мобильная версия
Прамень

Гады, як памяці старонкі

Нумар - №11-13    Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край

20.01.2012

Фотография 1

Змяшчаючы на старонцы "Панямонь" краязнаўчы каляндар, зноў даводзіцца паўтараць тое, што гаворыцца практычна штогод. Шчырая ўдзячнасць нястомнаму рупліўцу на  краязнаўчай ніве Стаўбцоўшчыны Аляксандру Турко. І шкадаванне, што такая аб'ёмная праца выпадае на долю аматару. Зразумела, ён далёка не поўнасцю змог ахапіць багацце падзей і фактаў з гісторыі нашага роднага краю дзеля азнаменавання іх у юбілейныя гады. "Круглых" і "паўкруглых" дат магло б сабрацца і значна больш. Але ж у другіх раёнах, скажам, суседніх Уздзенскім, Дзяржынскім, над храналогіяй працуюць калектывы падрыхтаваных спецыялістаў мясцовых музеяў. А ў нас, калі не лічыць супрацоўнікаў філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, у якіх свая спецыфіка, усё пакуль грунтуецца на энтузіязме...

Але што ўжо маем. Аляксандр Турко, гісторык па адукацыі, даследчык грунтоўны, не шкадуе часу пры магчымасці і цяпер, каб папрацаваць у архівах. Ім падрыхтаваны многія артыкулы ў кнігу "Памяць". І кожная старадаўняя дата, можна сказаць, выверана і падмацоўваецца сабраным ім багатым матэрыялам. Хаця, вядома, стагоддзі адзначаны на нашай зямлі тысячамі значных падзей.

Найперш у гістарычнай памяці - Айчынная вайна 1812 года, вехі якой полымем змаганняў адметныя і ў нашым родным краі. Два стагоддзі праляцелі, і яна ў памяці пакаленняў. Значна бліжэй, аб іх яшчэ раскажуць відавочцы, падзеі суровага 1942-га. І краязнавец нагадвае  пра тое, што нельга забываць. 70 гадоў таму назад былі расстраляны фашысцкімі катамі дзевяць патрыётаў-падпольшчыкаў з вёскі Ператокі. Болем у сэрцах - масавыя расстрэлы мірнага яўрэйскага насельніцтва Стоўбцаў і навакольных вёсак. Тысячы савецкіх грамадзян загубілі гітлераўцы падчас карных аперацый у Налібаках і пушчанскім наваколлі. І расло супраціўленне. У 1942 годзе пачалі дзейнічаць партызанскія атрады імя Суворава, "1-ы Камсамольскі", імя Сталіна, якія аб'ядноўваліся ў брыгаду. Утварылася Івянецка-Налібацкая партызанская зона.

2012-ы - Год кнігі. І гэта сімвалічна падмацоўваецца сто трыццатымі юбілейнымі гадавінамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. У Стаўбцоўшчыны тут асобны зямляцкі знак. На нашай зямлі радаводныя карані Купалы. А Акінчыцы вядомы ўсяму свету як калыска Якуба Коласа. І слова народнага песняра даносіць праз вякі малюнкі, вобразы і з'явы менавіта нашага роднага кута.

У сціслых каляндарных радках усяго не ўмесціш. Аднак на тэму коласазнаўства можна прыгадаць таксама і іншыя юбілейныя даты. 110 гадоў таму назад (1902 г.) Канстанцін Міцкевіч закончыў Нясвіжскую семінарыю і пачаў працу настаўнікам, а стагоддзе таму (1912 г.) азнаменавалася для яго падчас педагагічнага шчыравання ў Пінску шчаслівай сустрэчай з будучай жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай. У тым жа 1912 годзе выйшаў у свет першы зборнік апавяданняў Якуба Коласа. А праз дзесяцігоддзі, у 1952-ім, творчая вяха - першае прыжыццёвае выданне збору твораў народнага песняра ў сямі тамах.

Заўсёды слаўная нашая зямля таленавітымі людьмі. І як пацвярджэнне гэтаму каляндарныя юбілейныя згадкі. У Дзераўной 1 мая шаноўна адзначаць 100-годдзе з дня нараджэння Аркадзія Мікалаевіча Панамарова. Камандзір партызанскай брыгады "Спартак", а ў мірны час дырэктар Дзераўнянскай школы пакінуў добры след у памяці многіх. У сёлетнім жніўні споўнілася б 90 гадоў яго паплечніку па працы Фёдару Іванавічу Чэрнікаву, кіраўніку аднаго з лепшых на той час у раёне калгаса "Чырвоная зорка". Як і Еўдакіі Васільеўне Ляцко, удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны, заслужанай настаўніцы рэспублікі. Пажадаем моцнага здароўя таксама заслужанаму настаўніку Мікалаю Якаўлевічу Лазуку, які адзначыць сёлета сваё 95-годдзе.

Сёлета юбілейныя васьмідзесяцігадовыя даты з дня нараджэння Эдуарда Іванавіча Шыркоўскага, дзяржаўнага дзеяча Беларусі, які родам з Новага Свержаня.  У Хутары Барку ў 1932 годзе нарадзіўся беларускі філосаф і эколаг Іван Якаўлевіч Жыбуль. Павіншуем сёлета нашых Герояў Сацыялістычнай Працы Рамана Леапольдавіча Ваньковіча і Ганну Сямёнаўну Шчэцька, у якіх будуць 75-гадовыя юбілеі.

Зноў жа скажам, што гэта далёка не поўны пералік юбілейных падзей, дат і фактаў і агульназначных, і тых, што ў кожнага свае. Краязнаўцы могуць яго пашырыць і дапоўніць. З задавальненнем разгледзім вашыя матэрыялы на краязнаўчую тэматыку, змесцім іх у газеце. Будзем удзячны, калі падкажаце адрасы і факты з гісторыі нашай Стаўбцоўшчыны.

Васіль ЗЯНЬКО (фота)

Ф. БАНДАРОВІЧ