Прыярытэт – кармавым культурам
Нумар - №11-13 Рубрыка - Сельская гаспадарка
20.01.2012
На пачатку кожнага года, як і звычайна, актывізуецца работа агранамічных службаў гаспадарак раёна. Яно і зразумела - не паспееш азірнуцца, як ажывуць веснавыя палеткі. Да таго ж, вясна можа быць ранняй, таму трэба ўжо сёння трывала рыхтавацца да сяўбы. Аб тым, як спрацавалі работнікі раслінаводчай галіны летась, і аб планах на сёлетні год - размова з галоўным аграномам ААТ "Вялікі Двор" Генадзем Бязушкам.
- Генадзь Генадзьевіч, ці задаволены вы вынікамі работы раслінаводчай галіны ў мінулым годзе?
- Безумоўна. Дасягнуты тэмпы росту ў вытворчасці збожжавых на 8,9 працэнта ў параўнанні з папярэднім паказчыкам, валавы збор у свірнавай вазе склаў 6104,5 тоны. Найбольшую аддачу мелі ад азімых. Атрымалі самую высокую ў гісторыі гаспадаркі ўраджайнасць цукровых буракоў - 530 цэнтнераў з гектара. Удалася кукуруза, сабралі з гектара 516 цэнтнераў зялёнай масы, а ўсяго звыш 19 тысяч тон. Намалацілі 877 тон зерня кукурузы. Вельмі парадаваў азімы рапс.
- І што, на ваш погляд, адыграла галоўную ролю - спрыяльны быў год альбо людзі добра папрацавалі?
- І механізатары нашы малайцы, і надвор'е выдалася, асабліва для прапашных, проста выдатнае.
- А якім культурам аддадзіце перавагу сёлета?
- Пастараемся вырошчваць культуры, якія даюць найбольшую аддачу. Прааналізуем рэнтабельнасць кожнай. Збожжавымі будзем займацца адназначна, а таксама піваварным ячменем. Летась атрымалі самую высокую з раёне ўраджайнасць азімага рапсу, намалацілі па 30,5 цэнтнера, таму адвялі пад яго 150 гектараў. Пад кукурузай зоймем не менш за 500 гектараў. Менавіта "каралеве палёў" адводзіцца асноўная роля - гэта і сілас, і зерне - даволі энергетычны корм. Нарыхтаваць дастатковую колькасць кармоў для грамадскага статка для гаспадаркі - галоўнае, бо грошы атрымліваем ад рэалізацыі малака і мяса. Са шматгадовых траў па-ранейшаму на сянаж будзем сеяць люцэрну. А таксама травяныя сумесі, самыя танныя ў вырошчванні, і ў прыватнасці, канюшыну з цімафееўкай, у якіх максімальна збалансаваны цукар і бялок. На трохстах гектарах размесцяцца цукровыя буракі. Разлічваем мець прыбытак ад іх вырошчвання, бо летась цана павысілася. У мінулыя гады, нават пры высокай ураджайнасці, культура гэтая была нерэнтабельнай. Адносна бульбы прагнозы на павялічэнне ўраджайнасці. Як і заўсёды перад намі пастаўлена задача нарошчваць вытворчасць раслінаводчай прадукцыі, таму стараемся з году ў год яе выконваць. Самы важкі паказчык - выхад кармавых адзінак з аднаго гектара, і за мінулы год ён плануецца даволі высокім.
- А як ідзе падрыхтоўка да веснавых палявых работ?
- Наяўны насенны матэрыял правераны, ён адпавядае пасяўному стандарту. Неўзабаве завязём з насенняводчых станцый і новыя сарты збожжавых. Мінеральныя ўгнаенні паступова назапашваюцца, праблем не будзе. Купляем іх за ўласныя грошы і дастаўляем непасрэдна з заводаў. Ужо сёння маем азотных палову да патрэбнасці. Вывозім на палеткі арганіку, пастаянна працуе механізаванае звяно. Не вырашана толькі адна праблема, якая хвалюе кіраўніцтва, - недахоп механізатарскіх кадраў.






