мобильная версия
Прамень

Выйшла з аўто... на хаду

Нумар - №14-15    Рубрыка - Падзеі і здарэнні

24.01.2012

Здарэнне, якое адбылося з 17-гадовай стаўбчанкай, выклікае шок. На хаду дзяўчына стала "выходзіць" з аўтамабіля.

Вывалілася на абочыну, разбіла сабе галаву... У двух месцах медыкі зашывалі яе, але, зразумела, усё магло скончыцца куды горш.

А віной усяму - алкагольнае ап'яненне. У крыві "смелай" дзяўчыны аказалася немалая допінгавая доза - 1,8 праміле!

Факты ўжывання спіртнога непаўналетнімі раёна не могуць не выклікаць трывогу. Летась былі затрыманы за распіванне спіртных напіткаў больш за 300 чалавек. Паводзіны іх разглядаліся ў школах. Іх выклікалі разам з бацькамі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. Для многіх бацькоў было вялікім здзіўленнем тое, што іх сын ці дачка ўжо пасля першага факта выпіўкі трапляюць на прафілактычны ўлік  тэрмінам  адзін год да ўрача-нарколага. Зразумела, прафілактычны ўлік - гэта не дыспансерны, і інфармацыя аб ім ні ў якія органы ці арганізацыі не перадаецца. Але перыядычныя паходы разам з бацькамі ў 321-ы кабінет паліклінікі, спецыфічныя гутаркі з нарколагам - абавязковыя. Трэба будзе перажыць няпростыя псіхалагічныя моманты...

Як вынікае з канкрэтных матэрыялаў, што разглядаюцца на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, самі бацькі нярэдка не выконваюць свае бацькоўскія абавязкі і вінаваты ў тым, што іх дзеці з ранніх гадоў  пацягнуліся да чаркі.

Падлетак катаўся па Стоўбцах на матацыкле сябра аж а 24-й гадзіне і быў спынены работнікамі міліцыі. Пры медыцынскім аглядзе ў крыві яго аказалася больш за адну праміле алкаголю. Хлопец родам з Новага Свержаня, займаецца цяпер ва ўздзенскім ліцэі, яму яшчэ няма і шаснаццаці, таму адміністрацыйны пратакол быў складзены на матулю. Яна аштрафавана на 350 тысяч рублёў за неналежнае выхаванне сына, дапушчаную бескантрольнасць. У даным выпадку раўназначную адказнасць павінны былі б панесці і работнікі гандлю, якія прадалі непаўналетняму спіртное. Але на пытанне "Хто купляў спіртное?" усе да адзінага падлеткі, як згаварыўшыся, гавораць пра сустрэчнага незнаёмага "дзядзьку", якога яны папрасілі зрабіць пакупку. 

Салідную штрафную суму недаатрымае бюджэт і адной са стаўбцоўскіх сямей, у якой гадуюцца  двое дзяцей. За што? Старэйшая дачка, вучаніца школы № 3 горада, на вуліцы распівала піва.  Адзінаццацікласнік гэтай жа школы распіваў у кампаніі ўжо не піва, а гарэлку "Застольную". Пакаштаваць, праўда, не ўдалося, але факт распіцця (пра гэта таксама ведаюць не ўсе бацькі непаўналетніх) лічыцца з моманту адкаркавання бутэлькі.

З гэтай кампаніі яшчэ адзін непаўналетні, які вучыцца цяпер у ліцэі ў Мінску, ужо разглядаўся на камісіі па справах непаўналетніх. Прычына была тая ж - за распіванне спіртнога. І што далей  у хлопца? Хутка яму споўніцца 18. Парог даросласці. А ў дарослым жыцці, калі спыніцца не захочаш, усё складваецца па-іншаму: пры наяўнасці двух-трох пратаколаў за п'янку міліцыя збірае дакументы на накіраванне ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Вось табе і перспектыва... Ну, а на гэты раз бацькі  юнакоў абышліся штрафам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ