Каля дзесяцітысячнай вяршыні
Нумар - №14-15 Рубрыка - Сельская гаспадарка
24.01.2012

Выдатнага поспеху дасягнулі аператары машыннага даення МТФ "Пагарэлае" ААТ "Радзіма Якуба Коласа", якія за мінулы год надаілі ў сярэднім ад кожнай каровы па 9795 тысяч кілаграмаў малака, прыбаўка да леташняга склала 585 кілаграмаў. Зінаіда Ланкевіч, Ніна Зяньковіч, Святлана Нагорная і Лідзія Клундук маюць вынікі адпаведна 9993, 9991, 9908 і 9411 кілаграмаў. Такі высокі паказчык атрыманы жанчынамі ўпершыню.
- Я задаволена сваімі работнікамі, якія чарговы раз пацвердзілі званне мацнейшых, - сказала падчас сустрэчы брыгадзір фермы Герой Сацыялістычнай Працы Зінаіда Ярашэвіч, - і ў наступным годзе мы пастараемся ўсё ж такі перакрыць дзесяцітысячны рубеж. Створаны дзеля гэтага ўмовы, ёсць пажыўныя кармы і галоўнае - працуюць надзейныя і шчырыя людзі.
Ніна Зяньковіч самая тытулаваная сярод аператараў машыннага даення таварыства. Яна неаднойчы станавілася лепшай у раёне і вобласці. Старання і ўмення жанчыне не займаць, яна ўжо звыш трыццаці гадоў рупіцца ў жывёлагадоўлі. Былая вучаніца брыгадзіра Зінаіды Ярашэвіч не падводзіць сваю настаўніцу. Увесь накоплены вопыт праслаўленая гераіня перадала маладой работніцы і навучыла яе ўсяму, што ўмела. Ніна Зяньковіч ужо тры гады як атрымлівае льготную пенсію, але работу не кідае. Ёсць сілы і жаданне працаваць, і самае галоўнае - ёсць вынік.
Зінаіда Ланкевіч таксама не навічок ў жывёлагадоўчай справе. Звыш дваццаці пяці гадоў яна рупіцца на ферме. Спачатку была цялятніцай, а затым лабаранткай. Апошнія шэсць гадоў завіхаецца аператарам машыннага даення. Сёлета Зінаіда Генадзьеўна набрала ў групу пяршачак і здолела атрымаць самую высокую прыбаўку - 906 кілаграмаў малака ад каровы.
Лідзія Клундук па ўзросце самая маладая ў калектыве, ёй нямногім за трыццаць. Пачынала працоўную дзейнасць у паляводчай брыгадзе, а апошнія восем гадоў доіць кароў. Вельмі стараецца, як і іншыя, каб ферма не страчвала заваяваныя пазіцыі.
Святлана Нагорная не мясцовая, прыехала ў таварыства пяць гадоў назад з Чэрвеньскага раёна і вельмі задаволена, што трапіла ў такі дружны і згуртаваны калектыў. Святлана Рыгораўна з першых дзён работы старалася не адставаць па паказчыках ад сябровак па працы і сёння па праву лічыцца адной з лепшых.
Ужо каторы год запар калектыў МТФ "Пагарэлае" ўтрымлівае лідарства сярод аднатыпных падраздзяленняў. Немалая заслуга ў агульным поспеху і падменных аператараў машыннага даення Марыны Ус і Валянціны Семянкевіч, якія даюць магчымасць асноўнаму саставу мець выхадныя дні. Абедзве жанчыны маюць багаты стаж работы па спецыяльнасці. Усе члены калектыву разумеюць, што нельга расслабляцца ні на адзін дзень, бо гэта можа адбіцца на канчатковым выніку, дзе кожны літр адыгрывае ролю. Да таго ж, даярак стымулюе зарплата, якая залежыць ад прадукцыі, - аператары машыннага даення дастойна зарабляюць.
Жывёлаводы фермы паспяхова завяршылі мінулы год. І хоць не атрымалася ў іх паставіць рэкорд, але тое, што двум аператарам машыннага даення ўдалося ўшчыльную наблізіцца да дзесяцітысячнага рубяжу - само па сабе варта самай высокай адзнакі.
На здымку: (злева направа) аператары машыннага даення Святлана Нагорная, Лідзія Клундук, Зінаіда Ланкевіч і Ніна Зяньковіч.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






