мобильная версия
Прамень

Свята светлай радасці

Нумар - №1-3    Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына

05.01.2012

І Слова стала плоццю, і прабывала з намі, поўнае Благадаці і ісціны; і мы бачылі славу Яго, славу, як Адзінароднага ад Айца" (Ін. 1, 14)

Дарагія айцы, браты і сёстры!

Сёння ў нас, праваслаўных, радаснае светлае свята -  дзень  Ражджаства Хрыстовага. Бог "пакідае" нябёсы, каб нарадзіцца ва ўбогай пячоры, "прыняўшы вобраз раба" (Флп. 2:7). З Яго Ражджаством любоў уваходзіць у свет, увасобіўшыся ў плоць і косць, каб ацаліць паўшага Адама, і сёння Хрыстос нас заклікае да такога ацалення. Ён заклікае і чакае, калі мы да Яго звернемся і адкрыем дзверы свайго сэрца, куды Ён зможа ўвайсці і пераўтварыць наш унутраны свет.

Ражджаство Хрыстова  -  гэта найвялікшая падзея ў гісторыі чалавецтва, а, значыць, і ў нашай гісторыі, і ў нашым з вамі жыцці. Падзея, якая прымірыла неба з зямлёю, чалавека з Богам.

Прышэсце ў свет сына Божага і Яго ўчалавечанне паклала пачатак нашаму выратаванню ад граху, пракляцця, смерці, адкрыла шлях у вечныя абіцелі Айца Нябеснага, аднавіла ў чалавеку вобраз Божы і заклікала яго да бясконцага ўдасканалення да богападабенства.

Хрыстос сваім прышэсцем у свет асвяціў нас, абагаціў духоўнае жыццё чалавека, пакінуў яму сваё Бажэственнае Евангелле, праліў за нас Сваю Прачыстую Кроў на Галгофскім Крыжы, каб уваскрасіць чалавека для вечнага жыцця.

Вось чаму радавалася Неба ў ражджэственскую ноч. Вось чаму сонм ангелаў, радуючыся адраджэнню чалавечага роду, спяваў духоўную песню: "Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у чалавецах благаваленне". (Лк. 2,14).

Далучымся і мы, браты і сёстры, да гэтых незямных, ангельскіх галасоў і разам з імі складзём нябесна-зямны хор на славу і пахвалу Богадзіцяткі Хрыста, Які нарадзіўся ў Віфлеемскіх яслях. І як светлыя ангелы віталі віфлеемскіх пастухоў ў святую ноч, так і мы з вамі абдымем адзін аднаго з ражджэственскім віншаваннем. Няхай гэта незямная радасць аб нараджэнні Богадзіцяткі перадаецца з вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца ўсім бліжнім нашым, усім сябрам і непрыяцелям, усім, хто здольны ўмясціць ў сваім сэрцы радасць Ражджаства Хрыстовага.

Год, які адыходзіць, быў нялёгкім. Аднак ва ўсе часы і пры любых абставінах Царква словам і справай падтрымлівала народ Божы, здзяйсняючы сваю выратавальную місію. Так было і так будзе да скону веку. Мы на ўласным вопыце пераканаліся, што цывілізацыя, пабудаваная на прынцыпах нястрымнага спажывання і нячыстай нажывы, не прынясе чалавецтву ні стабільнасці, ні працвітання, ні творчых узлётаў. Грамадства, у якім парушаны асновы духоўнага развіцця, у якім адсутнічае павага да людзей старэйшага пакалення і вядзецца мэтанакіраваная барацьба супраць аўтарытэту Праваслаўнай Царквы, духоўных асноў жыцця, асуджана на дэградацыю і выміранне.

У гэтыя святыя святочныя дні з мірам і любоўю ў душы агляніцеся кожны вакол сябе. І вы ўбачыце, колькі людзей мае патрэбу ў вашай дапамозе. Мы, хрысціяне, не маем права пакінуць іх няўцешнымі і без дапамогі. У мінулым годзе мы з вамі вучыліся заўважаць патрэбы і праблемы іншых, вучыліся быць неабыякавымі да гора і хвароб, вучыліся даваць тым, хто больш абдзелены ці каму у гэты момант больш трэба, чым нам. Клапоцячыся пра іншых, мы вучыліся любіць. Вучыліся выкананню запаведзі аб любові, любові сапраўднай, ахвярнай, што аддае іншым сябе, па падабенству дасканалай любові Самога Бога, бо Ён так узлюбіў свет, што дзеля нас з вамі, дзеля нашага з вамі выратавання аддае Сына Свайго Адзінароднага на смерць, каб нам жыць вечна, аддае жыццё Сына Свайго, Якога любіць, за жыццё чалавецтва, якое таксама любіць. На жаль, у сваім жыцці мы з вамі рэдка задумваемся аб тым, якая ж высокая цана гэтай Бажэственнай любові.

Наша з вамі навучанне не закончылася: нам патрэбна яшчэ шмат і шмат працаваць на гэтай ніве, каб сэрца кожнага з нас, удасканальваючыся ў дабрадзейнасцях, сагравалася любоўю Божай. І трэба памятаць, што самую малую добрую справу, зробленую вамі, Гасподзь памножыць дабрадзейнасцю ў вашым жыцці.

Усім жадаю шчасця, радасці, міру, любові і дабрабыту. Няхай ваша жыццё будзе як сонечны прамень, які прыносіць радасць людзям. Няхай абуджае ён сумленне ў кожным з нас і заклікае тварыць дабро і дарыць радасць бліжнім. Такі зямны шлях хрысціяніна - быць святлом у свеце, асвятляючы і саграваючы гэты халодны і жорсткі свет сваёй любоўю і дабрынёю.

"Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста і любоў Бога Айца і сувязь Святога Духа з усімі вамі" (2 Кар. 13:13).

З Ражджаством Хрыстовым!

Протаіерэй Аляксандр МАРЦІНЧЫК, благачынны прыходаў Стаўбцоўскай акругі, настаяцель Стаўбцоўскага Свята-Аннінскага храма