мобильная версия
Прамень

Каб пасвятлела на душы

Нумар - №14-15    Рубрыка - Дабрачыннасць

24.01.2012

Фотография 1
Фотография 2
Фотография 3

Для рэдакцыі нашай газеты была радасць паведамляць пра справы міласэрнасці ў святыя ражджэственскія дні. У кожным нумары ішлі інфармацыі і рэпартажы на гэтую тэму. Такія публікацыі даюць магчымасць прыцягнуць увагу грамадскасці да дабрачыннасці, дапамагаюць крануць сэрца чалавека і пабудзіць яго самому стварыць добрую справу.

Мы заўважаем, што з кожным годам усё больш людзей імкнуцца зрабіць свой асабісты ўклад у справы дабрачыннасці, для многіх гэта становіцца неад'емнай часткай жыцця, патрэбнасцю душы і сэрца. І без гэтага нельга адчуць поўнай радасці ў дні вялікага хрысціянскага свята - Ражджаства Хрыстовага. Сутнасць Ражджаства - у дары. Святкі - гэта той час, калі мы славім Ражджаство і міласэрнасць Госпада, які паслаў на зямлю Сына Свайго. Евангельская запаведзь заклікае нас: "Будзьце міласэрнымі, як і Айцец наш (Нябесны) міласэрны". (Лк. 6, 36). Таму святыя ражджэственскія дні не толькі для таго, каб сагрэцца ва ўтульнай абстаноўцы сваёй сям'і, падарыць радасць сваім блізкім. Ва ўсе часы ў гэтыя дні людзі імкнуліся наведаць тых, хто аказаўся ў гэты час у цяжкай жыццёвай сітуацыі. Сярод іх ёсць і дзеці, якіх няўмольныя абставіны прымусілі пакінуць сваю сям'ю.

У раённым дзіцячым сацыяльным прытулку на сучасны момант знаходзяцца 8 дзяцей рознага ўзросту, знаходжанне якіх у сваёй роднай сям'і ўтрымлівала небяспеку іх здароўю і нават жыццю. У прытулак яны аформлены часова, на перыяд рэабілітацыі - псіхалагічнай, педагагічнай, медыцынскай. Прычына знаходжання дзяцей у прытулку самага рознага ўзросту - ад 3 гадоў да 15 - п'янства іх бацькоў. Далейшы лёс рабят такі: іх могуць вярнуць у іх кроўныя сем'і, калі там адбыліся пазітыўныя змены; дзяцей могуць прыняць у прыёмныя сем'і. І добра, што цяпер вельмі рэдкія выпадкі прызначэння іх у інтэрнатныя ўстановы.

Пакуль дзеці знаходзяцца ў прытулку, пра іх клапоцяцца тыя, хто па абавязку службы і сэрца іх даглядае. Выхаванне дзяцей-сірот для загадчыка дзіцячага прытулку Сяргея Целеша стала сямейнай справай. Разам з ім працуе яго жонца Галіна Васільеўна і дачка Кацярына Сяргееўна. Мы пабылі некалькі гадзін у сацыяльнай установе, аднак і гэтага часу было дастаткова, каб упэўніцца, якая няпростая і адказная справа сагрэць малышоў любоўю. Адпачынку тут душа не мае, гэта пастаянная работа сэрца. Педагогі сацыяльнага прытулку і іншыя супрацоўнікі гасцінна прымаюць усіх, хто прыязджае ў прытулак з дабром і любоўю.

У святыя ражджэственскія дні з падарункамі інтэрнатную ўстанову наведалі цэрквы, агульнаадукацыйныя ўстановы раёна, Цэнтр банкаўскіх паслуг № 624 ААТ "Беларусбанк", БелНатурПрадукт, індывідуальныя прадпрымальнікі. У сённяшнім рэпартажы мы расказваем аб сустрэчы з дзецьмі свяшчэнніка і прыхаджан Свята-Уваскрэсенскага прыходу г. Стоўбцы.

Падрыхтоўка да гэтай паездкі ў прытулак даставіла нямала радасці дзецям прыхаджан. Напярэдадні вечарам у сем'ях гатавалі дамашнюю выпечку, дзеці рыхтавалі сваімі рукамі падарункі. У прытулак яны паехалі і з музычнымі інструментамі - скрыпкай, саксафонам, сінтэзатарам. Тыя вучні, хто займаецца ў школе мастацтваў, падрыхтавалі канцэрт. І так стараліся!

З Ражджаством Хрыстовым педагогаў і выхаванцаў дзіцячага прытулку павіншаваў свяшчэннік Віталій Шаркоў. Затым Насця Жылінская і Раман Шайноў сыгралі на музычных інструментах, Варвара і Маша Суднік пачыталі вершы. У канцэрце прыняла ўдзел і дзяўчынка Даша, якая яшчэ нядаўна знаходзілася ў гэтым прытулку. Педагогі сацыяльнай установы не маглі нарадавацца, як змянілася дзіця. Дзяўчынка жыве цяпер у доглядзе і любові ў адной стаўбцоўскай прыёмнай сям'і.

Многія бацькі рабілі акцэнты на тым, што такія сустрэчы вельмі важныя для станаўлення асобы дзяцей. Выхаваць у дзяцей пачуццё міласэрнасці, дабрыні, спагады, умення падзяліцца з бліжнім тым, што для цябе з'яўляецца дарагім, - задача кожнай праваслаўнай сям'і. У ліку прыхаджан, якім надарылася магчымасць паехаць у прытулак, большасць - шматдзетныя сем'і. Не ў кожнай з іх ёсць магчымасць сабраць сродкі на справы міласэрнасці, а зрабіць добры ўчынак - гэта можа кожны. Сказаць добрае слова, усміхнуцца, пабыць побач, удзяліць увагу - гэта таксама міласэрнасць. Галоўнае, каб дзеці ўсвядомілі з маленства, што рабіць добрыя справы - проста, патрэбна толькі захацець. І гэта таксама будзе часцінкай дабра ў свеце, у якім столькі холаду і жорсткасці. Дзеці, якія знаходзяцца ў прытулку, адчулі цеплыню сэрца сваіх равеснікаў. І на любоў адказалі даверам. Хуценька пераапрануліся ў сцэнічныя касцюмы і паказалі спектакль "Папялушка". Усім было радасна ад таго, што рабяты адчувалі сябе на роўных.

А потым адбылося чаяпіцце з дамашняй выпечкай. За агульным сталом усе частаваліся пірагамі, тортам, пячэннем, фруктамі. Была магчымасць у такой нязмушанай абстаноўцы пагаварыць аб тым, у чым мае патрэбу інтэрнатная ўстанова. Дзяржава сёння шмат робіць для дзяцей-сірот. Аднак гэтую праблему грамадства нельга ўзваліць толькі на плечы дзяржавы. Дзеці, якія знаходзяцца ў прытулку, гэта нашы дзеці, з нашага раёна, і мясцовыя арганізацыі, прадпрыемствы, жыхары раёна не павінны быць у баку, а дапамагаць, хто чым можа. І рабіць гэта, не раздумваючы, таму што Гасподзь у Евангеллі так падтрымлівае нас у памкненнях на здзяйсненне добрых спраў: "...так як вы зрабілі гэта аднаму з тых братоў Маіх меншых, то зрабілі Мне" (Мф. 25, 34-36, 40). Сем'і раёна, напрыклад, могуць перадаць у прытулак адзенне і абутак ад сваіх дзяцей, з якога яны ўжо выраслі, аднак рэчы маюць яшчэ добры выгляд і могуць паслужыць. Хто не мае транспарту, каб самім даставіць іх у прытулак, можна пакінуць рэчы ў праваслаўным кіёску Свята-Уваскрэсенскага прыходу, які працуе ў магазіне "Встреча" на прывакзальнай плошчы ў райцэнтры. Можна ахвяраваць свой час, свае пачуцці, сваю ўвагу да гэтых дзяцей.

Сустрэчы ў прытулку былі рады ўсе - і дзеці, якія тут часова жывуць, і тыя, хто прыехаў да іх у госці, а таксама педагогі, абслуговы персанал сацыяльнай установы. Супрацоўнікі дзіцячага прытулку выказалі пажаданне, каб такія прыезды сталі пастаяннымі. Абодва бакі да гэтага гатовы.

На здымках: загадчыку прытулку Сяргею Целешу даводзіцца быць дзецям за тату; юны саксафаніст Раман Шайноў;  у час канцэрта.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ