мобильная версия
Прамень

Уменне ладзіць з людзьмі

Нумар - №11-13    Рубрыка - У святле "Праменя"

20.01.2012

Фотография 1

Шмат работы перад навагоднімі святамі выпала работнікам Любкаўшчынскага аддзялення паштовай сувязі. Галоўным клопатам для паштавікоў была падпісная кампанія на перыядычныя друкаваныя выданні.

-  Падпіска прайшла на ўзроўні,  я задаволена сваімі работнікамі, - сказала начальнік аддзялення Надзея Казлоўская. -  Мы не знізілі падпіску і на першы квартал бягучага года падпісалі на "Прамень" 111 чалавек, а ўсяго нашы жыхары атрымліваюць 455 экземпляраў розных выданняў.

Пахваліла начальнік паштальёнаў не проста так. Жанчыны і сапраўды заслугоўваюць шчырых слоў падзякі, бо вельмі працавітыя. І што важна, адказныя.

- Не кожнага  чалавека на такую работу аформіш, - гаворыць Надзея Канстанцінаўна. - Трэба, каб і выканальніцкая дысцыпліна была высокая, і з людзьмі  паштальён мог добра ладзіць, адным словам, каб быў камунікабельным. 

Усе гэтыя рысы ўласцівы Ірыне Міхаськовай і Марыне Хвіцько. У Ірыны Яўгеньеўны  немалы ўчастак - яна абслугоўвае палову падпісчыкаў вёскі Любкаўшчына, жыхароў Пагарэлага, Суднікоў і Паласні, а Марына Мікалаеўна носіць карэспандэнцыю ў вёскі Жыгалкі, Камяніца і аграгарадок Любкаўшчына. Прычым сумкі ў паштальёнаў не пустыя. Акрамя раёнкі, якая лічыцца галоўнай газетай на вёсцы, людзі выпісваюць  шмат часопісаў, пераважна для дзяцей і ўнукаў. Асаблівым попытам карыстаюцца "Народный доктор" і "Наша кухня".

- Хацелася, каб вяскоўцы больш выпісвалі перыёдыкі. Але мы разумеем, што час зараз нялёгкі, - даводзіць Ірына Міхаськова, - і вельмі ўдзячны за тое, што людзі, асабліва пажылыя, ідуць нам насустрач. Мы ў сваю чаргу  ім таксама дапамагаем - аплачваем  ваду, газ, электраэнергію, дастаўляем неабходныя харчовыя і прамысловыя тавары.

Ірына Яўгеньеўна падкрэслівае, што з ахвотай заўжды выпісвалі і выпісваюць сяльчане "Прамень", дзе чытаюць артыкулы пра сваіх вяскоўцаў, даведваюцца пра раённыя навіны. А ў студзені падпісчыкі  з нецярпеннем чакалі каляровы каляндар.

Варта сказаць, што Ірына Міхаськова мае немалы вопыт работы паштальёнам. І Марына Хвіцько, хоць і прыйшла працаваць у аддзяленне параўнальна нядаўна, але таксама заслужыла павагу. Жанчыны заўсёды своечасова прыносяць людзям карэспандэнцыю. Стараюцца даставіць састарэлым і задавальненне - знаходзяць час, каб і пагутарыць з імі, і апошнія навіны расказаць. І гэта нягледзячы на тое, што абедзве працуюць яшчэ і на іншай  рабоце - Ірына Яўгеньеўна завіхаецца жывёлаводам на мясцовай свінаферме, а Марына Мікалаеўна прыбіральшчыцай у канторы таварыства. Адным словам, невялікі дружны калектыў аддзялення працуе зладжана. Заўжды ветліва абслугоўвае наведвальнікаў і начальнік Надзея Казлоўская. У памяшканні вясковай пошты цёпла і ўтульна, кожны жыхар мае магчымасць не толькі атрымаць грошы, а і адправіць пасылку, пісьмо ці паштоўку, набыць пэўныя тавары. Можна скарыстаць і паслугі інтэрнэт-кабіны.

На здымку: (злева направа) начальнік аддзялення Надзея Казлоўская гутарыць з паштальёнамі  Марынай Хвіцько і Ірынай Міхаськовай.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Надзея БАТАЛКА