Навіны Стаўбцоўшчыны
Нумар - №11-13 Рубрыка - Раённыя навіны
20.01.2012

КАНТРАКТ З КІТАЙСКАЙ КАМПАНІЯЙ
Добры пачатак новага года ў стаўбцоўскіх машынабудаўнікоў.
На ўнутраны рынак імі ўжо адгружана запасных частак і тавараў народнага спажывання на адзін мільярд рублёў. Акрамя таго, заключаны кантракт па пастаўку дзвюх кампрэсарных станцый кітайскай кампаніі, якая будуе Новалукомльскую ГРЭС. Сума кантракта з замежным прадпрыемствам склала 200 мільёнаў рублёў. Галоўнае цяпер - каб нашы станцыі не падвялі.
- Папярэдне заказчыкі пабывалі на прадпрыемстве, пазнаёміліся з нашай вытворчасцю і прадукцыяй, - расказаў начальнік аддзела збыту філіяла маторнага завода Віктар Круглік.
У 2012 годзе стаўбцоўскія машынабудаўнікі плануюць выпусціць і рэалізаваць заказчыкам не менш за 150 кампрэсарных станцый.
САБРАЛІСЯ Ў КАПЫЛІ
Энергазберажэнню ў нашай краіне надаецца асаблівая ўвага. У кожным раёне прынята праграма, і ва ўсіх арганізацыях распрацаваны спецыяльныя мерапрыемствы па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў. У сельгаставарыствах таксама праводзіцца вялікая работа ў даным накірунку, ёсць адпаведныя вынікі. З мэтай расказаць аб патрабаваннях у афармленні гадавой справаздачы, Дэпартаментам па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь сумесна з Камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама ў памяшканні Капыльскага райвыканкама праведзена вучоба кадраў, адказных у сваіх сельгасарганізацыях за вядзенне дакументацыі па выкананні мерапрыемстваў энергазберажэння. У арганізаваным мерапрыемстве прынялі ўдзел і галоўныя спецыялісты з гаспадарак нашага раёна ў складзе пятнаццаці чалавек, на чале з намеснікам начальніка райсельгасхарчу па эканоміцы Іванам Загдаем.
ПРЫТРЫМЛІВАЦЦА СВАЙГО ЦЯЧЭННЯ
З новага года ў раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах распачалася справаздачна-выбарная кампанія.
Першы сход прайшоў у пярвічцы гімназіі № 1 г. Стоўбцы. На працягу студзеня сходы пройдуць ва ўсіх школах раёна згодна з зацверджаным графікам.
- Наведваемся ў кожную школу і заслухоўваем справаздачу аб праведзенай у мінулым годзе рабоце, абмяркоўваем задачы на год 2012, - тлумачыць ход кампаніі старшыня раённай арганізацыі Іосіф Грыгарцэвіч.
У школах раёна дзейнічаюць 24 пярвічкі, шэсць - у працоўных калектывах. Іх работа звязана з прафілактыкай і навучаннем прыёмам аказання першай медыцынскай дапамогі пры ўтапленні. У зімовы перыяд, членам таварыства выратавання на водах важна таксама прытрымлівацца свайго вызначанага "цячэння" - тлумачыць равеснікам і калегам правілы паводзін на лёдзе падчас рыбалкі і забаў. Сёлетняя зіма пакуль немарозная, яна калі і з лёдам, то з тонкім, нямоцным, які тоіць у сабе небяспеку.
БУДУЧАЕ ЗА "ЭКСТРАЙ"
За мінулы год на малочныя заводы сельгаставарыствамі раёна адгружана 62017,5 тоны малака, што на 1807 тон больш, чым за адпаведны перыяд летась. Самыя буйныя пастаўшчыкі - ААТ "Радзіма Якуба Коласа", "Агранёманскі" і ПДСУП "Профі-Аграцэнтр". Гатункам "экстра" залічана 24,4 працэнта, што амаль на дзесяць працэнтаў вышэй за мінулагодні вынік. Найлепшы паказчык у агранёманцаў - пастаўлена 67,5 працэнта малака ад агульнай колькасці, а гэта 4480,7 тоны. Звыш паловы малочнай сыравіны адпавядала найвышэйшаму гатунку ў коласаўскіх жывёлаводаў. У даных таварыствах адпаведна павялічылася і выручка ад рэалізацыі прадукцыі. Першым гатункам перапрацоўшчыкамі залічана па раёне 65,3 працэнта малака. Тлустасць малака склала 3,58 працэнта, самая высокая ў ААТ "Жацерава" і "Вішнявецкі-агра".
БЕТАНУЮЦЬ ВЫГУЛЫ
Аднымі з першых у раёне, згодна з пастаўленай кіраўніком краіны задачай, прыступілі да рэканструкцыі малочнатаварнай фермы пад беспрывязное ўтрыманне малочнага статка на 200 галоў працаўнікі ААТ "Жацерава". На МТФ "Горкі" будзе пабудаваны малочны блок, у жывёлагадоўчым памяшканні адрамантаваны сцены і агароджа, заменены дах.
- Мы плануем набыць для даільнай залы сучаснае малочнае абсталяванне сумеснага беларуска-італьянскага прадпрыемства ТАА "Унібокс", - сказаў дырэктар таварыства Іван Краўчук. - Рэканструкцыю пачалі з бетанавання выгульных двароў.
АТРАД ДЛЯ ФЕРМАЎ
Раённы камітэт БРСМ ужо пачаў падрыхтоўку да летняй працоўнай чвэрці.
Вывучэнне вакансій на рынку працы раёна сведчыць, што школьная моладзь, якая захоча папрацаваць падчас канікулаў, без справы не застанецца.
Аб'яднанне камунальных службаў прапанавала працаўладкаванне ў зелянгас. Камунальнікам неабходна будзе дапамога ў пасадцы, праполцы і паліве гарадскіх клумбаў. "Паўдзельнічаем і ў важнай справе рэканструкцыі малочнатаварных фермаў раёна, для чаго мяркуем стварыць свой атрад з ліку моладзі", - падзялілася планамі на лета першы сакратар раённага камітэта БРСМ Дзіяна Ранцюк.






