Абсягі футбольнага далягляду
Нумар - №14-15 Рубрыка - Спорт
24.01.2012

Знакаміты ў футбольным свеце Алег Чыкун не забывае сваіх землякоў. І цяпер ён завітаў у рэдакцыю, каб расказаць аб планах і перспектывах самай папулярнай спартыўнай гульні. Ён тут на самым пульсе падзей, бо выбраны намеснікам асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола". Навін, вядома, шмат.
- Беларускі футбол адзначыў сваё стагоддзе. Знакавым быў прыезд у снежні мінулага года ў Мінск кіраўніка Еўрапейскай федэрацыі футбола (УЕФА) Мішэля Плаціні. Відны дзеяч міжнароднага футбола, а ў маладыя гады славуты капітан зборнай Францыі, з якой ён заваяваў званне чэмпіёна Еўропы, даў станоўчую адзнаку развіццю футбола Беларусі. Прыгадаў, што менавіта зборная нашай краіны дабілася станоўчага выніку ў паядынках з французамі ў матчах групавога этапу першынства Еўропы. Шкада толькі, што ў гульнях з іншымі сапернікамі беларусы не набралі дастатковай колькасці ачкоў, каб трапіць у фінальны турнір. Аднак жа раўназначнай кампенсацыяй стала здабытае маладзёжнай зборнай Беларусі права паездкі на Алімпійскія гульні ў Лондан. Асабліва падкрэсліў Мішэль Плаціні, што маладая футбольная дружына нашай рэспублікі на буйнейшых спартыўных спаборніцтвах будзе прадстаўляць Еўропу разам з усяго толькі яшчэ трыма зборнымі камандамі - Англіі, Іспаніі і Швейцарыі. "А вось Францыя туды не трапіла", - з добрай усмешкай, але, відаць, са шкадаваннем канстатаваў ён.
- Алег Вікенцьевіч, і на фотаздымку, які вы прапанавалі, вы з Мішэлем Плаціні ледзьве не ў абдымку. У вас з ім добрае знаёмства?
- Так, спартыўныя шляхі не маглі не перасякацца. Ён славутая футбольная зорка, а мне давялося ў якасці суддзі міжнароднай катэгорыі абслугоўваць многія матчы еўрапейскіх турніраў, у тым ліку і з удзелам Плаціні.
Але справа не толькі ў гэтым. Месье Мішэль выконвае важную місію па распаўсюджванні футбола, садзейнічае росту майстэрства ігракоў, асабліва звяртае ўвагу на дзіцячы і юнацкі футбол. І галоўнае яго крэда: футбол - пасланец міру.
Асабіста Плаціні падтрымлівае належную спартыўную форму, яму ж трэба паспець пабываць у кожнай краіне Еўропы. А на нашым кантыненце, як ужо прыгадвалі, сёлета дзве самыя важкіяпадзеі: Алімпійскія гульні ў Англіі і чэмпіянат Еўропы ў Польшчы і на Украіне.
- Вы самі асабіста плануеце наведаць сустрэчы важнейшых турніраў чатырохгоддзя?
- Безумоўна, мару аб гэтым. Выдатна будзе, калі атрымаецца. Дарэчы, як ніколі, у аматараў футбола і нашай рэспублікі будзе магчымасць стаць непасрэднымі балельшчыкамі міжнародных матчаў на стадыёнах суседніх краін. Нагадаю, што сустрэчы фіналу Чэмпіянату Еўропы адбудуцца ў Варшаве, Вроцлаве, Гданьску і Познані. Гэта ў заходнім ад нас кірунку, а ў паўднёвым - у Кіеве, Данецку, Харкаве і Львове. Наколькі я ведаю, спрошчаным будзе парадак перасячэння граніцы з Польшчай, а на Украіну - увогуле бязвізавы рэжым. Галоўнае, набыць білеты на матчы.
- Гэта футбольныя святы. А пакуль жа будні.
- Сапраўды, ідзе падрыхтоўка і да адказных міжнародных матчаў, і да сустрэч на рэспубліканскай арэне. Так, праблемы ўзнікаюць нават наконт рэгламенту правядзення першынства Беларусі ў вышэйшай лізе. Пакуль складаная сітуацыя з мазырскай "Славіяй". У каманды не знаходзяцца спонсары, а без падтрымкі ў футболе сёння немагчыма.
Футбольны сезон стартуе вясной, але і цяпер няма зацішша. Праводзяцца шматлікія турніры, пераважна ў залах. Днямі ў сталічным футбольным манежы стартуе традыцыйны, ужо восьмы, міжнародны юнацкі турнір на прызы асацыяцыі БФФ і Мінгарвыканкама. У Мінск прыехалі каманды Расіі, Украіны, Бельгіі, Фінляндыі, Грузіі, Латвіі і Літвы. Маладзёжная зборная Беларусі выступае ў Маскве ў турніры на Кубак Садружнасці.
Дэталёва пытанні ўдзелу і падрыхтоўкі калектываў мы абмяркоўваем на пасяджэннях асацыяцыі. Праўда, я больш адказваю за арганізацыю судзейства матчаў, а таксама развіццё футбола ў рэгіёнах. Прыемна, што Беларусь прынята членам судзейскай канвенцыі УЕФА. Мы выканалі асноўныя патрабаванні з боку Еўрапейскай федэрацыі, чаго, да прыкладу, Расія пакуль не змагла зрабіць. Так, улічана, што ў нас вядзецца мэтанакіраваная падрыхтоўка футбольных суддзяў. Дарэчы, нагадваю, што тым, хто жадае набываць ці павышаць судзейскую кваліфікацыю, можна непасрэдна на месцы звярнуцца да Сяргея Жука, дырэктара Стаўбцоўскай ДЮСШ, таксама суддзі міжнароднай катэгорыі.
- Паколькі скіравалі да размовы і аб футболе ў Стоўбцах, што вы можаце адзначыць і як намеснік асацыяцыі БФФ, і як старшыня абласной футбольнай федэрацыі?
- Яшчэ раз пахвалю: футбалісты "Нёмана-Агра" - малайцы. Трымайце курс на чэмпіёнства і ў наступным сезоне! Прыкладваюцца ўсе намаганні, у тым ліку і раённай уладай, каб сёлета стадыён "Юнацтва" абнавіўся, стаў перспектыўным і значным спартыўным аб'ектам нават у маштабе ўсёй рэспублікі. Штучнае пакрыццё футбольнага поля адкрывае выдатныя магчымасці. А таленты, я ўважліва сачу за сваімі землякамі, растуць, шліфуюць майстэрства.
Добры стадыён у Дзераўной. Нездарма ён прызнаны адной з лепшых спартыўных арэн падчас правядзення чэмпіянату вобласці. І арганізацыя спаборніцтваў тут на належным узроўні. Дарэчы, колькасны састаў удзельнікаў другой лігі першынства вобласці пашыраецца. "Меліяратар" жа, памятаецца, у другой лізе выступаў. Што датычыць першай лігі, то змены ў рэгламенце правядзення матчаў сёлета не прадугледжаны. Водгукі станоўчыя, аматарскі футбол Міншчыны, у дапаўненне да рэспубліканскіх поспехаў барысаўчан, салігорцаў, іншых калектываў з прафесійным статусам, развіваецца. І гэта радуе. Жадаю, каб і футбольная Стаўбцоўшчына ўтрымлівала заваяваныя рубяжы і выходзіла на новы, больш высокі ўзровень.






