мобильная версия
Прамень

Таямніца нараджэння хлеба

Нумар - №11-13    Рубрыка - Людзі і лёсы

20.01.2012

Фотография 1
Фотография 2

Яе апетытнымі  боханамі на Стаўбцоўшчыне не раз сустракалі важных гасцей, у тым ліку і з-за мяжы.  Яе хлеб упрыгожваў не адзін год раённае свята працы і ўрачыстасць у Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі. Ды і сама Марыя Аляксееўна, хоць ужо на пенсіі, да гэтых урачыстасцяў мае самыя непасрэдныя адносіны - усё жыццё  працавала на жывёлагадоўчай ферме. Яе хлеб спрабаваў біскуп і іншыя паважаныя асобы ў сане, якіх сустракалі ў мясцовым касцёле. І нават Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, што засведчыў сюжэт з тэлевізійнага рэпартажа, з паклонам паклаў руку на боханы хлеба, спечаныя Марыяй Бець на рэспубліканскае свята "Дажынкі" ў Слуцку. Яе хлеб заказвалі на вяселлі, яго павезлі ў свае краіны госці Стаўбцоўшчыны. І ніякія прысмакі не маглі перасягнуць водар гэтага скарбу.

Выпякае Марыя Аляксееўна хлеб, калі дазваляе яе здароўе, у простай вясковай печы, якая ўжо з-за даўнасці часу і  той нагрузкі, што давялося вынесці, прагарэла. Ёсць печ новая, у хаце. Аднак хлеб выпякаецца заўсёды ў летняй кухні ў двары. Канешне ж, акрамя таго, што ў гэтую справу трэба ўкласці душу, і плён, і сілу сваіх рук, Марыя Аляксееўна мае яшчэ і ўласны рэцэпт хлеба. Ён даўні-даўні, перадаўся ёй у спадчыну. Некалі бабуля Марыі Бець служыла ў паноў Лэнскіх, сядзіба якіх у вёсцы Сула цяпер адрэстаўрыравана і занесена ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Бабуля была ў панскім маёнтку адмысловай кухаркай. Свой дар яна перадала дачцэ Гелене. З трох дачок Гелены Міхайлаўны толькі Марыя ўнаследавала гэты пекарскі талент. Ды як унаследавала -  прымножыла яго да славы. Прыйшла чарга сказаць, што ў Марыі Аляксееўны і яе мужа Міхаіла Іосіфавіча пяцёра дзяцей - чацвёра сыноў і дачка. Акрамя малодшага ўсе дзеці маюць свае сем'і. Вялікая гаспадарка бацькоў - дзве каровы, іншая жыўнасць, пасека, а самае галоўнае - стан здароўя ў апошні час не заўсёды дазваляюць Марыі Аляксееўне рупіцца так, каб бацькоўскі дом сустракаў дзяцей непаўторным водарам і смакам свайго хлеба. Аднак да гэтага ў вялікай сям'і ўсе так прывыклі, што без дамашняга хлеба і абед не абед. Неяк сын Анатоль сказаў сваёй Наталлі, каб вучылася ад маці пячы хлеб. Гэтаму Марыя Аляксееўна вельмі абрадавалася - прыемна  адчуваць, што дзеці нясуць адказнасць за радавую спадчыну, за захаванне традыцый сям'і. Наталля прыняла наказ мужа з гатоўнасцю. Сама яна юрыст па спецыяльнасці, працуе ў стаўбцоўскім доследным лясгасе. Наталля сумела стаць дачкой Марыі Аляксееўне, маці сагрэта яе ўвагай, клопатам, вялікай дапамогай нявесткі. Марыя Аляксееўна ўпэўнена, што ў Наталлі атрымаецца прыняць  пекарскі дар. А яна ў сваю чаргу гатова аддаць нявестцы сваё ўменне, усё без астатку. Што ж, няхай жывуць пекарскія традыцыі ў родзе Бецяў. І гэта скарб не толькі адной асобна ўзятай сям'і, гэта скарб дзяржавы.

Васіль Зянько, фота

Святлана ЖЫБУЛЬ