мобильная версия
Прамень

Падзеі і здарэнні

Нумар - №11-13    Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны

20.01.2012

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне тры шлюбы, столькі ж зроблена адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены тром маленькім жыхарам раёна: Кірылу Лаўрыновічу, Вераніцы Шэлест і Ганне Пальчык.

Зямны шлях закончыўся для 14 чалавек.

У пажарнай часці згадалі два вогненныя здарэнні. Успыхнулі драўляны дом у Апечках, а таксама дачны дом у садовым таварыстве "Лясное-88", што ў Атцэдзе. Агонь моцна прайшоўся па абедзвюх пабудовах. У дачным таварыстве, дзе дачы размешчаны блізка адна ад другой, удалося пазбегнуць большай бяды толькі дзякуючы пільнасці вартаўнікоў. Папярэдняя прычына пажараў адна і тая ж - парушэнне правіл пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення.

    Міліцыяй зарэгістравана 125 паведамленняў аб правапарушэннях. Складзены 22 пратаколы за дробнае хуліганства, 10 - за знаходжанне ў п'яным выглядзе ў грамадскім месцы  і інш. Узбуджана восем крымінальных спраў. Быў украдзены манітор ад камп'ютара з кватэры па вул. Свярдлова ў Стоўбцах. Невядомы абрабаваў дачны дом на хутары паблізу Аталезі. Злодзей наведаўся і да жыхаркі Налібакаў, у выніку чаго з кватэры зніклі цюнар, прас і прадукты харчавання. Грамадзянка і яе хаўруснік незаконна выкарысталі чужую банкаўскую картку і знялі з яе грошы ў банкамаце. У закінутай гаспадарчай пабудове састарэлы жыхар вёскі Ніўнае ўчыніў гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў адносінах да дзяўчынкі 2004 года нараджэння.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь затрыманы на сажалках ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі" філіял "Хотава" жыхар раёна, які наладзіў незаконную рыбалку з дапамогай сеткі-пад'ёмніка. На парушальніка складзены адміністрацыйны пратакол, пакаранне яму вынесе суд. Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф у памеры ад 10 да 50 базавых велічынь.

Суд асудзіў на чатыры месяцы арышту 23-гадовага жыхара Уздзенскага раёна: у электрацягніку ён выкраў у соннага пасажыра барсетку з дакументамі і мабільным тэлефонам, а затым пакінуў вагон на станцыі Стоўбцы і паспеў знішчыць пашпарт. 53-гадовы жыхар Заямнага, раней ужо судзімы за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап'янення, ізноў сеў за руль у нецвярозым стане, на гэты раз - трактара прыватнага прадпрыемства, за што пазбаўлены вадзіцельскага пасведчання тэрмінам на 5 гадоў і аштрафаваны на круглую суму - 10 мільёнаў 500 тысяч рублёў. 51-гадовы стаўбчанін спрабаваў вынесці з магазіна райспажыўтаварыства  прадукты на суму амаль 35 тысяч рублёў, але быў затрыманы самімі прадаўцамі і трапіў пад арышт на пяць сутак. Па 700 тысяч рублёў штрафу атрымалі двое жыхароў вёсак Рочавічы і Курачкі - за самавольнае будаўніцтва.

      ДАІ выявіла 187 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - пяцёра п'яных і шасцёра бяспраўных вадзіцеляў, 14 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. Зафіксаваны 22 дарожныя аварыі. У іх, на шчасце, ніхто не пацярпеў.

"Хуткая" выязджала да хворых 165 разоў, у прыватнасці 12 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем. Неабгрунтаваных выклікаў не паступала.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ