Зайграй, знакаміты артыст!
Нумар - №14-15 Рубрыка - Культура
24.01.2012

У пярэдадзень калядных святаў наш славуты зямляк заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко даў у Белдзяржфілармоніі святочны канцэрт, прысвечаны свайму 50-годдзю.
Аляксандр яшчэ і кампазітар, аранжыроўшчык, дырыжор, выканаўца-віртуоз Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча. Гэтаму праслаўленаму калектыву ён прысвяціў роўна палову свайго яркага музычнага жыцця.
Памятаю канцэрт дзесьці дзесяцігадовай даўніны ў раённым Доме культуры, калі пад занавес Аляксандр Крамко пакарыў залу віртуознай ігрой на розных дудках і дудачках! А многія ж стаўбчане ведаюць яго асабіста, знаёмыя з ім па школе, музычнай школе ці пачыналі ў дзяцінстве з агульнага захаплення - музыкі.
Успамінамі падзяліўся стаўбчанін, былы ваенны Ігар Звярынскі. "Сябравалі ў маладосці, потым разышліся нашыя дарогі, - прыгадаў Ігар Аляксандравіч. - Я быў у дзявятым класе, а Аляксандр вучыўся ў сёмым. Стварылі свой музычны гурт з пяці чалавек. У нашым РДК тады быў адзіны ў раёне арган, двухрадны. На ім ігралі, а мы слухалі, танцавалі. Але аднойчы ў перапынку самі спрабавалі. Моладзі спадабалася, бо пасля, як перапынак, запрашалі нас: "Ідзіце іграць!"
Для заслужанага артыста рэспублікі Аляксандра Крамко музыка стала і прызваннем, і работай. Пра гэта ён і расказаў нам, з задавальненнем адгукнуўшыся на "голас" з радзімы:
- Ужо з двух гадоў былі радыёла, пласцінкі... У чатыры гады бабуля з дзядулем купілі мне акардэон. Да вечара падабраў на ім пару мелодый. Праз тыдзень - іграў усё, што чуў. Калі паступаў у музычную школу (у той жа год, што і ў першы клас агульнаадукацыйнай школы), то даў "канцэрт" на 40 мінут. Уладзімір Васільевіч Таран быў тады дырэктарам музшколы. Я нотаў не ведаў, а з літарамі быў знаёмы. З пяці гадоў быў запісаны ў дзіцячую бібліятэку. Маім выкладчыкам па музыцы ўсе пяць гадоў быў Яўген Уладзіслававіч Драбышэўскі. Пазней вучыўся і ва Уладзіміра Васільевіча Тарана, які потым паехаў са Стоўбцаў і стаў дырэктарам культасветвучылішча (цяпер - каледжа мастацтваў). Пасля каледжа мастацтваў паступіў у інстытут культуры. У арміі служыў у ваенным аркестры. Аднаго акардэона мне мала, таму іграў на розных інструментах...
Пасля арміі таленавітаму стаўбчаніну паступіла шмат цікавых прапаноў, ды ён выбраў запрашэнне кіраўніка аркестра імя І. Жыновіча Міхаіла Антонавіча Казінца, і вось ужо чвэрць стагоддзя з'яўляецца нязменным членам калектыву.
Асаблівасць аркестра ў тым, што ён іграе розную музыку. З падачы Аляксандра Крамко ў ім загучалі дудкі, дуды, акарыны. У яго складзе працуюць розныя фальклорныя, змешаныя групы. Аляксандр Яўгенавіч сам піша музыку, аранжыроўкі. У 2000 годзе закончыў магістратуру пры Акадэміі музыкі па дырыжыраванні і ўжо 10 гадоў з'яўляецца другім дырыжорам у аркестры. З творцам Аляксандрам Крамко працавалі і цесна працуюць многія вядомыя артысты, кампазітары, такія як Ігар Лучанок, ансамбль "Песняры", Надзея Мікуліч, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Якаў Навуменка, Пётр Ялфімаў, Ігар Задарожны, Марына Васілеўская, Наталля Салава і іншыя. Унутры аркестра ёсць ансамбль, які іграе папулярную інструментальную музыку, музыку з кінафільмаў. "Публіка вельмі любіць яе слухаць, таму што ў Беларусі больш ніхто такой музыкі не іграе", - падкрэслівае мой суразмоўца.
Акрамя таго, Аляксандр Крамко - дацэнт, выкладчык кафедры духавой музыкі "Народныя інструменты" ва ўніверсітэце культуры. Яго студэнты іграюць у вядомых "Харошках", у аркестры імя І. Жыновіча і гастралююць па ўсёй Беларусі. А дом знакамітага артыста са Стоўбцаў нагадвае музей музычных інструментаў. У калекцыі - паўсотні індыйскіх, кітайскіх, перуанскіх і іншых экзатычных інструментаў, струнных і народных, прывезеных з гастроляў.






