Паясы Марыі Вырастка
Нумар - №16-18 Рубрыка - Людзі і лёсы
27.01.2012


У гэты вясковы дом у Прудах часта заходзяць людзі. Ды якія! Навуковыя супрацоўнікі з Мінска, студэнты мастацкіх вышэйшых навучальных устаноў. 78-гадовая Марыя Вырастка прымае ўсіх, паказвае свой скарб - саматканыя коўдры, посцілкі, вышываныя ручнікі, пакрывалы на падушкі. І паясы - да іх асаблівы інтарэс. І не толькі паказвае, але і майстар-клас правядзе, пакажа як зрабіць рукамі пояс. Нас у хаце Марыі Іосіфаўны зацікавіў і яшчэ адзін твор мастацтва - даўняя самаробная шафа. Найпрыгажэйшая рэч! Для сённяшніх аматараў даўніны такая мэбля мае неацэннае багацце. Любуючыся на прыгожыя вышытыя і тканыя рэчы, саграваючыся цяплом, якое ад іх зыходзіць, мы пытаемся ў Марыі Іосіфаўны, хто яе навучыў такому майстэрству?
- Некалі мама ткала, але без узораў, - расказвае майстрыха. - Узоры я асвоіла сама, палічу, колькі нітак трэба каляровых, і зраблю любы ўзор. Я б і цяпер такія пакрывалы на падушкі зрабіла, але ўжо зрок не той. Ды і рукі не так служаць, як у маладосці.
- А паясы як сумелі захаваць да гэтага часу?
- З паясамі ў мяне звязаны асаблівыя ўспаміны. У маладосці сватаўся да мяне хлопец суседскі. Было назначана вяселле. Але вось бяда - у чацвер перад суботай, калі меліся заключыць шлюб, ён трагічна загінуў. І засталося ўсё маё прыданае, зробленае маімі рукамі. Бацька наш загінуў у вайну, маці пяцярых нас (усе дочкі) ставіла на ногі. Пасаг быў толькі той, што наткалі і вышылі сваімі рукамі. Некалі прытрымліваліся звычаяў. На вяселлі гралі музыкі на цымбалах. Было заведзена - кінуць ім пояс. На кані маладых везлі - таксама трэба пояс. Прыйшла маладая ў хату да бацькоў жаніха - зноў трэба пояс. Потым нарадзілася дзіця, гэтым поясам спавівалі немаўля.
- І калі быў час рабіць такую прыгажосць?
- Некалі ж як кароў пасвілі ў карты не гулялі. Іду пасвіць, з сабою бяру ніткі, станочак самаробны на паясы - і цэлы дзень працую. Як здарылася няшчасце з маім жаніхом, я засталася жыць з маці. Сваімі рукамі не толькі паясы рабіла, коўдры ткала, шыла (і іншых абшывала), але і дом гэты будавала. У вайну вёска нашая была спалена, наш дом таксама згарэў. На гэтым месцы, дзе мая бацькаўшчына, мы з мамай адбудавалі новы дом, вось гэты, у якім я вас прымаю. Прыйшлося і лес самім валіць, і дошкі габляваць, іншую мужчынскую работу выконваць. Усё вось гэтымі рукамі. Так што не толькі тонкую работу ім выпала тварыць. У паляводстве ў калгасе працавала, дзе таксама сілы патрэбныя былі. І гаспадарку дамашнюю трымала.
- Марыя Іосіфаўна, у вас фотаздымкі дзяцей на сцяне.
- Думала, што замуж ніколі не пайду. 15 гадоў пасля таго, што здарылася, з мамай жыла. Але Бог паслаў добрага чалавека. Нарадзілася ў мяне дачка, маю ўнука, жывуць яны ў Стоўбцах. Канешне, радасць мне ад іх, і падтрымка ў старасці.
Паясы Марыі Вырастка і цяпер упрыгожваюць выставы народнай мастацкай творчасці. Скарб нацыі - і гэтыя рэчы, і самі людзі, якія іх стварылі.
Васіль ЗЯНЬКО (фота)






