Па плану Следчага камітэта
Нумар - №14-15 Рубрыка - Ахова правапарадку
24.01.2012

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 верасня 2011 года № 409 быў створаны Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. З 1 студзеня 2012 года ён пачаў сваю дзейнасць. Начальнікам Стаўбцоўскага раённага аддзела Следчага камітэта прызначаны Аляксандр Аляксандравіч Рубін, у недалёкім мінулым - намеснік начальніка райаддзела міліцыі - начальнік папярэдняга следства. Прапануем нашым чытачам інтэрв'ю з ім.
- З новага года пачалося фарміраванне раённага аддзела Следчага камітэта, якому дадзена права расследаваць усе крымінальныя справы. Што ўяўляе сабою раённая структура?
- У раённы аддзел Следчага камітэта ўвайшлі дастойныя супрацоўнікі. У ім аб'яднаны людзі, якія працавалі ў райаддзеле міліцыі, пракуратуры раёна, Дзяржынскім міжраённым аддзяленні Дэпартамента фінансавых расследаванняў, маюць практычны стаж работы следчым, дазнавацелем і выказалі жаданне перайсці на працу ў Следчы камітэт. Штат складаецца з 19-ці супрацоўнікаў. У склад аддзела ўваходзіць следчая група з 15 чалавек, у тым ліку прадугледжана і пасада следчага па асабліва важных справах. Не ўсе вакансіі на сёння ўкамплектаваны. Падбіраем кадры. Могуць звяртацца да нас асобы, якія маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю па спецыяльнасці "Правазнаўства" і, абавязкова, - "чыстую" біяграфію. На атэставаныя пасады следчых, інспектара ўстаноўлены ўзроставы цэнз - да 25 гадоў.
- Дзе размешчаны раённы аддзел Следчага камітэта?
- На першым часе мы размяшчаемся ў райаддзеле міліцыі, у тых жа самых кабінетах, дзе і працавала большасць з нас да рэарганізацыі. Ёсць рашэнне аб выдзяленні асобнага памяшкання для новай структуры, таму пытанне гэта будзе вырашацца ў далейшым.
- Што можна сказаць пра функцыянальныя абавязкі супрацоўнікаў Следчага камітэта?
- Нагрузкі і абавязкаў пабольшала, таму што раённаму аддзелу Следчага камітэта перададзены для расследавання крымінальныя справы з пракуратуры, міліцыі, міжраённага аддзялення Дэпартамента фінансавых расследаванняў, ваеннай пракуратуры і міліцыі на транспарце (зразумела, тыя крымінальныя справы, якія датычаць нашага раёна). У гэтым і асаблівасць навастворанага Следчага камітэта - аб'яднаць усе следчыя структуры ў адну з мэтай забяспечыць усебаковае, поўнае, аб'ектыўнае, аператыўнае расследаванне злачынстваў, абараніць правы і законныя інтарэсы грамадзян, захаваць законнасць пры праверцы заяў і паведамленняў, узбуджэнні крымінальных спраў, вытворчасці папярэдняга следства. Пры гэтым важны прынцып незалежнасці, каб выключыць ціск на следства з боку іншых органаў. Цяпер тэрмін следства па крымінальнай справе складае два месяцы, за выключэннем выпадкаў, калі неабходна працягнуць яго па аб'ектыўных прычынах.
- Значыць, следчыя працуюць цяпер асобна ад міліцыі?
- Мы працуем сумесна з РАУС. Наш следчы абавязкова выязджае на месца здарэння па заяве ці паведамленні крымінальнага характару. Следчы прымае рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы або аб яе не ўзбуджэнні. За органам дазнання РАУС захавалася права ўзбуджэння крымінальнай справы.
- Аляксандр Аляксандравіч, як плануеце наладжваць эфектыўную работу даручанага вам аддзела?
- У следчага павінен быць план работы на кожны дзень, план следства па кожнай крымінальнай справе. Калі яны выконваюцца, то гэта гарантыя эфектыўнай работы.






