мобильная версия
Прамень

У Налібаках можа быць манастыр

Нумар - №1-3    Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына

05.01.2012

Фотография 1
Фотография 2
Фотография 3

Сярод 19 праваслаўных прыходаў Стаўбцоўскага благачыння Налібацкі Свята-Міхайлаўскі архангельскі адметны тым, што ён адзіны, дзе служаць манахі.

Царква, пабудаваная пяць гадоў назад і асвечаная ў гонар Архістраціга Божага Міхаіла і ўсіх Бясплотных Сіл Нябесных, нечакана сустракае прыезджых такой прыгажосцю, што выклікае здзіўленне: усё ж гэта аддаленая вёска раёна, а храм такі, што і важнаму гораду пасаваў бы. Святыня пабудавана стараннямі братоў Цімковых, радавыя карані якіх у Налібаках. Перад адыходам у вечнае жыццё бацька пакінуў сынам наказ паўдзельнічаць у будаўніцтве царквы. Адзін з чатырох сыноў, Пётр, жыве цяпер на бацькаўшчыне, прыслужвае ў храме, з'яўляецца старастам прыхода і вядзе заняткі па настольным тэнісе з вучнямі мясцовай школы.

Прыехалі мы ў Налібакі па благаславенні ігумена Афанасія. Засталі манахаў кожнага за сваім заняткам. Айцец Афанасій займаўся выпечкай прасфор. Нас сустрэў паслушнік Аляксандр і гасцінна прапанаваў пазнаёміцца з храмам. Царква была адкрыта - днём тут чытаюць Псалтыр і памінаюць па пададзеных запісках. Амаль гатовы і ніжні храм. Пакуль ён не асвечаны. Выкананы так жа прыгожа, як і верхні. Ніжні храм будзе асвечаны ў гонар прападобных айцоў Пскова-Пячэрскіх. У адным будынку з храмам - памяшканне Нядзельнай школы. Пакуль тут арганізавана трапезная, дзе манахі кормяць паломнікаў.

Паслушнік Аляксандр прапаноўвае нам падняцца на званіцу. На клірасе цёплынёю і вачамі, поўнымі любові, нас сустрэў айцец Гаўрыіл - ён чытаў Псалтыр, штодзённы малітвенны занятак. Званы на Налібацкую царкву прывезены з Варонежа, лічацца аднымі з лепшых па гучанні. Мелодыя звону ў выкананні паслушніка Аляксандра разлілася па наваколлі. Нам таксама дазваляюць пазваніць. Сярод братоў - труднік Сергій, які нёс сваё паслушанне ў гэты дзень.

Ігумен Афанасій крышку сумеўся, што сустракае гасцей у старым падрасніку. А мы губляемся яшчэ больш, усведамляючы, што перарываем святую справу выпечкі прасфор і, канешне ж, прыйшлі не ў лепшы час. Аднак пакорлівы айцец Афанасій, з закасанымі па-дамашняму рукавамі, гасцінна прымае нас. Становіцца камфортна і спакойна на душы ад таго міру, які выпраменьваюць яго позірк і ўся атмасфера ў прыходскім доме. І мы ўжо не заціснутыя рамкамі, што мы, мірскія, можа, скажам што не так, ці зробім што не па правілах. Адчуваем, што нас тут зразумеюць, не асудзяць, сагрэюць любоўю такіх, якія ёсць. Айцец Афанасій прыкрывае цеста сурвэткай, каб не падсохла, пакуль мы будзем размаўляць, і дастае з духоўкі партыю спечаных прасфор. Гэты момант і адлюстраваў фотааб'ектыў.

Канешне ж, нам цікава даведацца, чаму ў прыходскім храме служаць манахі. Вядзём мы размову за чаем са слівовым варэннем.

-       Мы прыехалі сюды заснаваць манастыр. Асаблівасць гэтай мясцовасці ў тым, што тут гістарычна склаўся каталіцкі прыход. Дзейнічае старадаўні касцёл. З праваслаўных хрысціян - адзінкі, хто прыходзіць на богаслужэнні. Прыходскому свяшчэнніку цяжка тут будзе пракарміць сям'ю. Мы жывём за кошт дабрачыннасці баранавіцкіх паломнікаў, якія пастаянна, стабільна раз у месяц, наведваюць храм, удзельнічаюць у богаслужэннях, прывозяць нам прадукты, аказваюць дапамогу фізічнай працай. Напярэдадні прастольнага свята яны прыклалі сілы, каб добраўпарадкаваць тэрыторыю храма. Дапамогу тэхнікай аказала нам мясцовая арганізацыя - аграбудфірма "ПМК-74 - Налібакі", за што мы ўдзячныя кіраўніцтву і тым людзям, якія выканалі работу. Цяпер тэрыторыя, як і сам храм, радуюць вока.

Каля трох гадоў айцец Афанасій з братамі служаць у Налібацкім прыходзе. Кожнага з інакаў Гасподзь прывёў у святую абіцель сваім шляхам. Даманашаскае жыццё айца Афанасія акрэслена 22 гадамі. Ён, мінчанін, закончыў фізкультурны інстытут, займаўся адзінаборствам. У 20 гадоў хрысціўся, а ў 22 стаў манахам Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра. Некалькі радкоў біяграфіі, аднак колькі яны могуць сказаць, колькі думак выклікаць і якую ступень павагі абудзіць да чалавека, які ў маладым узросце сумеў выбраць інацкае жыццё, адмовіўшыся ад кар'еры, поспеху, зямнога шчасця. У 23 гады інак быў пастрыжаны і рукапаложаны ў іерадыяканы. З 2004 года выконваў абавязкі благачыннага Жыровіцкага манастыра. 7 гадоў да назначэння на прыход у Налібакі служыў намеснікам Свята-Дабравешчанскага манастыра ў Лядах пад Мінскам. Тут і завязалася цесная сувязь з паломнікамі з Баранавіч, якія з любоўю да свайго пастыра аберагаюць айца Афанасія і на яго службе ў Налібацкім прыходзе. Вось і сапраўды, Бог не пакіне Сваіх, пашле ў патрэбны час патрэбных людзей на дапамогу і ў падтрымку.

Нашая сустрэча адбылася напярэдадні вялікага хрысціянскага свята Ражджаства Хрыстовага. Нешматслоўны айцец Афанасій на пытанне, як манахі рыхтуюцца да ўрачыстасці, адказаў адным словам: "Пастом". Гэтае кароткае слова ўвабрала ў сябе шмат - бесперапынныя малітвы і подзвіг устрымання ва ўсім.

На беларускай зямлі сёння дзейнічаюць 34 праваслаўныя манастыры. Заснаваны яны былі па-рознаму. Некаторыя са старажытнай гісторыяй у шмат стагоддзяў, як Полацкі Ефрасіньеўскі і Лаўрышаўскі Елісееўскі непадалёку ад Навагрудка. Іншыя стварыліся ў нашыя дні як Свята-Ксеньеўскі ў Барысаўскім раёне і Засіма-Савацьеўскі пад Слонімам. Гістарычныя дакументы нам апавядаюць, як закладваліся старадаўнія манастыры. Манахі ішлі ў пустыннае месца, скаралі сябе подзвігамі малітвы і ўстрымання, цяжкай працай па ўзвядзенні абіцелі. Налібакі - не пустыннае месца, а вялікае жылое паселішча. Аднак у духоўным плане гэта таксама пустыня, тая цаліна, якую трэба падняць. Хіба не так, калі на богаслужэннях у святую нядзельку амаль заўсёды прысутнічаюць толькі чатыры мясцовыя пажылыя жанчыны і манахі, якія служаць ля Прастола Божага.

Службы ў храме здзяйсняюцца кожны дзень: раніцай - паўночніца, днём -  чытаецца Псалтыр, вечарам - акафісты. Па нядзелях, а таксама ў вялікія праваслаўныя святы і ў дні памяці святых, якія асоба ўшаноўваюцца,  служацца літургіі.

Міласць Божая да нашай зямлі, калі будзе заснавана святая абіцель і будзе здзяйсняцца няспынная манаская малітва, на якой і стаіць гэты свет.

Рашэнне аб адкрыцці манастыра зацвярджае Свяшчэнны Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы. На пытанне, калі гэта можа быць, айцец Афанасій зноў адказаў нам адным ёмкім кароткім словам:

-       Молімся.

І нам трэба маліцца аб манахах, якія нясуць подзвіг падзвіжніцтва на ніве духоўнай на нашай стаўбцоўскай зямлі, каб Гасподзь умацаваў іх сілы душэўныя і цялесныя, паслаў ім добрых памочнікаў. Пры прыняцці рашэння аб заснаванні манастыра на месцы сённяшняга Налібацкага прыхода паўстане пытанне аб будаўніцтве манаскіх келляў - брацкага корпуса.

Аднак і цяпер кожны з жыхароў раёна ў цяжкія мінуты выпрабаванняў можа атрымаць духоўную параду манахаў і падтрымку ў Таінствах царквы, якая знаходзіцца пад пакровам усемагутных воінаў Хрыстовых - Архангелаў і Ангелаў.

Васіль ЗЯНЬКО (фота)

На здымках: званар паслушнік Аляксандр; айцец Гаўрыіл здзяйсняе малітву на клірасе царквы; ігумен Афанасій за святой справай выпечкі прасфор.

Святлана ЖЫБУЛЬ