Краязнаўчы каляндар
Нумар - №11-13 Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край
20.01.2012

530 гадоў таму назад (1482 г.) - першае архіўнае ўпамінанне пра Свержань, які, згодна з прывілеяй (граматай) караля Польскага і Вялікага князя Літоўскага Казіміра, быў перададзены ў валоданне нейкаму Ёсіпу Дзмітраву ад нябожчыка пана Германа, гараднічага Віленскага.
490 г. т. н. (1522 г.) у хроніцы сярод татарскіх паселішчаў упамінаецца памесце Засулле, у склад якога ў 1592 г. уваходзілі яшчэ Ячнае, Міхаічы, Тулёнка, Семенчыцы.
440 г. т. н. (1572 г.) у гістарычных крыніцах упершыню ўпамінаецца вёска Заямнае, як валоданне Слушкаў.
420 г. т. н. (1592 г.) была пабудавана Навасвержанская царква Успення Багародзіцы.
380 г. т. н. (1632 г.) у гістарычных крыніцах даюцца звесткі пра Стоўбцы, як прыватнае мястэчка роду Слушкаў.
360 г. т. н. (1652 г.) маршалак Вялікага княства Літоўскага Аляксандр Людвік Радзівіл заснаваў у вёсцы Мікалаеўшчына касцёл Яна Хрысціцеля.
290 г. т. н. (1722 г.) Стоўбцы атрымалі навечна ад караля Аўгуста ІІ прывілей на правядзенне ў мястэчку штогод двух кірмашоў: на Святых Трох Каралёў і на Святога Яна.
270 г. т. н. (1742 г.) Казімір Мірскі Радзівіл адкрыў у Свержані славутую тады фаянсавую мануфактуру. Тут выраблялі кафлю, посуд, аптэчныя сталы, чарніліцы, падсвечнікі, дэкаратыўныя вазы. І нават скульптурныя постаці святых для аздобы алтароў, а таксама сталовыя сервізы, якія налічвалі да 90 пасудзін.
260 г. т. н. (1752 г.) заснавана царква Яна Хрысціцеля і Святога Рыгора ў вёсцы Засулле.
200 г. т. н. (1 лістапада 1812 г.) у ваколіцах мястэчка Свержань адбылася бітва рускіх войскаў на чале з генералам Ламбертам. У ёй быў разбіты пяцітысячны атрад французаў.
190 г. т. н. (1822 г.) нарадзіўся Баляслаў Аскерка, актыўны ўдзельнік паўстання 1863 года, некаторы час жыў у маёнтку Ячонка ў бацькі.
190 г. т. н. (1822 г.) уладальнікам маёнтка Стоўбцы князем Адамам Чартарыйскім было адкрыта ланкастарскае вучылішча, якое рыхтавала пісараў для памешчыцкіх маёнткаў. Працавала да 1858 года.
160 г. т. н. (1852 г.) князем Вітгенштэйнам быў пабудаваны Налібацка-Кляцішчанскі чыгунны і жалезаліцейны завод з трыма домнамі, дзе з балотнай руды выплаўлялася штогод да 500 тысяч пудоў чыгуну. Працаваў да канца ХІХ стагоддзя.
150 г. т. н. (1862 г.) у Налібаках было заснавана народнае вучылішча, якое ўтрымлівалася на сродкі дзяржаўнага казначэйства і мясцовых сялян.
130 г. т. н. (3 лістапада 1882 г.) у Акінчыцах нарадзіўся К. М. Міцкевіч, народны паэт Беларусі Якуб Колас.
130 г. т. н. (1882 г.) адкрыты школы граматы ў вёсках Кучкуны, Вечатарова, Скамарошкі.
115 г. т. н. (28 студзеня 1897 г.) у вёсцы Гавязна нарадзіўся Рафаіл Сяржант, удзельнік рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі.
115 г. т. н. (13 ліпеня 1897 г.) у Мікалаеўшчыне нарадзіўся Антось Галіна (М. М. Міцкевіч) - беларускі празаік, публіцыст, перакладчык, педагог, родны брат Якуба Коласа.
105 г. т. н. (1907 г.) у Стоўбцах быў адкрыты лесапільны завод, які належаў Кітаевічам.
Васіль ЗЯНЬКО (фота)






