Сельская гаспадарка Стаўбцоўшчыны
Нумар - №14-15 Рубрыка - Сельская гаспадарка
24.01.2012
З ДЗЯРЖАЎНАЙ ПАДТРЫМКАЙ
Сёлета ў кожным сельскагаспадарчым таварыстве раёна будзе рэканструявана і аснашчана новым сучасным абсталяваннем адна малочнатаварная ферма.
На нарадзе, якая адбылася на гэтым тыдні, за кожнай гаспадаркай адпаведным рашэннем раённага выканаўчага камітэта, на падставе рашэння аблвыканкама, замацаваны адказныя з ліку кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый горада, якія будуць кантраляваць ход будаўніцтва.
Будаўнічыя работы на вызначаных аб'ектах будуць выконвацца ў асноўным за ўласны кошт гаспадарак і пераважна гаспадарчым спосабам. Аднак аб'ёмы работ вызначаны немалыя, таму гаспадаркам без дзяржаўнай падтрымкі не абысціся. І сельгасарганізацыі яе атрымаюць, з абласнога бюджэту ўжо аказана першая дапамога ў суме 2,3 мільярда рублёў на набыццё шыферу, цэменту, металу і лесу.
ПАСЛЯ АГЛЯДУ МАШЫННАГА ДВАРА
На базе ААТ "Жацерава" прайшла нарада з удзелам галоўных інжынераў сельгаставарыстваў. Месца яе правядзення выбралі невыпадкова. Як вядома, у раённым конкурсе на лепшы машынны двор жацераўцы занялі першае месца. Галоўным спецыялістам было што паглядзець і чаму павучыцца.
Асноўнае пытанне, якое разглядалася, - падрыхтоўка тэхнікі да веснавых палявых работ. Папярэдне тры мабільныя групы, якія былі створаны ў райсельгасхарчы для кантролю своечасовага выканання рамонтных работ, аб'ехалі ўсе машынныя двары гаспадарак. Праверка паказала, што рамонт вядзецца на ўзроўні і наш раён у абласной зводцы мае паказчыкі вышэй за сярэднеабласныя. Сярод лепшых называліся інжынерныя службы ААТ "Вялікі Двор" і "Каганец". Аднак у некаторых таварыствах ёсць пэўныя недапрацоўкі, і менавіта адставанне ад графіка рамонту, што звязана з неналежнай яго арганізацыяй. Выяўленыя недахопы запатрабавана ўхіліць.
Варта адзначыць, што сёлета асноўная частка выдзеленых для рамонту бюджэтных сродкаў, каля 80 працэнтаў, акумулюецца ў райаграсэрвісе, дзе цэнтралізавана праводзіцца капітальны рамонт складанай тэхнікі. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена збожжаўборачным камбайнам, што заняты на ўборцы кукурузы на зерне, нагрузка на якія даволі высокая. Сваімі сіламі рамонтнікі гаспадарак правядуць толькі нескладаны рамонт.
Разглядаліся таксама пытанні захоўвання тэхнікі, падрыхтоўкі механізатараў для работы на энерганасычаных трактарах. І адно з найважнейшых - эканомія нафтапрадуктаў. Пастаўлена задача максімальна выкарыстоўваць камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты і апырсквальнікі "Раса". Прыёмку тэхнікі пасля рамонту будзе праводзіць спецыяльная камісія.






