мобильная версия
Прамень

Іх рукі песцілі насенне

Нумар - №11-13

20.01.2012

Фотография 1
Фотография 2

З дня заснавання ДУ "Мінская абласная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін па Стаўбцоўскім раёне" споўнілася шэсцьдзясят гадоў - адметная дата ў гісторыі яе нешматлікага калектыву, які складаецца з дзевяці чалавек. Першым кіраўніком, на той час Стаўбцоўскай дзяржінспекцыі па якасці насення, была Таццяна Мірановіч, якая ўзначальвала арганізацыю на працягу васьмі гадоў. Менавіта яе рукою быў занесены першы запіс у кнігу загадаў - звычайны школьны сшытак, які цудам захаваўся ў архівах і стаў адной з рэліквій арганізацыі. Насенная інспекцыя размяшчалася каля будынка ўпраўлення сельскай гаспадаркі (цяпер тут дзіцячы сад № 1). У шасцідзясятыя - сямідзясятыя гады кіраўніцтва ажыццяўлялі  спачатку Казімір Суднік, а затым  Зінаіда Суднік. Цяперашні кіраўнік Іван Новік - пяты па ліку. Ён узначальвае арганізацыю дзесяць гадоў, змяніў на гэтай пасадзе Барыса Пяткевіча.

 У сувязі з рэарганізацыяй у 2003 годзе да насеннай інспекцыі далучыліся інспекцыі па аховы раслін і каранціне, якія да гэтага былі самастойнымі службамі. На працягу існавання арганізацыі яе работнікі выконвалі і выконваюць  многа розных кантралюючых функцый, якія накіраваны на павышэнне якасці насення сельскагаспадарчых культур, догляду пасеваў у перыяд вегетацыі і нераспаўсюджванне каранцінных аб'ектаў, усё робіцца для  павелічэння ўраджайнасці ўсіх культур. Не так даўно ў будынку інспекцыі быў зроблены рамонт. Цяпер кабінеты набылі сучасны выгляд, у іх цёпла і ўтульна.

Насенная

У насеннай, якую курыруе Іван Новік,  работнікамі ажыццяўляецца кантроль за прытрымліваннем сельгаставарыствамі раёна дзяржаўных стандартаў і іншай нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі пры вытворчасці, дапрацоўцы, захоўванні, рэалізацыі і сяўбе насеннага матэрыялу збожжавых і зернебабовых культур, насення шматгадовых траў, бульбы і пасадачнага матэрыялу садавіна-ягадных культур.

Старанна выконваюць  свае абавязкі галоўны аграном з дваццаціпяцігадовым стажам Людміла Пронька, аграномы-аналітыкі  Таццяна Чэрнік і Алена Мілістфер, якія працуюць у інспекцыі звыш дзесяці гадоў. Яны адбіраюць пробы з партый падрыхтаванага насенага матэрыялу, якія выпрабоўваюцца затым у лабараторыі на чысціню, усходжасць, вільготнасць і заражонасць шкоднікамі. Такая ж работа праводзіцца і з элітным пасадачным матэрыялам, які завозіцца з-за межаў раёна. Хапае ў даным накірунку работы і ў вядучага агранома-метадыста Тамары Кірбуць.

Спецыялісты ўваходзяць і ў склад дзяржкамісіі па прыёмцы пасеваў вышэйшых рэпрадукцый збожжавых і зернебабовых культур, шматгадовых траў у элітгасах раёна, а таксама садавіна-ягадных у гадавальніках сельгасгаспадарак. Пасевы, у якіх сустракаюцца культурныя прымесі, выяўляюцца хваробы, засмечанасць, палегліца, выбракоўваюцца. Вяртаецца элітгасам пасля праверкі і насенне, якое не адпавядае стандарту.

Каранцінная

Узначальвае даную службу на працягу дваццаці трох гадоў вядучы аграном па каранціне раслін Віктар Сабалеўскі - вопытны і ведаючы справу спецыяліст. Віктар Антонавіч  прыкладае намаганні для таго, каб не дапусціць распаўсюджвання на тэрыторыі нашага раёна каранцінных аб'ектаў,  небяспечных шкоднікаў і хвароб. Асноўная задача, якую выконвае спецыяліст, - своечасовае выяўленне такіх аб'ектаў, іх  лакалізацыя і знішчэнне. Работа гэтая вельмі важная, накіравана ў першую чаргу на тое, каб выратаваць пасевы. Правяраецца ім і раслінная прадукцыя, якая вывозіцца за межы рэспублікі, а таксама піламатэрыялы. У кожнай краіны-імпарцёра ёсць свае патрабаванні, таму іх прыходзіцца выконваць. Кантроль праходзіць і харчовая прадукцыя, якая завозіцца з усіх краін свету, - мука, розныя крупы, а таксама кармы для жывёлы, у прыватнасці, шрот. Пасля агляду прадукцыі выдаецца дакумент міжнароднага ўзору - фітасанітарны сертыфікат. Дзякуючы данай службе тэрыторыя нашага раёна свабодная ад каранцінных аб'ектаў.

Ахова  раслін

Кантроль за фітасанітарным станам пасеваў сельскагаспадарчых культур, правільным прымяненнем, захоўваннем,  транспартаваннем сродкаў аховы раслін ажыццяўляе служба па ахове раслін. Намеснік начальніка інспекцыі і кіраўнік  службы Ядвіга Сакалоўская мае самы вялікі агульны стаж работы па  спецыяльнасці - амаль сорак гадоў, а пачынала працоўны шлях аграномам-аграхімікам. Разам з аграномам па ахове раслін Інай Дземідовіч, таксама вопытным спецыялістам, працоўны стаж якой налічвае сямнаццаць гадоў, яны сочаць і за тэхнікай бяспекі пры рабоце з ядахімікатамі. Складаюць заяўкі аб патрэбнасці тых ці іншых іх відаў і апаратуры для хімпраполак. Дапамагаюць аграномам таварыстваў і прыватнікам парадамі ў правядзенні мерапрыемстваў супраць пустазелля, шкоднікаў і хвароб сельскагаспадарчых культур. Афармляюць заяўкі на закуп ядахімікатаў, атрымліваюць іх і размяркоўваюць.

Працуюць у цесным кантакце з Мінскім пунктам сігналізацыі прагнозаў і разам з яго работнікамі выязджаюць на палеткі з мэтай абследавання пасеваў і выяўлення пашкоджаных шкоднікамі і хваробамі ўчасткаў.     

У зладжаным і на працягу доўгага часу пастаянным калектыве справы ладзяцца.

Заўважана плённая работа інспекцыі і на высокім ўзроўні, а за важкі асабісты ўклад яе  начальнік Іван Новік узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаванні Рэспублікі Беларусь і Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама. Іван Антонавіч захоўвае ў сямейным архіве і медаль "За працоўную адзнаку", які атрымаў у 1987 годзе за высокія паказчыкі ў вытворчасці збожжавых. Ён працаваў тады галоўным аграномам у калгасе імя Мічурына (ААТ "Вішнявецкі-агра"). Добрым словам успамінаюць у інспекцыі і былых работнікаў Раісу Ляшкову і Любоў Шаўцову.

На здымках: (злева направа) начальнік інспекцыі Іван Новік, вядучы аграном па каранціне раслін Віктар Сабалеўскі, галоўны аграном па абароне раслін Іна Дземідовіч, намеснік начальніка Ядвіга Сакалоўская і галоўны аграном па насенняводстве Людміла Пронька; аграном-аналітык Алена Мілістфер, аграном-метадыст Тамара Кірбуць, аграном-аналітык Таццяна Чэрнік.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Надзея БАТАЛКА