Кароткім радком
Нумар - №11-13 Рубрыка - Афіцыйна
20.01.2012

У НАШАЙ КРАІНЕ
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 16 студзеня падпісаў указ "Аб павышэнні пенсій". Дакумент прыняты з мэтай дадатковай матэрыяльнай падтрымкі пажылых людзей. Указам прадугледжана ўстанавіць з 1 студзеня 2012 года даплаты да пенсій асобам, старэйшым за 75 гадоў, - 75 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, тым, хто дасягнуў узросту 80 гадоў, - 100 працэнтаў. Такім чынам, памер даплаты ў студзені ў асоб, старэйшых за 75 гадоў, складзе 107,8 тысячы беларускіх рублёў, старэйшых за 80 гадоў - 143,7 тыс. руб.
Павышаюцца з 1 студзеня тарыфныя аклады медыцынскім сёстрам, якія ўдзельнічаюць у ажыццяўленні высокатэхналагічных і складаных медыцынскіх умяшанняў. Адпаведны ўказ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь выраўноўвае ўмовы на аўтамабільным рынку з партнёрамі па Мытным саюзе. Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Дакумент прыняты ў мэтах выраўноўвання ўмоў падаткаабкладання легкавых аўтамабіляў на адзіным рынку Мытнага саюза і выканання ўмоў выдзялення Беларусі стабілізацыйнага крэдыту са сродкаў Антыкрызіснага фонду Еўразійскага эканамічнага супольніцтва.
Новы Закон "Аб рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб" уступае ў сілу ў Беларусі з 22 студзеня г. г. Гэтым дакументам прадугледжаны значныя змены некаторых норм, што рэгулююць работу з насельніцтвам. У прыватнасці, цяпер дзяржорганы і іншыя арганізацыі абавязаны разглядаць электронныя звароты разам з пісьмовымі.
З восьмага па дванаццатага лютага адбудзецца ХІХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Яна пройдзе ў Нацыянальным выставачным цэнтры "БелЭкспа", размешчаным па адрасе: вул. Я. Купалы, 27. Арганізатарамі выстаўкі-кірмашу выступаюць Міністэрства інфармацыі, ААТ "Белкніга" і ПК ТАА "Макбел".
У ВОБЛАСЦІ
Больш за 1,1 мільёна квадратных метраў жылля пабудавана ў Мінскай вобласці ў 2011 годзе. Уведзена ў строй звыш 11 тысяч кватэр. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БелТА старшыня камітэта па будаўніцтве і архітэктуры Мінскага аблвыканкама Сяргей Молчан. Мінская вобласць захавала лідзіруючыя пазіцыі ў жыллёвым будаўніцтве сярод іншых абласцей. У 2012 годзе на першы план выходзіць забеспячэнне жыллём шматдзетных сем'яў, сем'яў, у якіх ёсць дзеці-інваліды, і іншых ільготных катэгорый грамадзян. Акрамя таго, чакаецца актывізацыя жыллёвага будаўніцтва ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек, працягнецца выдзяленне зямельных участкаў.






