мобильная версия
Прамень

Будучае за сучаснымі комплексамі

Нумар - №16-18    Рубрыка - Сельская гаспадарка

27.01.2012

Фотография 1

Па 9459 кілаграмаў малака ад каровы надаілі летась аператары машыннага даення МТФ "Вялікі Двор" аднайменнага сельскагаспадарчага таварыства. Завіхаюцца на новай ферме чатыры аператары машыннага даення. Галоўны заатэхнік Міхаіл Мікуліч даводзіць, што працуюць тут лепшыя сярод лепшых - Ірына Ціменка, Людміла Марзалюк і дзве Наталлі - Мяшок і Хмель, якія цалкам апраўдваюць аказаны ім кіраўніцтвам давер.

- Спачатку даяркам было нялёгка асвойваць новую тэхналогію, але паціху ўсё наладзілася і сёння жанчыны з задавальненнем ідуць на працу, - гаворыць Міхаіл Барысавіч. - Малако адсюль паступае на малакаперапрацоўчыя заводы толькі гатункам "экстра", бо жывёлаводы строга прытрымліваюцца правілаў машыннага даення.

Высокі надой,  атрыманы ўвогуле па гаспадарцы, а гэта 7796 кілаграмаў малака ад кожнай каровы, - лепшы вынік у раёне, дасягнуты менавіта дзякуючы важкай прыбаўцы на новай ферме. Ад кароў з абодвух  памяшканняў, якія  практычна запоўнены, тут надойваюць на 30 працэнтаў больш, чым на старых фермах у Асіпаўшчыне і Падлессі, бо створаны для жывёлы камфортныя ўмовы ўтрымання. Рагулі вольна пачуваюць сябе, калі захочуць, выйдуць на прагулку ў выгульны двор, прылягуць адпачыць або падыдуць да кармавога стала, на якім заўсёды ляжаць кармы.

- Жывёла на гэтай ферме практычна не хварэе, за мінулы год па розных прычынах выбыла толькі дванаццаць галоў, - дадае галоўны заатэхнік. - З дапамогаю камп'ютара мы бачым колькі карова дала малака раніцаю і вечарам, за тыдзень, месяц і з пачатку лактацыі. Асабліва важна ведаць гэта кожны дзень, каб адследжваць прычыны, па якіх змяншаецца надой, і своечасова іх ухіліць.

Галоўны спецыяліст упэўнены, што за такімі малочнымі комплексамі будучае. Таварыству патрэбны яшчэ, як мінімум, два такія ж жывёлагадоўчыя памяшканні, каб размясціць увесь дойны статак. Тады малочная галіна будзе працаваць яшчэ больш эфектыўна. Напрыканцы мінулага года, недалёка ад новай фермы, работнікі ПМК-233 прыступілі да будаўніцтва цэха сухастою на 320 галоў, з радзільным аддзяленнем і прафілакторыем для нованароджаных цялят. Тут будуць раздойвацца і навацельныя каровы. Ёсць спадзяванні, што восенню будаўнічыя работы завершацца.

Работнікі мясной галіны таксама спрацавалі ў гаспадарцы на ўзроўні, лідзіруюць у раёне па сярэднясутачных прывагах - атрымана на вырошчванні і адкорме па 708 грамаў, а на комплексе - па 822 грамы. Сярэдняя здатачная вага аднаго бычка - 430 кілаграмаў. Аднак, па словах Міхаіла Мікуліча, можна дабівацца і кілаграмовых сярэднясутачных прываг. І ў даным накірунку вядзецца мэтанакіраваная работа. У памяшканнях па адкорме буйной рагатай жывёлы зрабілі рэканструкцыю для  паляпшэння мікраклімату, замянілі водапаенне. Асноўныя вытворчыя працэсы тут выконваюцца механізавана. Балансуюцца рацыёны для розных узроставых груп па пажыўных рэчывах, закупляюцца розныя дабаўкі. Працуе лінія па вытворчасці камбікорму, разлічаная на прыгатаванне 10 тон прадукцыі ў суткі. У выніку  камбікорм атрымліваецца ўдвая таннейшы за пакупны. Закупляюць яго толькі для маленькіх цялятак першага перыяду вырошчвання.

- З кармамі ў нас увогуле няма праблем, як для малочнага статка, так і для мяснога, бо нарыхтавалі іх на зімоўку ў дастатковай колькасці, - падводзіць рысу галоўны заатэхнік. - З дысцыплінай усё ў парадку. Ёсць і рэзервы далейшага павелічэння паказчыкаў у малочнай жывёлагадоўлі, менавіта за кошт паляпшэння аднаўленчай работы, рацыёнаў і якасці кармоў. Задача мінімум - замацавацца на дасягнутым, а максімум - падрасці на 6 - 8 працэнтаў.

На здымку: аператары машыннага даення Наталля Мяшок і Наталля Хмель (на пярэднім плане) падчас работы ў даільнай зале.

Надзея БАТАЛКА