Сталіца ўсё бліжэй
Нумар - №11-13 Рубрыка - Раённыя навіны
20.01.2012
Многія жыхары Стаўбцоўшчыны ўжо ацанілі камфортныя ўмовы руху на электрацягніку швейцарскай фірмы. І хаця білет каштуе крыху даражэй, чым на звыклую электрычку, але пераваг шмат. Не пройдзе гадзіны, а вы ўжо ў Мінску! І да Баранавіч можна даехаць за хвілін 40. Толькі вось на лініі Мінск - Брэст курсіруе ў суткі пакуль толькі адзін такі поезд. І месцы ў вагонах на яго звычайна заказваюцца папярэдне.
Неўзабаве маршрутаў на электрычцы новага пакалення дабавіцца. Як стала вядома, у вагонным дэпо сталіцы вядуць перадэксплуатацыйную падрыхтоўку яшчэ аднаго электрапоезда са Швейцарыі для рэгіянальных ліній. Праўда, невядома куды яго накіруюць, бо акрамя брэсцкага і маладзечанскага напрамкаў, дзе такія цягнікі курсіруюць, ёсць яшчэ маршруты і на Барысаў, і на Асіповічы.
Усё ж, згодна з кантрактам, падлічаным Беларускай чыгункай і выканаўцамі са Швейцарыі, у рэспубліцы будуць курсіраваць 10 сучасных электрацягнікоў для новага фармату пасажырскіх перавозак.






