У чаканні вясны
Нумар - №11-13 Рубрыка - Сельская гаспадарка
20.01.2012

Па выніках раённага агляду-конкурсу машынна-трактарны парк ААТ "Жацерава" заняў першае месца сярод аднатыпных падраздзяленняў сельгаставарыстваў раёна. І лепшымі ў плане навядзення парадку на тэрыторыі і ў мехмайстэрні, гатоўнасці рамонтнай базы да работы ў зімовых умовах яго працаўнікі сталі па праву. Варта адзначыць, што гэтаму падраздзяленню шмат увагі ўдзяляе і дырэктар Іван Краўчук. Інжынер па адукацыі, Іван Васільевіч дасканала разбіраецца ў тэхніцы.
Прыемна кінуць позірк на тэрыторыю мехдвара - яна поўнасцю асфальтавана, пастаянна тут падтрымліваецца парадак, разбіты кветнік. На перыяд масавых палявых работ наладжаны і строгі кантроль за рухам транспарту - на тэрыторыю мехдвара без дазволу не заедзе ніводная машына, акрамя, зразумела, тэхнікі таварыства. Нядаўна праведзены рамонт у кабінеце па ахове працы і бяспецы дарожнага руху, зараз шыкуецца дыспетчарская.
Рамонтная майстэрня светлая і прасторная, аснашчана неабходным абсталяваннем. Тут зроблена ацяпленне на мясцовых відах паліва, таму нават у моцныя маразы ў памяшканні падтрымліваецца належны тэмпературны рэжым.
- Летась мы правялі рэканструкцыю - адрамантаваны кран-бэлька, аглядавая яма, зманціравана асвятленне, - сказаў галоўны інжынер Віктар Іванец. - Абсталяваны таксама пакой для прыёму ежы і адпачынку механізатараў.
З восені ўся пасяўная і глебаапрацоўчая тэхніка была своечасова пастаўлена на зімовае захоўванне, зараз вядзецца яе рамонт. Гэтымі зімовымі днямі механізатары скрупулёзна рыхтуюць і свае трактары да веснавых палявых работ.
- Многа ў гаспадарцы за апошні час набыта новай тэхнікі, - даводзіць загадчык майстэрні Дзяніс Скачко, - але і яна пасля напружанага сезона патрабуе догляду. Трэба даводзіць да ладу і ўжо не новую, якой асаблівая ўвага. Над гэтым і працуем. Дапамагаюць механізатарам газаэлектразваршчык Анатоль Кузьміных, слесары Уладзімір Капусцік і Арцём Кандраценя. Старанныя хлопцы выконваюць не толькі сваю асноўную работу - няма ў нас каваля, дык яны і кавальскую справу асвоілі.
Штогод у таварыстве рамонт тэхнікі звычайна праводзіцца сваімі сіламі і завяршаецца ў вызначаны тэрмін, бо работнікі ведаюць, што вясна чакаць не будзе.
На здымках: галоўны інжынер Віктар Іванец (справа) і механізатар Аляксандр Ганчарэнка вызначаюць аб'ём работы.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






