Дзесяць крытэрыяў для міліцыі
Нумар - №14-15 Рубрыка - Ахова правапарадку
24.01.2012
У мінулым годзе райаддзелам міліцыі быў рэалізаваны комплекс мерапрыемстваў па арганізацыі асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян, ахове грамадскага парадку і грамадскай бяспецы. Агульная ацэнка дзейнасці стаўбцоўскіх міліцыянераў, вызначаная па дзесяці крытэрыях, - станоўчая.
Адзін з галоўных крытэрыяў - грамадская думка. Штабам Міністэрства ўнутраных спраў быў праведзены на тэрыторыі раёна чарговы маніторынг, які паказаў, што ўзровень поўнага даверу да міліцыі жадае быць лепшым, ён знізіўся на адзін працэнт, але, разам з тым, "упаў" і недавер. Вырасла колькасць рэспандэнтаў, якія адзначаюць ветлівасць, прафесіяналізм супрацоўнікаў РАУС і выказваюць задаволенасць паўнатой, аператыўнасцю расследавання заяў. Турбуюць людзей праблемныя сем'і, бытавы алкагалізм і іншае.
Аналізуючы дынаміку злачыннасці, неабходна назваць некаторыя тэндэнцыі. Агульная колькасць зарэгістраваных крымінальных дзеянняў на Стаўбцоўшчыне зменшылася летась на 4 працэнты і склала 633 злачынствы. Меншае фактаў нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, грабяжоў. Не зарэгістравана згвалтаванняў і разбояў. Разам з тым, адзначаецца рост наўмысных забойстваў, махлярстваў, хуліганстваў, крадзяжоў маёмасці ўсіх форм уласнасці. Кожныя два з трох зарэгістраваных злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку адбываюцца ў сельскай мясцовасці.
Раскрывальнасць злачынстваў склала летась 58 працэнтаў. Найбольш складаная абстаноўка на тэрыторыях Шашкоўскага, Хатаўскога, Залужскага сельсаветаў. Нераскрытымі пакуль застаюцца два цяжкія злачынствы - крадзеж маёмасці ў Наваколасаве і крадзеж аўтамабіля ў Стоўбцах. Пацягнуць за нітачку і разблытаць злачынны клубок - працэс няпросты і творчы, які патрабуе адпаведных адносін на ўсіх этапах, пачынаючы са збору доказаў на месцы злачынства.
Зразумела, кожнаму падраздзяленню ёсць да чаго імкнуцца і што ўдасканальваць у сваёй паўсядзённай рабоце. У цэлым кіраўнік РАУС выдзеліў характэрныя групы недахопаў: недастатковае валоданне нарматыўна-прававымі актамі, парушэнне тэрмінаў вядзення адміністрацыйнага працэсу, валакіта пры зборы дакументаў, неграматнасць і некампетэнтнасць адказаў, дадзеных заяўнікам, а таксама адсутнасць дакладнага кантролю за своечасовасцю прынятых рашэнняў з боку кіраўнікоў падраздзяленняў. Трэба сказаць, што пры выяўленні падобных фактаў праводзяцца службовыя праверкі, а вінаватыя работнікі прыцягваюцца да дысцыплінарнай адказнасці.
Сярод лепшых падраздзяленняў названы МРЭА ДАІ, крымінальна-выканальніцкая інспекцыя, ізалятар часовага ўтрымання. У стадыі фарміравання калектыў інспекцыі па справах непаўналетніх. На яго ўскладаюцца вялікія надзеі, бо летась удалося дабіцца значнага зніжэння злачыннасці ў падлеткавым асяроддзі. А прыкладам для калег могуць служыць старшыя оперупаўнаважаныя Часлаў Гарэлік і Дзмітрый Стома, участковы інспектар Аляксандр Макарчук і інш. Яны карыстаюцца аўтарытэтам у грамадзян і, дарэчы, на сходзе былі адзначаны граматай і падзякамі ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама.
Арганізацыяй прафілактычнай работы займаецца калектыў аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі, які ўзначальвае Юлія Белавусава. Падраздзяленне сфарміравана, працуе зладжана, у тым ліку па рэалізацыі Дэкрэта № 18. На даны момант на ўліку ў райаддзеле 89 абавязаных асоб. Працэнт кампенсацыі імі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей у дзяржаўных установах складае 58,6 працэнта (па даных суда). Ухіляюцца ад працаўладкавання восем абавязаных асоб, што сведчыць пра адсутнасць сістэмы ў рабоце некаторых участковых інспектараў. Ёсць пытанні і да пэўных наймальнікаў. Асноўнае - належнае ўзаемадзеянне і выкананне рашэнняў Каардынацыйнага савета.
Аслаблена прафілактычная работа ў сферы сямейна-бытавых адносін. Вынік таму - два забойствы, тры факты нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Ім папярэднічаюць, як правіла, пастаянныя п'янкі. Тым не менш, інфармацыі ў міліцыю ад аднавяскоўцаў не паступае... пакуль нешта не здарыцца. Вядзецца барацьба з самагонаварэннем (за год канфіскавана больш за 50 самагонных апаратаў, 680 літраў самагону, 8 тон брагі, 300 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці), але мерапрыемствы па выяўленні ачагоў нярэдка носяць бессістэмны характар. Між іншым, сярод 144 жыхароў раёна, прыцягнутых да адказнасці, - не толькі пенсіянеры, а і работнікі лясніцтваў, дзіцячых дашкольных устаноў, сацыяльнай сферы. Летась ад атручэння алкаголем памерлі ў раёне сем чалавек (пяць мужчын і дзве жанчыны, сярэдні ўзрост іх - 48 гадоў). Пакуль недастаткова выкарыстоўваецца такая мера як абмежаванне ў дзеяздольнасці ў частцы атрымання заработнай платы тых, хто злоўжывае спіртным, накіраванне такіх людзей у лячэбна-працоўны прафілакторый. Не апошні фактар тут - адсутнасць на сённяшні дзень у раённай паліклініцы ўрача-нарколага. У прафілактычных мэтах неабходна актывізаваць дзейнасць добраахвотных дружын і іншых грамадскіх фарміраванняў.
У раёне выяўлена работнікамі міліцыі больш за 3300 адміністрацыйных правапарушэнняў. Як правіла, людзі прыцягваліся да адказнасці за п'янства, дробнае хуліганства і т. п. Зарэгістравана 330 крадзяжоў маёмасці, у тым ліку чатыры - з магазінаў. Пераважная большасць іх здарылася з-за бяспечнасці саміх пацярпелых і неналежнай умацаванасці аб'ектаў суб'ектамі гаспадарання. Устаноўлена, што ў 70 працэнтах зарэгістраваных крадзяжоў зламыснікі выкарысталі... свабодны доступ. Раённае аддзяленне аховы прадастаўляе магчымасць падключыць свой дом, кватэру на сігналізацыю, і трэба актыўней выкарыстоўваць гэтую гарантыю. Ставіцца пытанне аб аснашчэнні ўсіх кафэ і бараў горада сістэмай відэаназірання.
Нельга не сказаць, што для міліцыянераў раёна створаны дастойныя ўмовы працы. Ужо летам бягучага года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю прыбудову да райаддзела, дзе, акрамя кабінетаў, размесціцца трэнажорная зала, цір. Сёлета, у Год кнігі, супрацоўнікі будуць імкнуцца павысіць і свой культурны ўзровень.






