"Колас" становіцца гаспадаром
Нумар - №14-15 Рубрыка - Прамысловасць
24.01.2012
У ААТ "Радзіма Якуба Коласа" адбыўся няпланавы сход акцыянераў - іх больш за 600 чалавек, з вялікай колькасцю пенсіянераў. Іх запрасілі ў Любкаўшчынскі дом культуры, каб атрымаць іх згоду на продаж маёмасці таварыства - птушнікаў. Пабудаваны яны былі яшчэ калі кіраваў калгасам Канстанцін Каробка - 25 гадоў назад. Апошнія 8 гадоў памяшканні і камунікацыі арандуе для вытворчых патрэб СЗАТ "Птушкафабрыка "Колас".
Пытанне аб продажы маёмасці было вынесена на разгляд райвыканкама, які даў дазвол. Гэтае рашэнне прынята ў адпаведнасці з Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі "Аб развіцці прадпрымальніцкай дзейнасці і стымуляванні дзелавой актыўнасці". З дакументам пазнаёміла прысутных старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч.
Па настроі акцыянераў адчувалася, што маёмасць сельгаставарыства для іх прадстаўляе інтарэс, яны вельмі нераўнадушна абмяркоўвалі гэтае пытанне паміж сабою. І гэта зразумела і нават пахвальна: з мясцовай гаспадаркай звязана іх працоўнае жыццё. І іх голас будзе ўлічаны ў персанальным бюлетэні для тайнага галасавання. Канешне, яны перажывалі, як будзе правільна - прадаць птушкаферму ці не?
На прыняцце імі рашэння ніхто не націскаў на сходзе, акцыянерам была прадастаўлена поўная свабода выбару. І ў многім вызначыцца ім дапамаглі выступленні з трыбуны дырэктара СЗАТ "Пушкафабрыка "Колас" Аляксандра Скрыпко і старшыні ААТ "Радзіма Якуба Коласа" Аляксандра Карнічэнкі, якому яны давяраюць.
Выступленне Аляксандра Скрыпко перад шаноўнай публікай, у складзе якой шмат людзей пажылога ўзросту, было далікатным, паважлівым, настолькі, што ў прысутных не ўзнікла ніводнага контраргумента да прамоўцы. Аляксандр Пятровіч пазнаёміў акцыянераў з прадпрыемствам, якое ён узначальвае. Комплекс складаецца з дзвюх асноўных вытворчасцяў - мясакамбіната ў вёсцы Зарэчча Засульскага сельсавета і птушкакомплексу (сыравіннай базы) ў Любкаўшчыне. Прадукцыя птушкафабрыкі "Колас" добра знаёмая тым, хто прысутнічаў у зале, яна паступае ў продаж у мясцовыя магазіны. А ў дзень работы сходу акцыянераў вытворцы арганізавалі продаж паўфабрыкатаў і гатовай прадукцыі мясакамбіната без гандлёвай нацэнкі прама ў фае Дома культуры. Як прагучала на сходзе, сёння аб'ёмы прадукцыі СЗАТ "Птушкафабрыка "Колас" не меншыя, чым у стаўбцоўскага мясакамбіната. Прадпрыемства прадаставіла рабочыя месцы 375 чалавекам. Аб тэмпах развіцця комплексу можна меркаваць па такіх лічбах: яшчэ год назад колькасць працуючых складала 260 чалавек. Прадпрыемства пастаянна пашыраецца, мадэрнізуецца, наладжаны тэхналогіі, уводзяцца новыя вытворчыя аб'екты. Тыя памяшканні, якія фабрыка арандуе ў сельгаставарыстве, маюць узрост больш за 20 гадоў. Узнікла патрэба ў замене даху, водаправоднай сістэмы, вузла размеркавання газу, ёсць праблемы з газаправодам, воданапорнай вежай, якую патрэбна дэманціраваць, таму што яна знаходзіцца ў аварыйным стане. Пытанні рэканструкцыі згодна з нарматыўнымі дакументамі патрабуюць падрыхтоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі. Аднак збудаванні афіцыйна знаходзяцца ва ўласнасці сельгаставарыства, і гэта стрымлівае, а ў некаторых выпадках, робіць немагчымым работы па мадэрнізацыі вытворчасці. Сельгаставарыства не мае патрэбы сваімі сіламі і сродкамі праводзіць рамонт у гэтых вытворчых памяшканнях. Сітуацыя блізкая да таго, што некаторыя з памяшканняў проста не змогуць далей выконваць ускладзеныя на іх функцыі.
Да прыняцця рашэння аб продажы былі скарыстаны паслугі экспертаў Дзяржаўнага агенцтва па нерухомасці па ацэнцы збудаванняў і памяшканняў. Яны крыху разышліся з той ацэнкай, якую дала бухгалтэрыя сельгаставарыства. Кіраўніцтва птушкафабрыкі прыняло цану гаспадаркі, якая была вышэйшай, і ўзяло расходы заплаціць падатак на нерухомасць. Гэта раскладка стала адказам на пытанне з залы, ці не заніжаны кошт нерухомай маёмасці. Прынародна Аляксандр Скрыпко запэўніў сход акцыянераў, што прадпрыемства гатова і надалей укладваць грошы ў мадэрнізацыю, у развіццё вытворчасці ў духу сучасных патрабаванняў і прыносіць даходы раёну.
Аляксандр Карнічэнка пацвердзіў, што птушкафабрыка "Колас" за гэтыя 8 гадоў паказала сябе як надзейны партнёр, выконвала ўсе абавязацельствы дагавору арэнды з таварыствам. Час акрэсліў задачы па капітальным рамонце збудаванняў, якім ужо пад 30 гадоў, таму трэба даць магчымасць вытворцам правесці мадэрнізацыю. Гэта магчыма толькі пры пераразмеркаванні ўласнасці.
Пажылая жанчына з залы нечакана выказала заўвагу, што шкада адпускаць такіх вытворцаў, лепш бы было іх прыняць у склад таварыства. Аляксандр Скрыпко і на гэтае пытанне даў дыпламатычны поўны адказ, які яшчэ раз выклікаў павагу залы да кіраўніка.
На тайнае галасаванне акцыянеры ішлі з больш спакойнай душой, чым адразу. Камісія падлічыла бюлетэні і аб'явіла вынікі галасавання - пераважная большасць з прысутных дала згоду на продаж птушнікаў СЗАТ "Птушкафабрыка "Колас".
Што ж, для раёна наяўнасць моцных перспектыўных прадпрыемстваў, якой бы формы ўласнасці яны ні былі, - надзейны падмурак для паспяховага развіцця.






