Працуюць разам
Нумар - №16-18 Рубрыка - Сельская гаспадарка
27.01.2012

Самы высокі вынік па надоях малака ад каровы ў ААТ "Жацерава" атрымала аператар машыннага даення Алена Карэпанава - 7418 кілаграмаў. Прыбаўка да леташняга паказчыка склала паўтоны. Алена Вячаславаўна завіхаецца на МТФ "Горкі". Яна не навічок у жывёлагадоўлі. Прыехала працаваць у таварыства пяць гадоў назад. Жанчына і да гэтага мела немалы працоўны стаж па абранай спецыяльнасці. Разам працуе на ферме слесарам і яе муж Аляксей Сторажаў.
- Добрасумленныя, старанныя работнікі, - адзначыла галоўны заатэхнік Ларыса Дзясятнік. - Дапамагаюць адно аднаму выконваць ускладзеныя на іх абавязкі - стварыўся своеасаблівы сямейны падрад. І вынікі маюць высокія.
Пераехала сям'я ў Горкі з Казахстана. Алена Вячаславаўна расказвае, што жыць там было нялёгка, па паўгода зарплату не плацілі. Таму вымушаны былі змяніць месца жыхарства. І паехалі спачатку на Віцебшчыну, да сястры. Але работу па спецыяльнасці ў адной з тамтэйшых гаспадарак ёй не прадаставілі, а свінаркай пайсці не згадзілася. А тут якраз на вочы трапіла аб'ява аб тым, што ў ААТ "Жацерава" патрабуюцца на работу жывёлаводы. Наведаліся да кіраўніка, пагутарылі. Умовы працы задаволілі. Адразу ж па прыездзе атрымалі новы дом з усімі выгодамі.
- Мы задаволены, што прыехалі жыць і працаваць менавіта ў гэтую гаспадарку - адну з лепшых у раёне, - расказвае Алена Карэпанава. - Вёска перспектыўная, пабудаваны аграгарадок. Жывуць тут шчырыя людзі, ужо з першых дзён мы адчувалі іх падтрымку. У нас добрыя суседзі, з якімі ладзім. На рабоце справы ідуць сваім парадкам, прыходзіцца нямала парупіцца, каб накарміць і падаіць жывёлу. Але старанне нашае не праходзіць дарэмна - мы атрымліваем высокую заработную плату.
І на падвор'і Карэпанавы трымаюць хатнюю жывёлу, стараюцца, каб у сям'і быў дастатак.






