Кароткім радком
Нумар - №14-15 Рубрыка - Афіцыйна
24.01.2012

У НАШАЙ КРАІНЕ
З 1 красавіка асобным катэгорыям грамадзян будзе аказвацца дадатковая сацыяльная дапамога. Адпаведны ўказ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У сістэму дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ўключаецца забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. Указам павялічваецца да 10-кратнага памеру бюджэту пражытачнага мінімуму максімальны памер аднаразовай сацыяльнай дапамогі, уводзіцца новы від сацыяльнай дапамогі для інвалідаў І групы, зменены пералік тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, якія выдзяляюцца бясплатна інвалідам, уводзяцца іншыя меры падтрымкі.
Поўная аўтаматызацыя ўліковых і эканамічных даных будзе ўведзена ў сельскай гаспадарцы Беларусі да 2014 года. Аб гэтым на вучобе кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў Магілёўскай вобласці заявіла першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Надзея Каткавец. Паводле яе меркавання, выходзіць на еўрапейскі ўзровень тэхналогій і вырашаць задачы павелічэння вытворчасці экспартаарыентаванай прадукцыі можна толькі пры ўмове ўкаранення інавацый, якія ў сваю чаргу без інфармацыйных тэхналогій ужо не існуюць. Асобныя камп'ютары ў дыспетчараў і бухгалтараў у сучасных умовах недастатковы, час патрабуе, каб на ноўтбуку кіраўніка ў рэжыме рэальнага часу адлюстроўвалася ўся гаспадарчая і эканамічная дзейнасць гаспадаркі.
Урад Беларусі запатрабаваў прыняць аператыўныя меры па ліквідацыі наступстваў снегападу. Гэтыя меры змешчаны ва ўрадавай тэлеграме за подпісам намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Анатоля Калініна, які з'яўляецца таксама старшынёй камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Саўміне, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада. Тэлеграма накіравана кіраўнікам рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, старшыням аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. Меры прыняты ў сувязі з неспрыяльнымі метэаралагічнымі ўмовамі на большай частцы тэрыторыі рэспублікі, выпадзеннем вялікай колькасці снегу і прагназуемым надвор'ем.
У ВОБЛАСЦІ
Праваслаўны жаночы прытулак плануецца адкрыць у Мінскім раёне. Аб гэтым паведаміў начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Мінскага аблвыканкама Іван Магер на апаратнай калегіі. Ён адзначыў, што ў 2011 годзе паміж Мінаблвыканкамам і Мінскай епархіяй БПЦ было падпісана ўжо другое пагадненне. Царква і дзяржава ажыццяўляюць рад сумесных праектаў.
У Мінскай вобласці ў мінулым Годзе прадпрымальнасці створаны два інкубатары і 19 цэнтраў падтрымкі прадпрымальнасці. Усяго ў сталічным рэгіёне налічваюцца 24 такія арганізацыі. Цэнтры аказваюць садзейнічанне суб'ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў атрыманні фінансавых і матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў.






