможа вас сагрэць у лютую сцюжу і даць глыток халоднай вады ў спёку! На ёй жыць вам і вашым дзецям!

Дарагія суайчыннікі!

Чалавечае знаходжанне на планеце Зямля вельмі кароткачасовае.

І ўсё ж у кожнага з нас ёсць магчымасць змяніць гэты свет і сваю Бацькаўшчыну. Трэба толькі зрабіць правільны выбар таго, як мы будзем жыць.

Паставіць перад сабой мэту і цвёрда, упарта, настойліва ісці да яе дасягнення - гэта наш шлях. Гэта лёс моцнага народа і жыццяздольнай дзяржавы.

Зрабіць Беларусь моцнай і паважанай, ператварыць яе ў камфортны і добры дом для ўсіх - такую задачу мы вызначылі для сябе ў якасці найважнейшай.

Перакананы: разам, поплеч мы даб'ёмся гэтай вялікай мэты.

Вы павінны быць упэўнены  - дзяржава зробіць усё магчымае для падтрымкі канкрэтнага чалавека і яго сям'і.

Але пры гэтым мы абавязаны добра засвоіць: ніхто і нішто не прынясе нам спакою і дабрабыту, акрамя нас саміх. Як будзем працаваць - так будзем і жыць.

І яшчэ. Сёння самы каштоўны рэсурс - час. Калі спынімся ў развіцці, запаволім тэмпы або саб'ёмся з рытму - можам адстаць на гады.

Да фінішу прыйдуць самыя стойкія, упартыя і вынослівыя. І беларусы проста абавязаны быць сярод пераможцаў. Мы здольныя на гэта!

У нас з вамі ёсць выдатная рыса - пачуццё локця. Мы заўсёды былі сумленныя, ніколі не здраджвалі блізкаму. Усе праблемы вырашалі разам, дапамагаючы і суперажываючы адзін аднаму. Давайце ж свята шанаваць і берагчы гэту якасць!

Дарагія сябры!

Вось-вось праб'е гадзіннік і мы ўвойдзем у новы год з добрымі думкамі і радаснымі надзеямі.

Кажуць: самыя шчаслівыя людзі -  тыя, хто вельмі заняты, каб думаць аб гэтым. Дык давайце не разважаць, а ствараць сваё шчасце.

Няхай клопат пра Беларусь жыве ў сэрцы кожнага з нас!

Няхай справа, якой вы аддаяце сябе, прыносіць вам матэрыяльны дастатак, унутранае задавальненне і добрую славу.

Няхай бескарыслівая любоў, якую вы шчодра дорыце сваім блізкім, спаўна вяртаецца вам.

Давайце зробім усё, каб вочы беларускіх дзяцей іскрыліся ўсмешкамі, радасцю і надзеяй.

Каб дабрабыт назаўжды пасяліўся ў нашы дамы.

Шчасця, здароўя, удачы вам, дарагія сябры!

З Новым годам!