Навіны Стаўбцоўшчыны
Нумар - №16-18 Рубрыка - Раённыя навіны
27.01.2012

СПРАВА НА 100 МІЛЬЁНАЎ
Уласнымі рукамі работнікі ТАА "Стоўбцыгазбуд" змайстравалі ўстаноўку для бестраншэйнай пракладкі газаправодаў пад аўтамабільнымі дарогамі і вуліцамі.
- Можна было набыць такую ўстаноўку за 100 мільёнаў рублёў, але нашы спецыялісты сэканомілі гэтую суму прадпрыемству, - адзначыў дырэктар Пётр Жыткоўскі.
За ініцыятыву, укаранёную ў навацыю, кіраўніцтва заахвоціла групу работнікаў на чале з галоўным інжынерам Валерыем Капяльянам. Варта сказаць, што стаж Валерыя Іванавіча ў Стоўбцыгазбудзе складае амаль тры дзясяткі гадоў.
СЕМ РЭЙСАЎ СА СТАЛІЦЫ
З новага года па маршруце Стоўбцы - Мінск штодзённа адпраўляецца сем аўтобусных рэйсаў і столькі ж - па зваротным маршруце.
У цэлым аўтобусны рух у сталіцу карыстаецца попытам у стаўбчан, пры тым, што дабрацца туды можна і альтэрнатыўным транспартам - электрычкай, у тым ліку хуткаснай. Кожны пасажыр выбірае тое, што яму зручней, а аўтапарк імкнецца задаволіць яго патрэбы і працаваць без страт. У сувязі з малой колькасцю пасажыраў (калі паездка не кампенсуе выдаткаў на паліва) былі аб'яднаны ў адзін два ранішнія рэйсы на Мінск (на 06.30 і 07.10). Адпраўляецца аўтобус цяпер у 06.50. Змены, хутчэй за ўсё, закрануць і малалюдны пятнічны рэйс адпраўленнем у 16.40.
ЗІМА ВЫПРАБОЎВАЕ
У сувязі з пагоднымі ўмовамі прайшло пазапланавае пасяджэнне раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях. Вызначана рабочая група па ліквідацыі наступстваў моцных снегападаў, акрэслены першачарговыя задачы.
Як паведаміў намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Полацкі, абстаноўка на Стаўбцоўшчыне застаецца стабільнай. Па апошніх даных, усе цепла- і энергасеткі працуюць без аварыйных сітуацый. Дарожныя арганізацыі, камунальная служба ва ўзмоцненым варыянце вядуць ачыстку дарог. Для гэтага ёсць тэхніка і неабходны запас паліва, наладжана кругласутачнае дзяжурства спецыялістаў на месцах.
Задачы па аператыўнай ліквідацыі наступстваў непагадзі лепш за ўсё вырашаць агульнымі намаганнямі. У сувязі з гэтым прагучала просьба да кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў - аказаць дапамогу па расчыстцы вуліц у сельскіх населеных пунктах, а таксама праездаў да пажарных водакрыніц. Акрамя таго, усім кіраўнікам суб'ектаў гаспадарання неабходна арганізаваць работу на такім важным участку як ачыстка дахаў пабудоў ад снегу і лёду. Расслабляцца ніяк нельга, таму што ўслед за снегападамі прыходзяць моцныя маразы.
Кіраўнікі арганізацый павінны неадкладна паведамляць усю інфармацыю аб аварыях ці надзвычайных сітуацыях у цэнтр аператыўнага кіравання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па тэл. 101 або 5-54-47.
РАДУЕ, КАЛІ Ў СТАТЫСТЫЦЫ - НУЛЬ
Падведзены вынікі агляду супрацьпажарнага стану жылых дамоў на Стаўбцоўшчыне ў 2011 годзе.
Першае месца прысуджана Вішнявецкаму сельвыканкаму, дзе летась не было зафіксавана ніводнага здарэння. Другое месца падзялілі аглядавыя камісіі пры выканкамах Літвенскага і Навасвержанскага сельскіх Саветаў, трэцяе - пры выканкамах Рубяжэвіцкага і Хатаўскога сельскіх Саветаў.
- У названых сельсаветах зніжана колькасць пажараў і не дапушчана гібелі людзей на іх, - падкрэсліў інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Сіткевіч. - Затое ўзрасла колькасць пажараў у Аталезскім, Заямнаўскім, Шашкоўскім, Наваколасаўскім, Налібацкім сельсаветах.
Як вядома, летась у раёне адбыўся 61 пажар, на чатырох з іх (у Малой Гуменаўшчыне, Наваколасаве, Заямным і Аталезі) загінулі пяцёра чалавек. У цэлым у раёне абследавана ў ходзе гадавога агляду супрацьпажарнага стану 22 367 жылых дамоў і 248 кватэр з абучэннем іх домаўладальнікаў навыкам асцярожнага абыходжання з агнём. У кінатэатры "Беларусь", сельскіх дамах культуры прадэманстравана 186 кінасеансаў, праведзена 229 кіналекторыяў на супрацьпажарную тэматыку. У населеных пунктах раёна прайшлі 182 сельскія сходы. У дамах маламаёмных грамадзян раёна ўстаноўлены 971 аўтаномны пажарны апавяшчальнік.
ПЕРАВАГА АЙЧЫННЫМ
Машынна-трактарны парк ААТ "Вялікі Двор" летась істотна папоўніўся новай тэхнікай.
Набылі тры трактары "МТЗ-82": адзін за ўласныя грошы, другі - у лізінг, а трэці за высокую культуру земляробства атрамалі ад аблвыканкама. Купілі кормаўборачны камбайн КГ-6 "Палессе", з дапамогаю якога ўбралі ўсе 370 гектараў кукурузы. Камбайн добра зарэкамендаваў сябе на палетках і з поспехам замяшчае імпартны такога ж класа, да таго ж ён таннейшы па цане за замежны. Улічваючы патрэбу ў падобнай тэхніцы, кіраўніцтва вырашыла набыць яшчэ адзін камбайн і напрыканцы мінулага года пералічыла грошы заводу-вытворцу. З глебаапрацоўчых агрэгатаў перавагу аддалі таксама айчыннаму дыскатару з шырынёй захопу 7,5 метра. Такая тэхніка выпускаецца на ААТ "Бабруйскаграмаш". А вось сеялку для сяўбы цукровых буракоў купілі імпартную. У бліжэйшай перспектыве абнавіць і транспартныя прычэпы.






